Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду Мінскай губернігерба Навіна[1]. Бацька — Ян Баляслаў (Іван Якімавіч) Луцкевіч — вайсковец Расійскай імперыі, удзельнік Крымскай вайны ў чыне капітана, за баявыя заслугі ў абароне Севастопаля быў узнагароджаны крыжамі Святога Георгія і Святой Ганны і двума медалямі. На вайне быў паранены, з войска дэмабілізаваўся. Сваёй маёмасці Ян Баляслаў не меў[1]. Вядома, што ў 1860-х гадах быў арандатарам маёнтка пана Вайніловіча ў Тарасевічах Бабруйскага павета Мінскай губерні. Верагодна, у гэты час ён пазнаёміўся з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, з якім у далейшым меў прыяцельскія стасункі, Дунін-Марцінкевіч у 1868 годзе прысвяціў Луцкевічу верш па-беларуску[1]. Першай жонкай Яна Баляслава была Казіміра Асяцімская, у іх нарадзіліся дзве дачкі: Станіслава (1877—1953) і Марыя Алёйзія (1876—1914). Пані Казіміра памерла ў 1878 ці 1879 годзе[2].
Увесну 1880 года Ян Баляслаў павянчаўся другі раз[2], з Зоф’яй Лычкоўскай, дачкой уладальніка невялікага фальварка Ракуцёўшчына, каля мястэчка Краснага. Зоф’я да фальварка дачынення ўжо не мела, але ў спадчыну ёй застаўся невялікі драўляны дом на Садовай вуліцы ў Мінску[1]. У Яна Баляслава і Зоф’і было пяць дзяцей: Ян Герман (Іван; 1881—1919), Вікторыя (памерла ў маленстве; ?—?), Антон (1884—1942), Эмілія (1886—1974), Стэфан (Сцяпан; 1889—1947). Стэфан быў названы ў гонар дзядзькі — Стэфана Луцкевіча, удзельніка паўстання 1863—1864 гадоў, які загінуў у 1863 годзе[2].
Сям’я была каталіцкай, у хаце гаварылі па-польску[1]. Выхаваныя ў польскай культуры, сёстры Станіслава і Эмілія, пісалі пазней свае лісты Антону выключна па-польску[2]. Іван Луцкевіч наступным чынам згадвае светапогляд сям’і: «…сям’я жыла ўспамінамі аб напалеонаўскім паходзе і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў французскае рэвалюцыі і паўстанчаскімі настроямі, у ёй панаваў заўсёды шчыра дэмакратычны дух, — і гэтым духам былі прасякнуты дзеці, што шукалі ў школе дружбы не панічоў, a сыноў мужыцкіх»[3].
Раннія гады
Антон Луцкевіч нарадзіўся ў Шаўлях, дзе ягоны бацька працаваў на Лібава-Роменскай чыгунцы. У 1887 годзе Луцкевічы пераязджаюць у Лібаву, з прычыны пераводу туды бацькі. У 1895 годзе сям’я пераязджае ў Мінск, праз паўгода пасля пераезду бацька Ян Баляслаў памірае[3].
Антон Луцкевіч паступае ў Мінскую губернскую гімназію. Луцкевіч адзначаў, што яшчэ ў Мінскай гімназіі ён і яго брат Іван усвядоміліся і нацыянальна, і сацыяльна, і пачалі гуртаваць вакол сябе болей-меней свядомых беларусаў[3]. Пазнаёміўшыся з беларускім паэтам, мастаком і перакладчыкам Карусём Каганцом, браты Луцкевічы арганізавалі гімназічны гурток, у занятках якога значнае месца займала беларуская тэматыка. Браты мелі цесныя стасункі з Генрыхам Францішкам Татурам, беларускім гісторыкам, краязнаўцам і калекцыянерам[2]. Таксама ў братоў Луцкевічаў збіраўся і інтэрнацыянальны гурток, у якім яны займаліся сацыяльнымі пытаннямі[3]. Браты заклалі беларускую бібліятэчку з кніжкамі па беларускай гісторыі і этнаграфіі[3].
