За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасць Адам Міцкевіч правёў у ссылцы ў цэнтральнай Расіі пяць гадоў, пакінуў Расійскую імперыю ў 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцця ў выгнанні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, затым перабраўшыся ў Парыж, дзе ён стаў прафесарамславянскай літаратуры ў «Калеж дэ Франс». У Парыжы сустракаўся з Фрыдэрыкам Шапенам. Памёр у Канстанцінопалі, куды прыехаў аказваць дапамогу ў арганізацыі польскіх войскаў для барацьбы з Расійскай імперыяй у Крымскай вайне. Яго парэшткі пазней былі перавезеныя ў Вавельскі сабор у Кракаве.
Паходжанне
Бацька пісьменніка выводзіў сябе з шляхецкага роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай», заснавальнікам якога нібыта быў літоўскі баярын Рымвід. Сам Міцкевіч пісаў аб баярыне Рымвідзе ў сваёй «Гражыне». Аднак дваранства Рымвідаў-Міцкевічаў не было прызнана і зацверджана ў Расійскай імперыі, бо яму не было слушных доказаў[11][12]. Паводле некаторых даследчыкаў, бацька паэта паходзіў з заможнага беларускага сялянства[13]. Маці паэта, Барбара, якая мела сястру-блізніцу Марыяну, нарадзілася ў 1768 годзе[14][15], паходзіла з роду Маеўскіх герба «Стары конь», у Наваградскім ваяводстве вядомым з сярэдзіны XVII ст. Яе бацькамі былі Матэвуш Маеўскі, які пад канец жыцця быў эканомам у маёнтку Чомбраў, які належаў Вузлоўскім, і Кацярына-Ганна з Арэшкаў, дачка наваградскага ротмістра Юзафа Арэшкі. Першым вядомым продкам Адама Міцкевіча з роду Маеўскіх лічыцца Казімір Маеўскі, які ў 1650 г. валодаў фальваркам Бердаўка. Памылковая гіпотэза паходжання Барбары Маеўскай ад паслядоўнікаў Якуба Франка папулярызуецца публіцыстамі яўрэйскага паходжання. Ахрышчаны ў Навагрудскім фарным касцёле 12 лютага 1799 года.
Біяграфія
Раннія гады
Атрымаўшы адукацыю ў Навагрудскай дамініканскай школе (1807—1815), паступіў у Віленскі ўніверсітэт (1815). З 1817 удзельнічаў у стварэнні і дзейнасці патрыятычных моладзевых гурткоў філаматаў і філарэтаў, напісаў праграмныя вершы («Ода да маладосці», 1820 і іншыя). Па заканчэнні ўніверсітэта служыў настаўнікам у Коўна (1819—1823).
У кастрычніку 1823 быў арыштаваны ў Вільні па раздутай М. М. Навасільцавым справе філаматаў і заключаны ў турму, якая размяшчалася ў памяшканні былога базыльянскага манастыра Святой Тройцы, дзе правёў некалькі месяцаў. У красавіку 1824 быў выпушчаны з турмы на парукі. У кастрычніку 1824 быў высланы ў выгнанне з Літвы.
У маі 1829 пакінуў Расію раней, чым быў падпісаны загад цара пра забарону выезду. Жыў у Рыме, Швейцарыі.
Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне, спрабаваў выехаць на радзіму. На некалькі месяцаў затрымаўся ў Дрэздэне. Ужо ў Познані даведаўся пра паражэнне паўстання.
З 1832 г. у Парыжы, супрацоўнічаў з дзеячамі польскай і літоўска-беларускай эміграцыі, займаўся палітычнай публіцыстыкай. Разам з І. Лялевелем адзін з лідараў дэмакратычнага крыла эміграцыі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай. З 2 снежня 1832 г. — намеснік старшыні Таварыства літоўскіх і рускіх зямель, у якім 24 верасня 1832 г. выбраны начальнікам гістарычна-літаратурнай секцыі[17]. Рэдагаваў часопіс «Pielgrzym Polski[pl]».
У 1839—1840 гг. прафесар Лазанскага ўніверсітэта, выкладаў; з 1840 узначальваў кафедру славянскіх літаратур у Калеж дэ Франс у Парыжы, стаў першым прафесарам славянскай славеснасці ў гэтай установе. У лекцыях даў высокую ацэнку беларускай мове і фальклору, на якія стала абапіраўся ў мастацкай творчасці[18]:
На беларускай мове, якую называюць русінскай, гавораць каля 10 мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана
У 1841 г. падпаў пад уплыў прапаведніка польскага месіянства[ru]Андрэя Тавянскага. За прапаганду тавянізму французскі ўрад у 1845 г. адхіліў Міцкевіча ад чытання лекцый. У 1848 падчас рэвалюцыі стварыў у Італіі польскі легіён. З 1849 г. зноў у Парыжы, рэдагаваў газету «La Tribune des Peuples[en]». У 1852 г. быў адпраўлены ў адстаўку разам з Жулем Мішле і Эдгарам Кінэ[ru], стаў бібліятэкарам Арсенала.
