Нарадзіўся ў сям’і Івана Рыгоравіча і Акуліны Андрэеўны Барадуліных на хутары Верасоўка (афіцыйная назва на той час была «Гарадок ІІ Востраў-Сарочынскага сельсавета»), а ў 1937 годзе хутар быў ліквідаваны і сям’ю паэта перасялілі ва Ушачы. Дзед паэта па мамінай лініі Андрэй Гальвіньш быў этнічным латышом. Бацька загінуў у 1944 годзе падчас Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскім атрадзе. Пасля вайны Рыгор Барадулін вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе, скончыў яе ў 1954 годзе, затым на філалагічным факультэцеБДУ, які скончыў у 1959 годзе.
Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969), «Мастацкая літаратура» (з 1972)[3]. Выдавецтву «Мастацкая літаратура» Рыгор Барадулін аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).
Рыгор Барадулін быў дзейным чальцом Саюза беларускіх пісьменнікаў, адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра (1989—1999, прэзідэнт з 1990, віцэ-прэзідэнт з 1999). Быў членам Партыі БНФ, членам Сойма БНФ (з 1989). У 1995—1997 гадах быў у кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса.
Быў жанаты з Валянцінай Міхайлаўнай Барадулінай. Дачка Ілона — мастачка, ёсць унучка Дамініка. Калекцыяніраваў сланоў і чарапах. Рыгор Барадулін вызнаваў сябе як уніята[4].
У школе Рыгор Барадулін не з’яўляўся ўдзельнікам піянерскага руху: падчас запісу ў арганізацыю Барадулін збег са школы. Потым пра той факт, што ён не далучыўся да піянерскай арганізацыі, настаўнікі забыліся, таму Рыгор Барадулін гэтак і не стаў піянерам[7]. У юнацтве далучыўся да камсамола, апраўдваючы гэта тым, што інакш не змог бы паступіць у ВНУ[7]. Падчас працоўнай дзейнасці неаднаразова адхіляў прапановы далучэння да шэрагаў КПСС[8].
Дэбютаваў вершамі ў 1953 годзе ў газеце «Чырвоная змена»[3]. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асноўны змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959 г.). У ранняй творчасці — кнігі лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961 г.), «Нагбом» (1963 г.), «Неруш» (1966 г.), «Адам і Ева» (1968 г.) — паэт данёс да чытача трываласць асноў народнай маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці беларускага народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі ён асэнсоўвае асноўны змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваенных гадоў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця беларускага народа на акупіраванай тэрыторыі.
Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай народнай творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Рыгора Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Рыгора Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манументальныя вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны[13].
Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах: зборнікі «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Евангелле ад Мамы» (1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне беларускай нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты». Зборнік «Руны Перуновы» (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.
Аўтар зборнікаў сатырычных і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі…» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва: альбом «Няўрокам кажучы» (1971), шаржы М. Лісоўскага; «Абразы без абразы» (1985), шаржы К. Куксо. Творы для дзяцей склалі зборнікі «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай! Не буду! Не хачу!» (1971), «Суровая вымова» (1976), «Што было б тады, калі б?» (1977), «Ці пазяхае бегемот?» (1981), «Азбука не забаўка» (1985), «Індыкала-кудыкала» (1986), «Кобра ў торбе» (1990). Напісаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987).
Цалкам плён працы Рыгора Барадуліна складаецца больш чым з 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984, 1996—2002). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшлі толькі чатыры.
Да 25-годдзя пантыфікату Папы Рымскага Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Яна Паўла II «Рымскі трыпціх» і меў магчымасць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 года.
У 2013 годзе выйшаў «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна», які ўклала Наталля Давыдзенка. Гэта не проста дыялектны слоўнік з радзімы Рыгора Барадуліна — Ушаччыны[14] — гэта па сутнасці поўнае апісанне жывых традыцый цэлага беларускага раёна з асобнай «вушацкай», як кажа Дзядзька Рыгор, культурай. У кнізе сабрана амаль усё: пачынаючы ад традыцыйных «вушацкіх» імёнаў, скончваючы падрабязным апісаннем страў мясцовай кухні, святкавання народных і рэлігійных свят. Адметнаю рысаю кнігі з’яўляецца таксама і поўная адсутнасць цэнзуры, што робіць мову яшчэ больш жывой. Сам паэт казаў, што гэта самая галоўная кніга ўсяго яго жыцця, пісаць якую ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве. «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» прызнаны лепшай кнігай 2013 года па версіі газеты «Наша Ніва»[14].