У 1902 годзе Антон Луцкевіч заканчвае Мінскую губернскую гімназію. У гэтым жа годзе ён з братам Іванам едзе на вучобу ў Санкт-Пецярбург, дзе слухае поўны курс фізіка-матэматычнага факультэта Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта[2]. У 1902 годзе браты Луцкевічы і Вацлаў Іваноўскі арганізавалі Беларускі кружок народнай асветы. Мэтай гуртка было стварэнне беларускай школьнай адукацыі і выдавецтва беларускіх кніг[3]. У 1903 годзе браты Луцкевічы разам з Вацлавам Іваноўскім засноўваюць палітычную арганізацыю Беларуская рэвалюцыйная грамада на базе ўжо існуючай Беларускай рэвалюцыйнай партыі. Мэтай арганізацыі з’яўлялася змаганне супраць самадзяржаўнай улады, за дэмакратычны лад: зямлю для сялян, фабрыкі і заводы для рабочых. Арганізацыя патрабуе свабоды для беларусаў: школы на беларускай мове і роўных правоў у краі[4].
Пераезд у Вільню
У 1904 годзе Антон Луцкевіч арыштоўваецца ў Мінску за распаўсюджванне партыйнай літаратуры, выпушчаны з пазбаўленнем права пакідаць горад[5]. На II з’ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады ў 1905 годзе абіраецца сябрам яе ЦК[5]. У лютым 1906 года сумесна з братам Іванам пераходзяць на нелегальнае становішча, пераязджаюць у Вільню. Пераезд адбываецца з той прычыны, што распачалося следства ў справе замаху на мінскага губернатара Паўла Курлова. Замах здзейснілі Іван Пуліхаў і сёстры Аляксандра і Кацярына Ізмайловіч, якія былі частымі гасцямі на мінскай кватэры Луцкевічаў, таму апошнія аўтаматычна падпадалі пад падазрэнне[6]. Ёсць звесткі, што з віленскімі кантактамі Луцкевічам дапамог Вацлаў Іваноўскі, іх супрацоўнік па пецярбургскай студэнцкай дзейнасці[7]. На нелегальным становішчы ў Вільні браты жылі да 1908 года[3].
У верасні 1906 года пры непасрэдным удзеле Антона Луцкевіча, і з ініцыятывы яго брата Івана выходзіць першая легальная беларускамоўная газета «Наша доля», Антон стала ўваходзіць у склад рэдакцыі. Першы артыкул апублікаваў у 1906 годзе ў № 1 газеты «Наша доля»[8]. Неўзабаве «Наша доля» падпадае пад забарону, ствараецца газета «Наша ніва», Антон Луцкевіч у складзе яе рэдакцыі. Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Нашай нівы», з 1913 года з Беларускім выдавецкім таварыствам.
Разам з братам быў сярод заснавальнікаў у 1910 годзе ў Вільні масонскай ложы «Еднасць» (польск.: Jendość). Ложа была створаная паводле ініцыятывы расійскіх масонаў, сябраў партыі кадэтаў[3]. У «Еднасці» былі прадстаўлены ўсе асноўныя народы беларуска-літоўскага краю. Луцкевічы прытрымліваліся краёвай ідэалогіі[3]. Антон Луцкевіч актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці масонскіх ложаў у Вільні. Ён уваходзіў у склад лож «Літва» і «Беларусь». У рамках іх дзейнасці Луцкевіч актыўна займаўся выдавецкай дзейнасцю: ён з’яўляўся фактычным кіраўніком рускамоўнай «Вечерней газеты» і аўтарам бальшыні артыкулаў, самастойна распачаў выданне польскамоўнай газеты «Кур’ер краёвы» (польск.: Kurjer Krajowy), заклікаў усіх «грамадзян Краю» да працы на ягоную карысць і карысць народа[3].
3 1911 года саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веда»[9] Барыса Даніловіча, з 1914 года яе ўладальнік[5].