У красавіку 1855 г. Міцкевіч аўдавеў і ўжо восенню 1855 г. з’ехаў у Канстанцінопаль, маючы намер арганізаваць Новы польскі, а таксама яўрэйскі легіён для дапамогі французам і англічанам у барацьбе з Расіяй. А. Міцкевіч ствараў атрады з ураджэнцаў Рэчы Паспалітай для барацьбы з Расіяй.
Смерць і пахаванне
Памёр у Стамбуле 26 лістапада 1855 года падчас эпідэміі халеры. Перад смерцю сказаў свайму сябру Служальскаму, калі той спытаўся, ці не хоча ён што-небудзь перадаць дзецям: «Няхай любяць адно аднаго», — і праз некалькі хвілін дадаў ледзь чутным шэптам: «Заўсёды!».
Многія біёграфы мяркуюць, што смерць Міцкевіча з’явілася вынікам палітычных інтрыг. Цела паэта было перавезена ў Парыж і пахавана на могілках Манмарансі[pl]. У 1890 перазахаваны ў Саборы Святых Станіслава і Вацлава на ўзгорку Вавель у Кракаве.
Асабістае жыццё
Летам 1820 года[19] Адам Міцкевіч прыехаў разам з Тамашам Занам у Туганавічы, дзе і распачалося наўзаем закаханне ў Марылю Верашчаку (стрыечная сястра Ігната Дамейкі, траюрадная сястра Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касцюшкі). Але каханне было няспраўджанае і няшчаснае. На той момант Марыля Верашчака была ўжо заручоная з графам Ваўжынцам Путкамерам герба Бражаціцы, з якім пабралася шлюбам у 1821 годзе і засталася жыць у маёнтку ў Больцініках. У жніўні 1821 года з нагоды імянінаў каханай Міцкевіча паўстала балада «Свіцязянка». Марылі быў адрасаваны верш «Да М***», упамянуты ў «Баладах і рамансах» і ў IV частцы «Дзядоў»[20].
У 1834 г. ажаніўся з Цалінай Шыманоўскай, якая нарадзіла яму 6 дзяцей: дачок Марыю і Хелену, а таксама сыноў Уладзіслава (1838—1926) — вядомага дзеяча польскай эміграцыі, Юзафа (1850—1938), Аляксандра і Яна.
Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» Адама Міцкевіча. Выдадзены Юзафам Завадскім першы вершаваны зборнік «Паэзія» (польск.: «Poezje», т. 1, Вільна, 1822) уключаў «Балады і рамансы[pl]» і прадмову «Аб рамантычнай паэзіі» (польск.: «O poezji romantycznej»), стаў маніфестам рамантычнага кірунку ў польскай літаратуры.
У другі том «Паэзіі» (1823) увайшлі рамантычная ліраэпічная паэма «Гражына» і часткі 2 і 4 драматычнай паэмы «Дзяды». У Расіі выйшла кніга «Санеты» (1826), якая ўключыла цыкл «Крымскіх санетаў[pl]» з вобразам героя-пілігрыма, які сумуе пра пакінутую радзіму, і новымі для польскай паэзіі ўсходнімі матывамі.
Сярод твораў гэтых зборнікаў сусветна вядомыя «Люблю я!», «Рамантычнасць», «Свіцязь», «Рыбка», сюжэты якіх падказаны беларускімі народнымі паданнямі і песнямі.
У перыяд настаўніцтва Міцкевіч пакахаў прыгажуню Марылю Верашчаку, з якой пазнаёміўся ў 1818 г. у час летніх вакацый, калі гасцяваў у маёнтку Туганавічы непадалёк ад Навагрудка. У той час Марыля была сасватана за графа Путкамера, за якога выйшла замуж у 1821 г. Самыя пяшчотныя лірычныя вершы паэт прысвяціў Марылі. Са з’яўленнем гэтых твораў постаць Міцкевіча ў польскай літаратуры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літаратурнага жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага мастацкага кірунку — рамантызму, асноўныя прынцыпы народнасці і нацыянальнай самабытнасці якога Адам Міцкевіч сфармуляваў у літаратурным маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць[pl]*», 1821), грунтаваліся на беларускім гістарычным і фальклорным матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыятычным пафасам, а ў аснове сюжэта паэмы «Дзяды» — старажытнабеларускі язычніцкі абрад памінання продкаў.
Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці Адама Міцкевіча знайшлі адлюстраванне яго грамадска-палітычныя погляды на гісторыю і лёс роднага края, ролю нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў гістарычным працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1817) створаны рамантычны вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асноўнай тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс…», «Картофля[pl]» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага края, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыятычнага абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў[pl]», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нацыянальна-вызваленчы пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва.
У перыяд расійскай ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыятычных пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусветнай літаратуры. У іх паэтычнае майстэрства Адама Міцкевіча дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гістарычнага змагання старажытных ліцвінаў супраць крыжакоў.
У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне Адам Міцкевіч пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардона[pl]», а таксама 3-ю частку драматычнай паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства[pl]» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрапейскіх народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны мастацкі твор А. Міцкевіча, вялікая нацыянальная эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясцовай шляхты, дадзены шырокая панарама народнага жыцця на Беларусі пачатку ХІХ стагоддзя, яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы.
Мастацкая спадчына Адама Міцкевіча завяршаецца невялікім цыклам «лазанскай» лірыкі[pl] («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі славянскіх літаратур.
Многія творы Міцкевіча сталі агульнапрынятымі сімваламі вызваленчага руху на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, «Ода да маладосці» была ўспрынята як маніфест паўстання 1830—1831. Пасля напісання ў віленска-ковенскі перыяд паэм «Гражына» і «Дзяды» постаць Міцкевіча выйшла на першы план у польскамоўнай літаратуры.
Мова Міцкевіча
Мова Адама Міцкевіча з’яўляецца ў вялікай ступені мовай шляхты[21] ў Беларусі і Літве, да якой належаў сам паэт і якая з пункту гледжання граматычнай сістэмы і лексічных рэсурсаў мае ў сабе мноства беларускіх элементаў, якія ўзыходзяць да мясцовых беларускіх гаворак[22]. У сваёй творчасці правінцыялізм паэт уводзіў мэтанакіравана, тым самым падкрэсліваючы сваю лакальную асаблівасць. Доктар філалагічных навук і прафесар БДУ Мікалай Хаўстовіч адзначае, што мову сваіх твораў Міцкевіч называў польскай, зрэдку — «літвінскай»[23].
Многія навукоўцы, як гісторыкі літаратуры, так і мовазнаўцы згаджаюцца з тым, што складана казаць пра мову паэта як пра мастацкі сродак, пакуль не будзе вывучаны аб’ём і характар яго правінцыялізмаў[21]. Прафесар Універсітэта імя Адама МіцкевічаСтаніслаў Дабжыцкі[pl] ў сваёй працы «Некалькі назіранняў за мовай Міцкевіча» зарэгістраваў шматлікія моўныя факты, якія сустракаюцца ў творах Міцкевіча, якія выходзяць за межы літаратурнай польскай мовы[24].
Язэп Лёсік крытычна адгукаўся аб ягонай творчасці: «Міцкевіч і Сыракомля былі беларусы і ведалі, што яны беларусы, але калі яны гаварылі і пісалі па-польску, то ўся праца іх пайшла на багацце і пыху польскага народу. „Хто любіць Айца Нябеснага, а бліжняга свайго ненавідзіць, — сказаў Хрыстос, — той кажа няпраўду“. Хто любіць свой край, а культуру яго не прымае, той лжэц — скажам мы ад сябе».[25]
Пазней беларускімі літаратарамі Адам Міцкевіч вызнаецца за аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры[26], беларускага польскамоўнага паэта[27].
↑Т. Липич, В. Липич, Романтизм в русско-польском диалоге культур первой половины XIX века // Rocznik Instytutu Polsko-Rosyjskiego=Ежегодник Русско-польского института, No 1 (2) 2012
↑Швед, В. Таварыства літоўскіх і рускіх зямель / Вячаслаў Швед // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 492.
↑Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6
↑ абСтаніслаў Станкевіч.Мова Міцкевіча // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 144. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.
↑Bitsch K. Język polski w Wileńszczyźnie. — Przegląd Współczesny, Styczeń-marzec 1925. — С. 29 і 32.
↑М. Хаўстовіч.Наш Міцкевіч // XIX стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. — Кн. першая. — Мн.: БДУ, 2000.. — С. 3. — 214 с.
↑Dobrzycki St.[pl]. Kilka spostrzeżeń nad Językiem Mickiewicza. — Prace Filologiczne, 1911. — Т. VII.
↑Адам Мальдзіс. Зямля Навагрудская, краю мой родны… // Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997. С. 6
↑Міцкевіч Адам // Літаратура/Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003
↑Томас Венцлава. К нулевому пра-тексту: заметки о балладе Будрыс и его сыновья. — Alexander Pushkin: Symposium II, ed. by Andrey Kodjak, Krystyna Pomorska and Kiril Taranovsky[ru], Columbus: Slavica, 1986, с. 78—87