Назва Гарадзея паходзіць ад рачной назвы, адпачатная форма якой — *Gardēja.
Канчатак -ейка часта прысутны на месцы ранейшага балцкага -ēja (як у падняпроўскіх гідронімах Вядзейка — Vedēja, Мярэйка — Merēja, Рыпейка — Rupēja)[4].
Корань той жа, што і ў літоўскіх гідронімах Gardinas, Gardena, Garduva, Gardė, Gard-upis, латышскіх Gard-upe, Gardena, Gardauņa[5]. На Верхнім Павоччы той жа корань Gard- у балцкім гідроніме Гардата́ (з прытокам Аката́ з такім жа балцкім гідранімічным суфіксам -at-)[6]. На Панёманні той жа корань Gard- у гідроніме Горадзен (> Гараднічанка), ад якога назва Гродна.
Балцкі гідранімічны корань Gard- звязаны з індаеўрапейскім *gherd- "ахопліваць; агароджваць" (ад карацейшага *gher- "хапаць, абдымаць")[7]. Ад яго таксама і праславянскае *gordъ "горад (агароджанае месца)", літоўскае gardas "загарода (для свойскай жывёлы)".
Назвы Гарадзея, Горадзен з таго ж семантычнага шэрагу, што і балцкія гідронімы тыпу Жлобін, Гамея (> Гамяюк), якія ўрэшце ўзыходзяць да каранёў *gleb(h)- "сціскаць", *gem- "хапаць, сціскаць". Такія назвы адлюстроўваюць канфігурацыйныя асаблівасці адпаведнай ракі ці возера[8].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню згадваецца ў 1530 годзе ў сувязі са скаргай Васіля і Льва Чыжоў разам з Бейнаровічамі і Пратасовічамі на пана С. Ільініча, які чыніў разбой на тэрыторыі іх маёнткаў Гарадзея і Астраўкі. З 1575 года ўласнасць Радзівілаў.
У складзе Расійскай імперыі
У XIX ст. вёска пад назвай Горная Гарадзея, цэнтр воласці Навагрудскага павета. З пабудовай Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (1871) — станцыя.
У 1-ю сусветную вайну з 1915 года апынулася ў прыфрантавой паласе, называлася Замір’е (ад імя маёнтка князя Вітгенштэйна, які знаходзіўся на поўнач, уздоўж шляху на Мір). У маі-чэрвені 1917 года ў Замір’і адбыліся мітынгі і маніфестацыі працоўных і салдат з патрабаваннем роспуску Дзяржаўнай Думы і ўлады Саветам. Дзейнічалі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і арганізацыя РСДРП(б), якая ў верасні 1917 года налічвала 135 чал.
Найноўшы час
Савецкая ўлада была ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года. З лютага да снежня 1918 года Гарадзея акупіравана войскамі Германіі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Члены падпольнай бальшавіцкай арганізацыі займаліся агітацыяй, перашкаджалі вывозіць у Германію нарабаваную маёмасць і прадукты. Летам і восенню 1918 года ў раёне Гарадзеі дзейнічалі партызанскія атрады. У канцы 1918 года станцыя і паселішчы вакол яе заняты Чырвонай Арміяй. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б у складзе БССР, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Гаро́дзяя, н.. Гаро́дзей, м.. Гарадзе́й, м.
Гарадзе́я // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 208. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.