Гродзенскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Гродзенскай вобласці. Плошча — 2,6 тыс. км², мяжуе з Рэспублікай Польшча (працягласць мяжы 68 км) і Літоўскай Рэспублікай (працягласць мяжы 32,8 км). Падзяляецца на 13 сельсаветаў. Адміністрацыйны цэнтр — горад Гродна (не ўваходзіць у склад раёна). Утвораны 15 студзеня 1940 года.
Геаграфія
Плошча 2700 км² (1-е месца сярод раёнаў). Большая частка тэрыторыі раёна занята Нёманскай нізінай, на захадзе — Гродзенскае ўзвышша. Рэльеф — узгорыста-раўнінны. Пераважае вышыня 100—170 метраў над узроўнем мора. Самы высокі пункт — 247 метраў (каля аг. Капцёўка).
Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, займаюць 31,7 % тэрыторыі раёна (буйны масіў Гродзенскай пушчы на паўночным усходзе). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Агульная плошча балот займае 2,5 % плошчы раёна (балотныя масівы Святое, Масткі-Нівішча, Закрэўшчына).
Колькасць насельніцтва раёна на 1 студзеня 2016 года — 50,5 тыс. чалавек. У горадзе Скідзелі — 10,4 тыс. чалавек, у гарадскім пасёлку Сапоцкіне — 1,1 тыс. чалавек; гарадское насельніцтва — 11,5 тыс. чалавек, сельскае — 38,9 тыс. чалавек.
Нацыянальны склад: беларусы — 56 %, палякі — 34 %, рускія — 7,8 %, іншыя нацыянальнасці — 2,2 %.
Гаспадарка
Агульная плошча сельгасугоддзяў складае 117 тыс. га, з іх асушаных 20,9 тыс. га. У раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, 4 сельгаспрадпрыемствы, 4 птушкафабрыкі. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля (буйная рагатая жывёла, свінагадоўля, конегадоўля), буракаводства, агародніцтва, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу.
Гродзенскі раён на працягу 2013—2014 гадоў займаў першае месца ў краіне па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур (73,9 цэнтнераў з гектара ў 2014 г.)[4].
Прадпрыемствы: харчовай (Скідзельскі цукровы камбінат, вытворчасць мясных і агароднінных кансерваў, масла, сыру, крухмалу), дрэваапрацоўчай прамысловасці (мэбля, піламатэрыялы, сталярныя вырабы), паліўнай прамысловасці (торфабрыкет), вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (кафля і жалезабетонныя вырабы).
На тэрыторыі раёна праходзяць чыгуначныя лініі Вільнюс — Гродна — Беласток (Польшча), Гродна — Масты, аўтадарогі ад Гродна на Беласток, Друскінінкай (Літва), Астрыну, Ліду, Вялікую Бераставіцу, Ваўкавыск.
Рэлігія
У раёне дзейнічаюць 46 рэлігійных суполак, якія зарэгістравалі свае статуты: 24 рымска-каталіцкіх, 18 — праваслаўных, таксама дзейнічаюць: суполка царквы Хрысціян Веры Евангельскай, царква Хрысціян Адвентыстаў Сёмага Дня, мусульманская рэлігійная суполка, Новаапостальская рэлігійная суполка.
У прыходах раёна 14 праваслаўных святароў, 18 ксяндзоў, 9 з іх грамадзяне Рэспублікі Польшча. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 40 культавых будынкаў.
Архітэктурныя помнікі: касцёл Тэклі (1854) у вёсцы Адамавічы, касцёл Ушэсця (XVIII ст.) у вёсцы Адэльск, царква Ушэсця (XX ст.) у вёсцы Азёры, Крыжаўзвіжанская царква (1881) у вёсцы Галавачы, касцёл (XIX ст.) у вёсцы Галынка, касцёл (XIX—XX стст.) у вёсцы Гожа, Свята-Дабравешчанская царква (XVII—XVIII стст.) у вёсцы Жытомля, касцёл Марыі (пачатак XX ст.) у вёсцы Зарачанка, Троіцкі касцёл (1825) у вёсцы Індура, Праабражэнская царква (1844) у вёсцы Коматава, Мікалаеўская царква (1822) у вёсцы Лаша, касцёл (1806) у вёсцы Парэчча, сядзіба (XIX ст.) у вёсцы Свіслач, палацава-паркавы ансамбль (XVIII—XIX стст.) у вёсцы Свяцк, Праабражэнскі касцёл (1844) у вёсцы Селіванаўцы. Помнік гідратэхнічнага будаўніцтва (XIX ст.) — Аўгустоўскі канал. У вёсцы Верцялішкі мемарыяльны комплекс на брацкай магіле савецкіх воінаў. Вёска Квасоўка — старажытны цэнтр мастацкага промыслу (ручное ткацтва і апрацоўка дрэва).
↑Імі ганарыцца Светлагоршчына // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: У 2 кн. / [Уклад. П. П. Рабянок; Рэдкал.: У. Дз. Бурачонак [і інш.]; Мастак Э. Э. Жакевіч. Кн. 2. — Мн.: Беларусь, 2003. — 749, [1] с. — С. 585. — ISBN 985-01-0255-1.
Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.