Адзін з ініцыятараў Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага[5]. У 1916 годзе БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года выказваўся за ўключэнне ў склад будучай беларуска-літоўскай дзяржавы ўсіх беларускіх зямель, за наданне дзяржаўнага статуса ўсім мясцовым мовам, школьнае навучанне на роднай мове[5].
У лютым 1917 года ў Стакгольме мелася адбыцца канферэнцыя народаў Расіі. У Берлін выехаў адзін беларус (Антон Луцкевіч) і тры літоўцы (Сцяпонас Кайрыс, Антанас Смятона, Юргіс Шаўліс). Прадугледжвалася, што з Берліна яны выедуць у Стакгольм. Але здарылася, як піша ва ўсласнаручных паказаннях Антон Луцкевіч, непрадбачанае: у Расіі было зрынутае самадзяржаўе. Немцы вырашылі, што патрэба ў канферэнцыі адпала, і Антон Луцкевіч выехаў у Вільню. Літоўская дэлегацыя засталася ў Берліне і была прынятая нямецкім канцлерам, вынікам чаго стала стварэнне ў верасні 1917 года Літоўскай Тарыбы[11].
Намаганнямі братоў Луцкевічаў у Вільні склікаецца Беларуская канферэнцыя. Канферэнцыя адбылася 25, 26 і 27 студзеня 1918 года, Антон Луцкевіч быў маршалкам канферэнцыі. Вынікам Канферэнцыі сталася стварэнне Беларускай рады (Віленская беларуская рада), старшынёй абраны Антон Луцкевіч[5]. У першай жа рэзалюцыі Беларускай канферэнцыі было запісана, што яе ўдзельнікі «выказваюць дамаганне, каб Беларуска-Літоўскія землі акупацыі станавілі незалежную сувэрэнную дэмакратычную дзяржавы, зложаную з дзвёх аснаўных аўтаномных нацыянальных тэрыторый: Беларускай і Літоўскай у найцяснейшай еднасці з незалежнай Курляндзіяй», і каб да гэтай дзяржавы былі далучаныя беларускія землі, якія на той час знаходзілі на другім баку фронту[11]. 26 лютага 1918 года Германія прад’явіла ўльтыматум бальшавіцкай Расіі, у той самы дзень Тарыба прыняла Акт пра незалежнасць Літвы. 18 сакавіка 1918 года, калі пачаўся нямецкі наступ на ўсход, Беларуская рада ў Вільні прыняла рэзалюцыю, у якой абвяшчала «разарваную дзяржаўную звязь між Беларуссю і Расеяй», але паўтарала ранейшы пастулат пра адбудову «дзяржаўнай незалежнасці колішняга Літоўска-Беларускага гасударства (Вялікага Княства Літоўскага)»[11]. У прамежку паміж 18 лютага і 23 сакавіка 1918 года адбываецца пераарыентацыя Антона Луцкевіча і Беларускай рады ў Вільні, якую ён узначальваў. Цяпер на парадак дня выйшла пытанне пра незалежнасць Беларусі, а не незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага[12].