Сам паэт казаў, што галоўную ролю ў станаўленні яго як літаратара адыграла маці — Акуліна Андрэеўна Барадуліна. Вобраз маці часта сустракаецца ў творчасці Рыгора Барадуліна, асабліва ў наступных кнігах: «Трэба дома бываць часцей» (1993), «Евангелле ад Мамы» (1995), «Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю: Песні матчыны з Вушаччыны» (2005), «Навошта» (2009):
Усё ідзе ад маці. Мая мама, паўтаруся, была самым вялікім філолагам. Ва ўсялякім разе для мяне. Дзякуючы маме і беларускай мове я нешта напісаў і, можа, яшчэ нешта напішу. Канешне, можна пісаць і на вывучанай мове, але гэта будзе ўжо сурагат. На вывучанай мове можна пісаць дэтэктывы, эротыку, а глыбінную паэзію, глыбінную прозу трэба пісаць толькі на роднай мове, матчынай. […] Яшчэ ў Бібліі сказана: «Напачатку было слова». […] Я сябе адчуваў і адчуваю чаляднікам у беларускай паэзіі. Няма мовы — няма паэта. Я ўсё жыццё абапіраўся на беларускую мову, на яе вушацкі варыянт, таму што ён для мяне самы блізкі, ён нейкі некрануты, першародны па чысціні сваёй. Мова — гэта мая апора.
Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран — Мінск: Логвінаў, 2011. — с. 74-75
На працягу ўсяго жыцця Рыгор Барадулін выступаў супраць русіфікацыі беларускага насельніцтва і беларускай мовы ў СССР, негатыўна ўспрымаў спантанны працяг гэтага працэсу ў незалежнай Беларусі, прытрымліваўся ідэі цалкам беларускамоўнай Беларусі:
Цяпер чую ў натоўпе беларускую мову дужа рэдка, ці ад старых людзей, ці ад тых, што з вёскі прыехалі. З аднаго боку, гэта сумна, а з іншага — радасна, калі ад моладзі чую, значыць, нейкая перспектыва яшчэ ёсць. […] Хаця паўсюль цяпер ідзе ўдушэнне беларускай мовы — такое ўражанне, што пятлю ўжо накінулі, але не да канца зацягнулі. Іншым часам нават здаецца, што было б лепш, каб мову забаранілі зусім, — можа, тады б пачалася зваротная рэакцыя. Улада зрабіла выгляд, быццам праблемы такой няма. Але няма праблемы — няма і мовы. Такія агрэсіўна-грэблівыя адносіны. […] Маёй звышзадачай, безумоўна, было, каб усе беларусы гаварылі па-беларуску, каб любілі сваю мову, беларускую паэзію, каб беларуская мова гучала шырока. Але гэта такая, як вам сказаць, ружовая мара. […] І мову нашу пакрываюць асфальтам.
Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран — Мінск: Логвінаў, 2011. — с. 47, 75, 78
Творы Рыгора Іванавіча выходзяць на розных нормах беларускай мовы: акадэмічнай, класічнай і аўтарскай норме самога паэта (у залежнасці ад выдавецтва)[18][19][20]. Сучасную сітуацыю з адначасовым існаваннем у беларускай моведзвюх літаратурных нормаў паэт ацэньваў негатыўна, сцвярджаючы, што гэта спрыяе дэкансалідацыі беларускамоўнай часткі насельніцтва Беларусі, якая і гэтак складае меншасць. «Тарашкевіцу» паэт крытыкаваў за наяўнасць граматычных рыс, якія характэрныя для заходнеславянскай, а не ўсходнеславянскай моўнай падгрупы, за дамінаванне ў лексіцы заходнебеларускага дыялекту і за свядомую замену слоў, аднолькавых для рускай і беларускай моў, польскімі аналагамі. «Наркамаўку» — за лексічную русіфікаванасць, значную абмежаванасць у выкарыстанні прыстаўных гукаў, замену традыцыйных назваў беларускіх населеных пунктаў адпеведнікамі найноўшага часу[21]. Рыгор Барадулін выступаў за распрацоўку і афіцыйнае зацверджанне новай версіі беларускага правапісу, пры стварэнні якога былі б улічаны:
У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».
Ушанаванне
У 1964 годзе Уладзімір Караткевіч прысвяціў Рыгору Барадуліну напісаную аповесць «Ладдзя Роспачы» і падарыў яе рукапіс[24].
24 снежня 2017 годзе ў Мінску, урачыста адкрылі памятную дошку (аўтар скульптар Ігар Засімовіч) на доме, дзе жыў паэт[25].
