Адно з найбольш распаўсюджаных тлумачэнняў назвы ракі і мясціны заснавана на слове «вязаць». Магчыма, мелася на ўвазе месца, дзе ў старыя часы вязалі плыты (для сплаву па рэчцы) ці плоты. Іншая версія бачыць крыніцу сучаснай назвы вёскі ў вязах, што ў вялікай колькасці раслі ў наваколлі.[4]
Першая пісьмовая згадка пра Вязынку датаваная 1528 годам.[7][8] Фальварак Вязынка Менскага павета да 1815 года належаў сям'і Пшаздзецкіх (Przeździecki), а потым — Замбржыцкім (Zambrzycki).[9] Станіслаў Замбржыцкі (1823—1907) — беларускі краязнавец, фалькларыст, з сям'і беларускіх шляхціцаў. Паколькі быў інвалідам, здаваў свой фальварак у арэнду. Замбржыцкі захапляўся вывучэннем мясцовых курганаў і першым апісаў гарадзішча ў Вязынцы.[10] У 1909 годзе ў фальварку было чатыры двары і 26 жыхароў.[9]
У 1920—1930-я гады тут жыла беларускі этнограф і фалькларыст А. І. Свіневіч, якая збірала народныя песні ў наваколлі, арганізоўвала ў Маладзечна, Радашковічах, Вільні выстаўкі беларускіх тканін і нацыянальнага адзення, даследавала творчасць А. Міцкевіча.[7]
Аснову сучаснай забудовы Вязынкі складаюць старыя дамы сядзібнага тыпу, але апошнім часам з'явілася цэлая вуліца сучасных катэджаў. Цэнтральная вуліца вёскі асфальтаваная, на астатніх вуліцах — гравійнае пакрыццё. Вязынка не мае цэнтральных камунальных камунікацый — вадой жыхароў забяспечваюць свідравіны і калодзежы. Каналізацыя мясцовая. Прыродны газ да вёскі не падведзены. Вязынка забяспечана асноўнымі аб'ектамі сацыяльнай інфраструктуры: у вёсцы працуюць школа, амбулаторыя, паштовае аддзяленне, бібліятэка.[12]
Вязынка і Янка Купала
«У хатцы маленькай радзіўся паэт, Дзе чадна дыміла лучына. Раз першы адгэтуль ён глянуў на свет Праз вокны вось гэтай хаціны».
Канстанцыя Буйло «У Вязынцы»
Вязынка — малая радзіма Янкі Купалы. Пасля пераезду ў 1881 годзе з Паморшчыны бацька будучага паэта Дамінік Луцэвіч разам са сваім братам Міхалам арандаваў зямлю ў Вязынцы ў Станіслава Замбржыцкага. У Вязынцы тады жылі родзічыЯнкі Купалыпа бацьку: дзядзькі Антон, Юльян, Міхал і Адам, бабуля Валерыя, цёткі Марыя, Эмілія і Садалія Луцэвічы.[2] У Вязынцы 7 ліпеня (25 чэрвеня паводле старога стылю) 1882 года ў сям'і Дамініка Луцэвіча і Бянігны Валасевіч нарадзіўся сын Янка, будучы паэт Янка Купала. Прабыла ў Вязынцы пасля нараджэння Янкі сям'я Луцэвічаў няпоўны год — пасля заканчэння арэнды Луцэвічы пераехалі ў 1883 годзе ў маёнтак Юзафова.[9][13]
Купалаўскі мемарыяльны запаведнік і філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы
Філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы з'яўляецца першай і найбольш вядомай з усіх філіяў музея. Утворана ў жніўні 1945 года[14]. Ініцыятарам увекавечання месца, дзе нарадзіўся вялікі беларускі паэт, была яго жонка і першы дырэктар музея Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч.[4] Мемарыяльная дошка была ўсталявана на доме паэта 30 чэрвеня1946 года[2]. Філіял музея адкрыўся для наведвальнікаў 20 чэрвеня1948 года.
