Назва паселішча пайшла ад назвы ракі Скідзелька. Больш ранняя форма гідроніма мела быць такой жа, што і цяперашні тапонім, — Скідзель.
Гідронім балцкага (літоўскага ці яцвяжскага) паходжання. Найбліжэйшы аналаг — літоўская рачная назва Skidelė. Даследчык літоўскай гідраніміі А. Ванагас лакалізуе гэтую рэчку недалёка ад вытокаў ракі Котры, у якую Скідзель уцякае (не выключана, што маецца на ўвазе менавіта Скідзель, а не іншая рэчка). На ўсходзе ад вытокаў Котры ён жа пазначае мікратапонім (назва поля) Skidulys (каля Радуні). Аналаг гэтым назвам — літоўскі гідронім Skid-upys (у Цэнтральнай Літве, ля Кедайнея)[4].
Той жа фармант -el-, што і ў гідроніме Скідзель, таксама ў нёманскай рачной назве Zietela (Зецела) — у такой форме ў аўтахтонным літоўскім маўленні на Верхнім Панямонні засведчаная назва ракі Дзятлаўка. У сваю чаргу, назва Zietela ўтварылася ад назвы возера, якое засведчанае пад 1253 г. як «Зъято» (ад яцвяжскага *Zeitō). Фармант -el-, з дапамогай якога назва ракі ўтварылася ад назвы возера, часта выступае ў такой ролі ў балцкай гідраніміі[5].
Магчыма, рачная назва таксама ўтварылася ад зніклай з часам назвы возера з асновай Skid- (яцв. *Skidō). Знікнуць з цягам часу магло і само возера — як знікла на сёння тое возера, ад назвы якога пайшла назва ракі Zietela (Дзятлаўка).
Гідранімічны корань Skid- звязаны з літоўскім skidyti, skisti «разыходзіцца ў бакі; абтрэпвацца», kidyti,kedyti, kedėti «абтрэпвацца, ірвацца». Далей да гнязда слоў ад сінанімічных каранёў *kēd- / *kēt-. Водныя назвы, утвораныя ад гэтых каранёў, пазначалі або азёры з «ірванай» берагавой лініяй (з мноствам заток, што ўразаюцца ў сушу), або рэкі з цячэннем, якое на адносна абмежаваным участку свайго шляху рэзка мяняе кірунак[6].
Значэнне рачной назвы Скідзель можна прыблізна перадаць як «Шчаціністая (рака)» (у канфігурацыйным сэнсе).
Гісторыя мястэчка Скідзель пачалася з прывілею караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV Вазы ад 27 ліпеня1644 года, паводле якога на адным з ворных палеткаў каралеўскага двара быў заснаваны новы населены пункт з правамі горада. Каморнік эканоміі Войцех Пуцілоўскі вымераў тут квадратны па сваёй форме рынак, які займаў плошчу 3 моргі і 9 прутоў, а таксама 100 местачковых пляцаў — на рынку і Азёрскай, Віленскай, Катранскай, Луненскай і Наваградскай вуліцах — пад засяленне будучымі мяшчанамі. Паводле каралеўскага прывілея ў Скідзелі праводзіліся 2 кірмашы на год, таргі 2 разы на тыдзень.
З 1939 года ў БССР, з 1940 гарадскі пасёлак, цэнтр раёна. У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты стварылі ў Скідзелі лагер смерці, дзе знішчылі 2330 чалавек. З 1962 года ў Гродзенскім раёне. 29 верасня 1972 года да Скідзеля далучана вёска Хваты[7]. З 1974 горад.
XX стагоддзе: 1973 год — 8,6 тыс. чал.[8]; 1995 год — 11,3 тыс. чал.[8]
XXI стагоддзе: 2006 год — 10,7 тыс. чал.; 2015 год — 10 554 чал.[9]; 2016 год — 10 592 чал.[10]; 2017 год — 10 709 чал.[3]; 2018 год — 10 717 чал.; 2022 год — 9 943 чал.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай (ААТ «Скідзельскі цукровы камбінат», «Гроднахлебапрадукт» і інш.) і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Племптушкарэпрадуктар «Юбілейны». Гасцініца.
Культура
Музей беларускага паэта М. Васілька. Касцёл (1990-я), царква (2005).
Веньямін Іванавіч Сянько (1946—2020) — спецыяліст у галіне рухомага саставу чыгункі, цягі паяздоў і электрыфікацыі. Доктар тэхнічных навук (1990), прафесар (1992).
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
↑A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 303.
↑А. П. Непокупный. Лингвогеографические связи литовских и белорусских форм названий г. Дятлово и его окрестностей // Балто-славянские исследования. М., 1974. С. 153, 155.
↑В. Н. Топоров. Из индоевропейской этимологии III (1-3) // Исследования по этимологии и семантике. Т. 2: Индоевропейские языки и индоевропеистика. Кн. 1. Москва, 2006. С. 106—107, 119.
↑Рашэнне выканаўчага камітэта Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 29 верасня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 31 (1369).
Токць С. Метадалогія і метады гісторыка-дэмаграфічнага даследавання беларускага мястэчка ХІХ ст. (на прыкладзе Скідзеля) // Гістарычная ўрбаністыка: асновы метадалогіі і крыніцазнаўчая база : зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал. І. В. Соркіна (гал. рэд.) і інш. — Гродна: ГрДУ, 2011. — ISBN 978-985-515-519-6
Скідзель // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 664. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.