Беларуская Народная Рэспубліка
18 сакавіка кааптаваны ад Віленскай беларускай рады ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 22 сакавіка 1918 года ў складзе дэлегацыі Віленскай беларускай рады прыязджае ў Менск. Менавіта Антон Луцкевіч ініцыяваў Трэцюю Устаўную грамату і напісаў яе праект, паводле якой 25 сакавіка Беларускай народная рэспубліка была абвешчаная незалежнай дзяржавай[13]. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У верасні — лістападзе 1918 года ўзначальваў беларускую надзвычайную дэлегацыю, якая наведала Украіну, сустракалася з гетманам Паўлам Скарападскім. У часе наведвання Украіны Антон Луцкевіч таемна сустракаўся з Хрысціянам Ракоўскім, дзеячам бальшавіцкай партыі. У ходзе сустрэч Луцкевіч пераканаўся, што Савецкая Расія не прызнае Беларускую Народную Рэспубліку[13]. 12 кастрычніка 1918 года Антон Луцкевіч прызначаны Радай БНР Старшынёй Народнага сакратарыята, яму была давераная справа фармавання новага ўрада[14]. Арганізацыю новага ўрада Луцкевіч пачаў па прыездзе з Кіева, у лістападзе. Антон Луцкевіч мяняе назву Народны Сакратарыят на Раду Народных Міністраў БНР, ужывалася таксама Рада Міністраў БНР[15]. 11 лістапада Рада Рэспублікі зацвердзіла новы склад Рады Міністраў БНР, паводле пастановы Антон Луцкевіч стаў старшынёй Рады Міністраў (прэм’ер-міністрам) і міністрам замежных спраў[15]. 3 снежня 1918 года праз наступ бальшавікоў Рада і ўрад БНР на чале з Антонам Луцкевічам пераехалі ў Вільню, 27 снежня — у Гродна. 14 снежня 1918, 2 і 3 студзеня 1919 года Луцкевіч накіраваў ноты пратэсту польскаму ўраду супраць далучэння да ПольшчыБеластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў. У канцы сакавіка 1919 года перад пагрозай польскай акупацыі Гродзеншчыны і Віленшчыны ён і некаторыя сябры ўрада БНР выехалі ў Берлін[8]. Дамагаўся таго, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. 22 студзеня 1919 года падпісаў мемарыял беларускага ўрада старшыні Парыжскай мірнай канферэнцыі, у якім абгрунтаваў права беларускага народа на дзяржаўнае існаванне, прадставіў гісторыі беларускага руху і дзяржаўнасці, выказаў просьбу ў справе допуску прадстаўнікоў БНР на канферэнцыю[16]. Мемарандум меўся весці ў Парыж генерал Кіпрыян Кандратовіч. 21 сакавіка 1919 года Рада народных міністраў БНР зацвердзіла афіцыйны склад дэлегацыі, у якую ўвайшлі Антон Луцкевіч, міністр юстыцыі Аляксандр Цвікевіч, радчыя — Кіпрыян Кандратовіч, Аляксей Азнабішын і Раман Скірмунт, аташэ — Ю. Янкоўскі, Аляксандр Галавінскі і Леанід Баркоў, кур’ер — Юрка Камарынец[17]. Аднак на самай справе, са спазненнем больш чым праз месяц выехалі Кандратовіч, Азнабішын, Баркоў. Антон Луцкевіч далучыўся да іх у канцы траўня і на месцы ўключыў у склад дэлегацыі Яўгена Ладнова, які прыехаў з беларускага асяродка ў Адэсе[17]. Мірная канферэнцыя працавала ўжо пяты месяц, паспеўшы прыняць мемарандумы ўрадаў суседніх Беларусі дзяржаў — Польшчы, Літвы, заслухаць іх дэлегацыі. Галоўнай прычынай спазнення дэлегацыі БНР было адсутнасць фінансавання. Па дарозе на мірную канферэнцыю Антон Луцкевіч заехаў у Прагу, дзе 17 красавіка прэзідэнт навастворанай рэспублікі ЧэхаславакііТомаш Масарык прыняў яго ў сябе ў рэзідэнцыі і паабяцаў дыпламатычную падтрымку БНР на міжнародным узроўні[18].
