Лютаўская рэвалюцыя пачалася як стыхійны парыў народных мас, але яе поспеху спрыяў і востры палітычны крызіс у вярхах, рэзкая незадаволенасць ліберальна-буржуазных колаў аднаасобнай палітыкай цара. Хлебныя бунты, антываенныя мітынгі, дэманстрацыі, забастоўкі на прамысловых прадпрыемствах горада наклаліся на незадаволенасць і неспакой сярод шматтысячнага сталічнага гарнізона, які далучыўся да рэвалюцыйных мас, што выйшлі на вуліцы.
Развіццё падзей
27 лютага (12 сакавіка) 1917 года ўсеагульны страйк перарос ва ўзброенае паўстанне. Войскі, якія перайшлі на бок паўстанцаў, занялі найважнейшыя пункты горада, урадавыя будынкі. У дадзеным становішчы царскі ўрад выявіў няздольнасць да хуткіх і рашучых дзеянняў. Разрозненыя і нешматлікія сілы захоўвалі вернасць манарху, аднак аказаліся не ў стане самастойна справіцца з анархіяй, якая ахапіла сталіцу, а некалькі часцей, знятых з фронту дзеля здушэння паўстання, не здолелі прабіцца да горада.
Непасрэдным вынікам Лютаўскай рэвалюцыі стала адрачэнне ад пасады Мікалая II, спыненне панавання дынастыі Раманавых і фармаванне Часовага ўрада пад кіраўніцтвам князя Георгія Львова. Гэты ўрад быў цесна звязаны з буржуазнымі грамадскімі арганізацыямі, якія ўзніклі ў гады вайны, як то Усерасійскі земскі саюз, Гарадскі саюз, Цэнтральны ваенна-прамысловы камітэт. Часовы ўрад злучыў заканадаўчую і выканаўчую ўладу, замяніўшы цара, Дзяржаўны савет, Думу і Савет міністраў. У сваёй Дэкларацыі Часовы ўрад аб’явіў амністыю палітычным зняволеным, грамадзянскія свабоды, замену паліцыі «народнай міліцыяй», рэформу мясцовага самакіравання[3].
Практычна адначасова рэвалюцыйна-дэмакратычнымі сіламі быў сфармаваны паралельны орган улады — Петраградскі савет, што прывяло да сітуацыі, вядомай як двоеўладдзе. 1 (14) сакавіка 1917 года новая ўлада была ўсталявана ў Маскве, на працягу сакавіка — па ўсёй краіне.