Дагавор ўсталяваў новыя межы Турцыі, юрыдычна аформіўшы распад Асманскай імперыі і замацаваўшы тэрыторыю Турцыі ў яе сучасных межах. Дагавор абвяшчаў мір паміж Турцыяй і дзяржавамі Антанты. Турцыя захавала за сабой Усходнюю Фракію, Ізмір і іншыя тэрыторыі, адабраныя ад яе па Сеўрскім мірным дагаворы 1920 года. У той жа час, Турцыя адмовілася ад прэтэнзій і страціла кантроль над Аравіяй, Егіптам, Суданам, Трыпалітаніяй, Кірэнаікай, Месапатаміяй, Палестынай, Трансіарданіяй, Ліванам і Сірыяй, астравамі ў Эгейскім моры (Лемнас, Саматракі, Лесбас, Хіёс, Самас, Ікарыя). Мяжа ў Фракіі была ўстаноўлена па лініі ракі Марыца.
Рашэнне пытання аб мяжы з Іракам і, адпаведна, кантролі над нафтаносным раёнам Масул, адкладалася да вызначэння яе Турцыяй і Вялікабрытаніяй, а пры недасягненні згоды на працягу 9 месяцаў перадавалася ў Лігу Нацый (гл. Масульскі канфлікт).
Дагавор адмяніў рэжым капітуляцый (эканамічных і палітычных прывілеяў замежнікаў) у Турцыі і міжнародны фінансавы кантроль над Турцыяй. Турцыя згаджалася на выплату часткі Атаманскага доўгу (знешняга доўгу Асманскай імперыі). Атаманскі доўг размяркоўваўся паміж Турцыяй і тымі дзяржавамі, на карысць якіх была аддзеленая ад Асманскай імперыі тэрыторыя ў выніку войнаў 1912-1923 гадоў. Атаманская доўг павінен быў пагашацца ў роўных долях на працягу 20 гадоў.