Антон Луцкевіч знаходзіўся ў Парыжы на працягу трох месяцаў. Першапачаткова Луцкевіч не шукаў кантактаў з прадстаўнікамі Польшчы, паколькі ацэньваў яе як сілу, варожую беларускай дзяржаўнасці[19]. Аднак ён змяніў пазіцыю, калі акупацыя Польшчай значнай часткі Беларусі пераўтварыла яе ў першаразрадны фактар міжнароднай палітыкі на беларускай геапалітычнай прасторы[19]. У ліпені ён наладзіў кантакт з кіраўніком польскай дэлегацыі на мірнай канферэнцыі, прэм’ер-міністрам Ігнацыем Падарэўскім, і неўзабаве сустрэўся з ім. Луцкевіч перадаў польскаму прэм’еру праект «Дагавора аб утварэнні саюза суверэнных дзяржаў — БНР і Польскай Рэспублікі»[20]. Меркавалася стварэнне гэтага саюза на аснове раўнапраўя яго суб’ектаў, агульнага кіравання знешняй палітыкай і абаронай, агульнай мытнай прасторы, узаемнага забеспячэння правоў грамадзян на тэрыторыі саюзных дзяржаў і г. д. Да праекта дагавора быў прыкладзены праект дадатковай сакрэтнай дамовы, якая спалучала ў сабе вайсковую канвенцыю і пагадненне аб сумеснай барацьбе за ўсталяванне граніц з суседзямі[20].
Акцэнтаванае наладжванне сувязяў з Польшчай было звязана з тым, што ўрад БНР быў упэўнены ў працягласці польскай акупацыі[21]. У сувязі з гэтым Антон Луцкевіч 25 жніўня едзе з урадавай місіяй з Парыжа ў Варшаву па запрашэнні Падарэўскага. З польскага боку сустрэчай займаўся граф Міхал Тышкевіч(польск.) (бел.[21]. Луцкевіч разлічваў, што здолее атрымаць падтрымку польскага ўрада для БНР і згоду на арганізацыю беларускіх узброеных сілаў. Антон Луцкевіч прыбыў у Варшаву 1 верасня, аднак сустрэча з польскім прэм’ерам не адбылася, бо Падарэўскі выехаў у Парыж[21]. Неўзабаве таксама выявілася, што вяртанне Антона Луцкевіча ў Парыж немагчымае, бо Міністэрства замежных спраў Польшчы не прызнала пашпарт БНР (хоць ён дзейнічаў на тэрыторыі іншых дзяржаў) і адмовіла ў выдачы дыпламатычнай візы[22]. Луцкевіч сустрэўся ў Варшаве з Юзафам Пілсудскім, але перамовы не далі ніякага выніку ў справе падтрымкі БНР[22].
1 снежня 1919 года вярнуўся ў Менск. Пасля расколу Рады БНР 13 снежня 1919 года Старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР[8]. Не знайшоўшы паразумення з Польшчай, 28 лютага 1920 года падаў у адстаўку і выехаў у Вільню.
Арыштаваны польскімі ўладамі 12 кастрычніка 1927 года, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з нямецкай і савецкай выведкай. Апраўданы судом у пачатку 1928 года. У 1928 годзе арыштоўваўся яшчэ раз і зноў апраўданы. У сярэдзіне 1929 года Антон Луцкевіч выключаны з ТБШ, дзе камуністы мелі моцныя пазіцыі. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), які адмаўляў рэвалюцыйныя метады змагання з санацыйным рэжымамЮзафа Пілсудскага і выступаў за парламенцкія метады барацьбы. Незадавальненне КПЗБ выклікала крытыка Антонам Луцкевічам нацыянальнай і аграрнай палітыкі, якую савецкае кіраўніцтва пачало ў 1929 годзе, асабліва артыкул «Цень Азефа» (1930), дзе ён даў рэзка адмоўную характарыстыку Іосіфу Сталіну і яго акружэнню[8]. У 1930 годзе польскія ўлады забаранілі дзейнасць Беларускага выдавецкага таварыства, якім кіраваў Антон Луцкевіч. У 1931 годзе звольнены з работы ў Віленскай беларускай гімназіі. Антон Луцкевіч стаў аб’ектам палітычных спекуляцый і нападаў. У гэты час выявіліся супярэчнасці паміж лідарамі Цэнтрасаюза. Яго старшыня Фабіян Акінчыц крытыкаваў Антона Луцкевіча за марксісцкі светапогляд. 3 абвінавачваннямі ў палітычных праліках выступілі ў друку і хрысціянскія дэмакраты. У другой палове 1932 года наведаў латвійскія Дзвінск і Рыгу, дзе ў рамках зладжанага Таварыствам беларускіх вучыцялёў «тыдня культуры» чытаў лекцыі на літаратурныя тэмы. У часе наведвання Латвіі таксама сустрэўся з міністрам асветы Ацісам Кеніньшам(лат.) (бел.[25]. У 1933—1939 гадах беларускія газеты Луцкевіча не друкавалі. Антон Луцкевіч выступаў пераважна ў газеце «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), часопісе «Калоссе», «Гадавіку» Беларускага навуковага таварыства". Адышоў ад палітычнай дзейнасці, працаваў у БНТ і Беларускім музеі, выступаў з лекцыямі і рэфератамі[8].