Агульная плошча будынкаў філіяла музея (хата, свіран, хатка дваровых) — больш за 230 м². Плошча экспазіцыі — 185 м².[5] Экспазіцыя складаецца з мемарыяльнай і гісторыка-літаратурнай часткаў.
У мемарыяльнай частцы філіяла музея ўзноўлены інтэр'ер сялянскай хаты канца 19 стагоддзя (печ, мэбля, калыска, хадунок, посуд), экспануюцца асабістыя рэчы бацькоў Янкі Купалы. З дапамогай навуковых архіўных апісанняў, успамінаў сучаснікаў, фотаздымкаў, чарцяжоў і планаў тут усё ўзноўлена ў такім выглядзе, як гэта было ў гады жыцця маладой сям'і Луцэвічаў.[15]
У другой палове хаты, дзе некалі жыў брат паэта Міхал, створана гісторыка-літаратурная экспазіцыя аб дзяцінстве і юнацтве будучага першага народнага паэта Беларусі (абноўлена ў 2002 годзе). Тут зберагаюцца аўтабіяграфічныя матэрыялы, рукапісы, кнігі, копіі архіўных дакументаў, фотаздымкі, графічныя працы мастакоў Э. Агуновіча, Я. Раманоўскага, В. Шаранговіча, якія распавядаюць пра сям'ю Луцэвічаў, дзіцячыя, юнацкія гады і пачатак літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. У экспазіцыі прадстаўленыя радавод Луцэвічаў да 17 стагоддзя, адноўлены дзедам паэта Ануфрыем, і герб «Навіна», які належаў роду Луцэвічаў.[5]
У мемарыяльным запаведніку захаваны натуральны ландшафт і планіроўка былой сядзібы, а таксама найбольш старыя дрэвы. Акрамя хаты, ў якой нарадзіўся Янка Купала, захаваныя хатка дваровых, сажалка, крыніца, частка фруктовага саду, ліпавая алея, якая вяла да сядзібнага дома Замбржыцкіх. На тэрыторыі запаведніку можна ўбачыць мемарыяльныя валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў паэта, дуброву, пасаджаную беларускімі пісьменнікамі да стагоддзя з дня нараджэння песняра, жывую альтанку з ліпаў, канцэртную эстраду, вялікую пляцоўку для правядзення паэтычных святаў, выставак народных майстроў і масавых гулянняў.[5] У цэнтры запаведніку стаіць бронзавы бюст Янкі Купалы (1972 г., скульптар З. Азгур).
У адноўленым будынку свірна з 1992 года дзейнічае этнаграфічная экспазіцыя.[15] У адной палове свірна створана сезонная экспазіцыя «Народныя святы ў творчасці Янкі Купалы». Тут адлюстраваныя народныя звычаі і абрады, апісаныя паэтам і ўвасобленыя ў творах народных майстроў: разьба па дрэве, ткацтва, графічныя работы, вышыўка, салома- і лазапляценне, шыццё, габелены і інш. У другой палове будынку размешчаныя этнаграфічныя артэфакты: кросны, куфры, прылады для апрацоўкі лёну, скрыні для захавання збожжа, мукі і іншыя прылады працы і рэчы хатняга ўжытку.[5]
З 1972 года штогод на тэрыторыі запаведніка ў дзень нараджэння паэта (7 ліпеня) праводзяцца святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, а з 1976 года — традыцыйныя злёты студэнтаў-філолагаў БДУ. Запаведнік уключаны ў шматлікія турыстычныя маршруты.[5]
Штогод Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» наведвае каля 100 тысяч чалавек.[2] Працуе філіял музея штодзень, акрамя панядзелка, з 10 да 17 гадзін.
У мастацтве
«Толькі Вязынку, хату Купалы Наш народ захавае навек, Бо і сёння адгэтуль нямала Пачынаецца песенных рэк».