Расійская кампанія «Яндекс» у 85-ты дзень народзінаў Рыгора Барадуліна змяніла лагатып на галоўнай старонцы. Для карыстальнікаў з Беларусі кампанія пераставіла ў сваёй назве літару «Я» на апошняе месца. Пад лагатыпам патлумачыла: «Той, хто якае зашмат, ставіць сам сябе назад». Гэта радок з верша Рыгора Барадуліна «Азбука — вясёлы вулей», выдадзенага ў кнізе дзіцячых вершаў і казак «Ішоў коця па канапе» (1997)[26].
15 чэрвеня 2021 года ва Ушачах пастаўлены помнік Рыгору Барадуліну[27], побач пастаўлены помнік Васілю Быкаву. Аўтар помнікаў — беларускі скульптар Ігар Засімовіч. Помнікі «паўсталі цалкам на народныя грошы», ахвяраванымі сотнямі людзей, — паведаміў Глеб Лабадзенка, які займаўся вырашэннем арганізацыйных пытанняў, звязаных з устаноўкай помнікаў[28].
Бібліяграфія
Зборнікі паэзіі
Маладзік над стэпам. Мн., 1959 (перавыд. 2010, Мінск);
Дзённікі і запісы. Выпуск 1. 1951–1969 / укл., прадм. Н. Давыдзенка. — Мінск: Кнігазбор, 2015. — 325 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Людзі Беларусі : кн. 3). — 300 экз. — ISBN 978-985-7119-28-8.
Kiedy witają się dusze. Annus Albaruthenicus. Год беларускі 2005, рэд. С. Яновіч. Крынкі, 2005, с. 315—330. Пераклад на польскую мову Ч. Сенюха. Лісты 1-22;
Gdy witają się dusze. Poezija i proza. З Васілём Быкавым. На польскай мове. Пераклад Ч. Сенюха. Лісты 1-22;
↑ абвБородулин Рыгор (Григорий Иванович) // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 77. — 737 с.
↑ абвгСяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 19. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
↑ абСяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 34. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
↑Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 63. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
↑Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 303. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
↑Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 304. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
↑Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 238-242. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
↑Паслаў бы табе душу… Ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай (1954—1971). Мн., 2009. — Ліст «з бульбы» (1955 г.)
↑Барадулін, Р. І. Руны Перуновы: выбр. тв. / Р. І. Шастак. — Мінск: Радыёла-плюс, 2006. — 496 с. — 3 500 экз. — ISBN 985-448-058-5.
↑Барадулін Р. У неба пехатою. Апошнія вершы / Ігар Віркоўскі. — Мінск: МЕДЫЯЛ, 2014. — 224 с. — 200 экз. — ISBN 978-985-6914-13-6.
↑Барадулін Р. І. Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна / Г. Вінярскі. — Мінск: Кнігазбор, 2013. — 388 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-7057-93-1.
↑Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 276. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
↑Сяргей Шапран. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. — Мінск: Логвінаў, 2011. — С. 314. — 362 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-6991-81-6.
↑Станам на 2013 год. Ксты: — Рыгор Барадулін. — 4-е дапоўн. выд. — Мн.: Рым.-Катал. парафія св. Сымона і св. Алены, 2013. — 528 с., [8] л. іл. ISBN 978-985-6652-50-2.
Барадулін Рыгор // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. — Т.1. С. 210—235
Гарэлік Л. Барадулін // БЭ ў 18 т. Т. 2. Мн., 1996. С. 290.
Магія радка // Бельскі А. Краса і смутак: дапаможнік для настаўнікаў / А. Бельскі. — Мн., 2000. С. 128—131.
Астраух А. Рыгор Барадулін і сучасная беларуская лірыка: вучэбна-метадычны дапаможнік / А. Э. Астраух. — Гродна, 2001. — 121 с.
Рыгор Барадулін // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: у 4 т. / рэдкал. У. В. Гніламёдаў і інш. — Мн., 2002. — Т. 4. Кн. 1. С. 594—619.
Лаўрык Т. «Маланкай кшчоны паганец» / Т. Лаўрык // Роднае слова. — 2005. — № 2. С. 77 — 83.
Дуброўскі А. Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша / А. У. Дуброўскі. — Мн., 2006—128 с.
Гаспадыніч П. Калі сакура цвіце ў Беларусі… / П. Гаспадыніч // Полымя. 2007. — № 7. С. 185—186.
Бельскі А. Рыгор Барадулін // Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. Мн., 2009. С. 120—131.
Шапран С. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран — Мінск: Логвінаў, 2011.
Карлюкевіч А. Рэкі і азёры ў паэзіі Рыгора Барадуліна. — Мінск: Пейто, 2000. — 30 с.