Арышт. Смерць
Пасля заняцця Вільні Чырвонай Арміі ўдзельнічаў у сходзе беларускай інтэлігенцыі, дзе выступіў з заклікам да адраджэння беларускай школы, культуры і мастацтва, падтрымаў курс на аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР[26]. Арыштаваны савецкімі ўладамі 30 верасня 1939 года ў Вільні ў сваёй кватэры па адрасе вуліца Піўная, 2, кв. 6[27]. Утрымліваўся ў віленскай Лукішскай турме, пасля перадачы Вільні Літве праз Вілейскую турму этапаваны ў Мінск[27]. Пастановай 3 аддзела УДБ НКУС БССР ад 8 жніўня 1940 года абвінавачваўся ў тым, што «ў перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны арганізоўваў контррэвалюцыйныя сілы з беларускага нацыяналістычнага асяродка, у часе знаходжання на тэрыторыі Заходняй Беларусі, з’яўляўся агентам 2-га аддзела Польгалоўштаба, арганізоўваў контррэвалюцыйны элемент для барацьбы з камуністычным рэвалюцыйным рухам у Заходняй Беларусі і СССР»[28]. Таксама абвінавачаны ў «стварэнні Беларускага нацыянальнага цэнтра[A] і стварэнні „ўрада“ буржуазнай Беларусі на чале з нацфашыстам Луцкевічам»[29].
Рашэннем Асобай нарады пры НКУС СССР 14 чэрвеня 1941 за антысавецкую дзейнасць прыгавораны да 8 гадоў у Варкуцінскім працоўна-папраўчым лагеры(руск.) (бел.[29][23]. 4 лютага 1942 года з Балашоўскай турмы № 3 прыбыў у перасыльны пункт горада АткарскаСвярдлоўскай вобласці. 18 лютага начальнік санчасці Аткарскага перасыльнага пункта дакладваў начальніку перасылкі пра тое, што вязень Луцкевіч падлягае шпіталізацыі з дыягназам «міякардыт, знясіленне». Памёр 23 сакавіка 1942 года а 12-й гадзіне дня, пахаваны ў той жа дзень у спецсектары камунальных могілак Аткарска[30].
У часе знаходжання ў Парыжы Антон Луцкевіч пазнаёміўся з выпускніцай медыцынскага ўніверсітэта ў Манпелье Сэркай (у хрысціянскім асяродку яе называлі Зоф’яй) Абрамовіч[31]. Магчыма, ён быў знаёмы з ёй яшчэ ў Вільні, а ў Парыжы ўлетку 1919 года яны зблізіліся[32]. Сям’я Луцкевіча была супраць яго шлюбу з іўдзейкай, а касцёл не пагаджаўся на такі таемны шлюб[31]. Тады Луцкевіч перайшоў у кальвінізм, шлюб адбыўся ў кальвінісцкай царкве Вільні па вуліцы Завальнай у канцы 1919 ці пачатку 1920 года[31]. У пары было двое сыноў: Лявон Луцкевіч (1922—1997), Юрый Луцкевіч (1920—1992). 5 сакавіка 1929 года, калі Луцкевіч быў у апеляцыйным судзе па чарговым працэсе, Зоф’я здзейсніла дома самагубства[31]. У верасні 1939 года, калі Антона Луцкевіча арыштавалі, апеку над яго сынамі ўзяў Клаўдзій Дуж-Душэўскі[31].