Аўтамабільная дарога ад Мінска да Вязынкі цалкам асфальтаваная — спачатку гэта маладзечанская шаша, потым 6 км дарогі мясцовага значэння. У вёску рэгулярна ходзяць прыгарадныя аўтобусы і маршрутныя таксі.[12] Да вёскі можна даехаць і па чыгунцы: электрацягніком Мінск—Маладзечна да станцыі «Вязынка».[17]
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Вя́зынь
↑ абвгдеёжЭнцыклапедычны даведнік «Янка Купала». Артыкул «Вязынка». — Мн., БелСЭ, 1986. — С. 137.
↑ абвгдеБеларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4 // Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн., БелЭн, 1997. — С. 341.
↑Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Замбржыцкі» — С. 239.
↑Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 11 кастрычніка 1972 г. Аб перайменаванні вёскі Гурнавічы Валодзькаўскага сельсавета Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, №29 (1367).
↑ абВязынка(нявызн.)(недаступная спасылка). сайт t-s.by (4 лістапада 2011). Архівавана з першакрыніцы 9 ліпеня 2019. Праверана 15 верасня 2016.
↑Содаль, Уладзімір. Вязынкаўскія калыханкі(нявызн.). газета Туризм и отдых (4 лістапада 2011).(недаступная спасылка)
↑Вязынка.(нявызн.)(недаступная спасылка). Літаратурны музей Янкі Купалы (31 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2010. Праверана 15 верасня 2016.
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4 // Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., БелЭн, 1997. — 480 с.: іл. — ISBN 985-11-0090-0 — Артыкул «Вязынка». — С. 341.
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9 // Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., БелЭн, 1999. — 560 с.: іл. — ISBN 985-11-0155-9; Артыкул «Купалаўскі мемарыяльны запаведнік „Вязынка“». — Аўтар — Ж. Дапкюнас. — С. 29.; Артыкул «Купалы Янкі Літаратурнага музея філіял „Вязынка“». — Аўтар — Ж. Дапкюнас. — С. 31-32.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. 537 с.: іл. — ISBN 5-85700-142-0 — Артыкул «Вязынка» / Аўтар — Г. Каханоўскі. — С. 386; Артыкул «Вязынка (гарадзішчы)» / Аўтар — А.Мітрафанаў. — С. 385—386;
Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Вязынка» / Аўтар — Ж. Дапкюнас. — С. 137; Артыкул «Замбржыцкі» / Аўтар — Г.Каханоўскі. — С. 239.
На радзіму Янкі Купалы: Турысц. схема / [Гал. ўпр. геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў СССР; Тэкст Я. Ю. Раманоўская ]. — Мн., 1972.
Каханоўскі Г. А. На запаветнай зямлі: [аб радзіме беларускага пісьменніка Я. Купалы] / Мінскае абласное ўпраўленне культуры, Мінскі абласны краязнаўчы музей. — Мн., 1974.
Вязынка: [Экспазіцыя філіяла музея Янкі Купалы / Тэкст і склад. А. А. Есакова; Маст. У. С. Басалыга. — Мн., 1974.
Вязынка: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік: [Фотаальбом /Тэкст і склад. Л. Т. Хадкевіча; Фота В.Бараноўскага]. — Мн., 1982.
Чырскі М. А. Купалаўскі запаведнік «Вязынка» [Фота В. А. Бараноўскага]. 2-е изд., испр. и доп. — Мн., Полымя, 1986. — 53 с.
Чырскі, М. А. Купалавым гасцінцам: Купал. парк. Вязынка. Ляўкі. Акопы. — Мн., 1996.
Лукша, Ул. Э. Сцежкамі Купалы: Замалёўкі з натуры: Альбом. — Мн., 1997.
Чырскі М.А. Гасцінцам Купалы // Выд. «Універсітэцкае» ― Мн., 2002. ― 36 с.
Яўген Салаўёў. Арарат Яся Луцэвіча(нявызн.)(недаступная спасылка). Народная Воля (8 снежня 2013). Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2016. Праверана 15 верасня 2016.