Навуковая дзейнасць, публіцыстыка
Першы артыкул «Што будзе?» надрукаваў у газеце «Наша доля» (1906, № 1). Паступова стаў вядучым беларускім публіцыстам. У артыкулах і нататках пачатку ХХ ст. крытыкаваў аграрную і нацыянальную палітыку царызму, выказваўся за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа, асуджаў нацыяналізм («Краёвае становішча», 1914). Развіццё беларускага вызваленчага руху звязаў з развіццём капіталістычных адносін і станаўленнем нацыянальнай буржуазіі («Эканамічная эвалюцыя і беларускі рух», 1917). Склаў курсы лекцый па фанетыцы і этымалогіі. У 1916 годзе стварыў першую «Беларускую граматыку», якая ў рукапісным выглядзе захоўваецца ў бібліятэцы Літоўскай акадэміі навук у Вільні[B][33]. У 1917 годзе выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 годзе (разам з Янам Станкевічам) — «Беларускі правапіс»[8]. Аўтар брашуры «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), працы «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысвечана гісторыі БРГ і БСГ). Даследаваў гісторыю нарадавольніцкага руху, выступаў з дакладамі і рэфератамі па гэтым пытанні. Вывучаў мову скарынаўскіх выданняў і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 («Чатырохсотлецце першага кодэксу беларускага права», 1929; «Статут Вялікага Княства Літоўскага на фоне эвалюцыі нацыянальных адносін у Беларусі», 1930, і інш.). Аўтар зборнікаў літаратурна-крытычных прац «Нашы песняры» (1918), «Адбітае жыццё» (1929). Апублікаваў шэраг прац па гісторыі беларускай культуры, мастацтва і літаратуры: «Пуцяводныя ідэі літаратуры», «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (абедзве 1921), «Вязніца Адама Міцкевіча» (1923), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалогіі і адбіцце яе ў літаратуры» (1926) і інш. Асобныя артыкулы і нататкі прысвяціў жыццю і творчасці Максіма Багдановіча, Алеся Бурбіса, Максіма Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Цёткі, Казіміра Сваяка і інш. Пераклаў на беларускую мову працу Мітрафана Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919), «Элементарную алгебру» Андрэя Кісялёва і падручнік Вальдэмара Остэрлёфа і Язэпа Шустэра «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (1921), адзін з перакладчыкаў Новага Запавета і Псалтыра (Хельсінкі, 1931) і інш[8].
Адзін з першых, хто звярнуўся да асобы Кастуся Каліноўскага, як да пачынальніка беларускага палітычнага вызвалення. У канцы 1920 года асоба Каліноўскага згадваецца ў артыкуле Антона Луцкевіча «Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры». У 1924 годзе прысвяціў Каліноўскаму адмысловае эсэ «Дыктатар Літвы». У эсэ і прадмове да ўспамінаў «За дваццаць пяць гадоў» Антон Луцкевіч глядзеў на Кастуся Каліноўскага як на краёўца, адзначаючы пры тым, што «Каліноўскі бадай, ці ня першы… разглядае беларускае пытанне ў чыста палітычнай плашчыні, але ўжо не як частку „польскага пытання“ (як рабілі ягоныя папярэднікі), а як пытанне зусім самастойнае, ды стараецца збудзіць прыспаныя сялянскія масы дзеля барацьбы за палітычнае вызваленне Беларусі й Літвы (былога Вялікага Княства Літоўскага) — у імя нацыянальнай і рэлігійнай свабоды, у імя сацыяльных інтарэсаў беларускага сялянства…»[34].
Асобныя артыкулы Антона Луцкевіча перакладаліся на ідыш[31].
Карыстаўся псеўданімамі: Антон Навіна; А. Иванов; Антон Белорус; Генрык Букавецкі; Кумельган; Ів. Мялешка; крыптанімы: А. Л.; А. Н.; А. Н-А; А. Н-а; А-н-а; Б. Г.; Г. Б.; Г-бэ; Г.; Г. В.; Н.; Н-а-А; Н. А.; A. L.; A. N.; H. B.
7 сакавіка 2018 года ў Мінску ў рамках мерапрыемстваў да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі быў усталяваны памятны знак у гонар братоў Антона і Івана Луцкевічаў. Памятны знак размешчаны на месцы дамоў Зоф’і Луцкевіч па колішняй Садовай вуліцы (цяпер парк імя Янкі Купалы), дзе браты жылі ў 1896—1906 гадах[35]. У прыватным музеі Анатоля Белага ёсць памятная дошка «Заснавальнікам БНР», на якой размешчаны, сярод іншых, барэльеф Антона Луцкевіча[36].
На віленскіх могілках Роса месціцца кенатаф Антона Луцкевіча, пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне магілы ў Аткарску невядомае.
Заўвагі
↑Беларускі нацыянальны цэнтр — сфабрыкаваная ў 1933 годзе АДПУ БССР справа «контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі.
↑Навуковая апрацоўка граматыкі была выдадзеная ў 2017 годзе аўстрыйскім славістам Германам Бідэрам. Bieder Hermann. Edition und Kommentar: Anton Luckevič. Belaruskaja hramatyka. Studia Slavica Oldenburgsia.
Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху: выбраныя творы / укладанне, прадмова, каментарыі, анатаваны індэкс імёнаў А. Сідарэвіча. — Беларускі кнігазбор, 2003. — 287 с. — 300 экз. — ISBN 985-6730-09-0.
Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР / Подг. к печати, введение и комментарии В. Н. Михнюка, Н. М. Климовича и А. Н. Гесь. Мн., 1997;
БП, т. 4;
Бяляцкі А. У іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
Бяляцкі А. Антон Луцкевіч // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. Мн., 1999. Т. 2;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Дакументы і матэрыялы… Лёндан, 1960;
Каханоўскі Г. Бацька Івана і Антона // ЛіМ. 1990. 2 лістап.;
Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыка нац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;
Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. Станіслаў Рудовіч; пераклад з польскай мовы Алесь Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-00076-016-1.
Сідарэвіч А. М. Антон Луцкевіч: ад краёвасці да незалежніцтва (1916—1918) (агляд крыніцаў БДАЛМ) // Архіўныя чытанні І-III: матэрыялы навуковых канферэнцый, Мінск, 2003—2005 гг. / Укл.: Г. В. Запартыка і інш.; навук. рэд. А. В. Мальдзіс. Мінск: РІВШ, 2006. С. 209—222.
Сідарэвіч А. Антон Луцкевіч і яго роля ў беларускім руху // Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху / Сідарэвіч Анатоль укладанне, прадмова, каментар, індэкс імёнаў. — Вільня—Беласток: Інстытут беларусісістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 7—21. — 346 с. — ISBN 83-60456-26-7. Архівавана 18 снежня 2019.
Сідарэвіч А. Антон Луцкевіч і Янка Купала // Тэрмапілы. 2003. № 7. С. 161—204.
Сідарэвіч А. Антону Луцкевічу — 120 // Наша слова. 2004. 25 студзеня. № 4. С. 5.
Сідарэвіч А. Вучаніца і настаўнік: супраца // Дзеяслоў. 2003. № 7. С. 177—181.
Сідарэвіч А. 3 жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18, 25 студз., 1 лют.;
Сідарэвіч А.Луцкевіч Антон Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл. / эдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1997. — С. 402—403. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2.
Сідарэвіч А. Луцкевічы і Луцэвіч. Мінск: Фонд імя братоў Луцкевічаў, 2003. 58 с.
Сідарэвіч А. Маленькая містыфікацыя // Наша ніва. 2006. 3 лютага. № 5. С. 34-36;
Сідарэвіч А. Падзеі ў Віленскай Беларускай гімназіі і А.Луцкевіч. Беларуская санацыя і нацыянал-фашызм // Наша слова. 2004. 28 красавіка. № 16. С. 3-4.