Цэнтр горада сфарміраваны ў левабярэжнай частцы Лошы. Галоўная вось — вул. Ленінская, якая перасякае горад з захаду на ўсход. На перасячэнні вуліц Ленінскай, Валадарскага, Кастрычніцкай, Карла Маркса ўтворана прамавугольная ў плане цэнтральная плошча. Сетка вуліц прамавугольная, квартальная, у цэнтры — дамы 2-3-павярховыя, на ўскраінах аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Старая частка горада забудавана па генплане 1992 года: ва ўсходняй частцы пабудаваныя 5-павярховыя жылыя дамы, у раёне вуліцы Гагарына — індывідуальная забудова. Пабудаваны будынкі «Беларусбанка», гандлёвы дом «Анастасія», Петрапаўлаўская царква і інш.
Да 2021 года, пасля будаўніцтва БелАЭС і росту колькасці насельніцтва, у горадзе з’явіліся тры новыя мікрараёны[6].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра Астравец датуецца 1468, калі ўладар ГеранёнаўЮрый Гаштольд запісаў тутэйшаму касцёлу Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Усіх Святых уклад у дзве меры мёду штогод[7]. У 1542 па смерці Станіслава Гаштольда мястэчка перайшло да вялікага князяЖыгімонта Старога, які перадаў яго сыну Жыгімонту Аўгусту. У 1546 годзе Жыгімонт Аўгуст падараваў Астравец Гераніму Карыцкаму. З 1600 мястэчка знаходзілася ў валоданні Яна Корсака[8], які ў 1616 зрабіў укладавы запіс на будаўніцтва дамініканскага кляштара і касцёла Святых Казьмы і Дзям’яна.
У часы вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай1654—1667 гадоў маскоўскія захопнікі спустошылі Астравецкі кляштар дамініканцаў[8]. У XVIII ст. пры кляштары існаваў шпіталь. На 1775 года ў мястэчку на 13 валоках зямлі размяшчалася 21 гаспадарка[8]. У 1777 у Астраўцы адкрылася першая школа. У 1785 пачалося будаванне новага мураванага касцёла і кляштара дамініканцаў.
У 1939 годзе Астравец увайшоў у БССР, дзе ў 1940 стаў цэнтрам раёна. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 25 красавіка 1958 года вёска Астравец атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу[10].
У 1994 годзе ў Астраўцы паставілі помнік Іосіфу Гашкевічу. У маі 1997 і кастрычніку 2002 гадоў у мястэчку прайшлі 1-я і 2-я Міжнародныя Гашкевіцкія чытанні. 14 чэрвеня 2007 года адбылося афіцыйнае зацверджанне герба і сцяга Астраўца. 27 сакавіка2012 года паселішча атрымала статус горада.
У сувязі з будаўніцтвам БелАЭС горад рос. Адначасна былі рэканструяваны старыя вуліцы. Выканана добраўпарадкаванне берагоў рэк, створаны новыя пад’язныя і абыходныя дарогі, масты, абноўленыя інжынерныя сеткі. У поймах рэк Лоша і Кавалёўка, якія праходзяць у межах горада паблізу мікрараёна № 1 і мікрараёна № 2, уладкаваны пешаходна-рэкрэацыйныя зоны з мастамі і алеямі. Ля берагоў створаны месцы для адпачынку і заняткаў спортам, пракладзеныя пешаходныя і веладарожкі. Тут узвялі дзве новыя школы, чатыры дзіцячыя садкі з басейнамі, дом творчасці дзяцей і моладзі, новую бальніцу, ФВК, стадыён і спартыўна-аздараўленчы комплекс, боўлінг-цэнтр, більярд і спорт-бар[11].
За сродкі Дзяржінвестпраграмы ў райцэнтры пабудавана каля 210 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку для тых, хто працуе на БелАЭС[11].
Насельніцтва
Паводле даных аддзела статыстыкі Астравецкага райвыканкама, у перыяд з 1999 па 2009 колькасць насельніцтва скарацілася на 364 чалавекі (з 8 629 да 8 265). Аднак у 2010-х тэндэнцыя змянілася. Па перапісу 2019 года астраўчан стала больш на 4044 (больш за 45 %). Дзяцей у горадзе — 22,5 %, працаздольнага насельніцтва — 62,5 %, асоб пенсійнага ўзросту — 15 %. Сярэдні ўзрост гараджан склаў 35 гадоў[12]. У працэнтным і колькасным дачыненні беларусы пераважалі. Меліся буйныя дыяспары палякаў, літоўцаў, рускіх і ўкраінцаў[13]. Доля апошніх дзвюх павялічылася за кошт будаўніцтва БелАЭС[14].
Асноўнымі прамысловымі прадпрыемствамі горада з’яўляюцца[23]:
ААТ «Астравецкі завод „Радыёдэталь“» — шнуры армаваныя відэльцам, электраўстановачныя вырабы, электраразмеркавальная апаратура, вузлы і дэталі для машынабудавання, розныя металічныя вырабы;
ІП ТАА «Тэхнапласт» — укладышы і скрынкі для кандытарскіх вырабаў.
Гандаль
На 2021 год, паводле даных ад райвыканкама, у горадзе дзейнічалі 43 крамы харчовых і 145 нехарчовых тавараў. У ліку апошніх: 20 магазінаў адзення і абутку; 18 будаўнічых матэрыялаў, сантэхнікі і інструментаў; 12 кіёскаў; 10 аптэк; 10 крам бытавой хіміі і касметыкі; 8 бытавой тэхнікі і гаспадарчых тавараў; 7 аўтазапчастак; 6 зоамагазінаў і ветэрынарных аптэк; 5 рытуальных тавараў; 5 тавараў для дзяцей; 5 салонаў сувязі; 4 мэблі; 4 кветак і сувеніраў; 3 аўтамабільныя заправачныя станцыі; 3 канцылярыі; 2 штор і тканак; 1 ювелірных вырабаў. Астатнія 22 аднесены да «іншых аб’ектаў»[24].
У гэты спіс не трапіў рынак Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Тут пераважна гандлююць прыезджыя з Іўеўскага, Столінскага раёнаў, Пінска і суседніх Ашмян[25].
Таксама ў пералік не ўнесены гандлёвы цэнтр «ZAMI», у якім размешчаны прадуктовы гіпермаркет, магазін бытавой тэхнікі, піцэрыя, кафэ і больш за 30 розных магазінаў[26]. Акрамя яго, ёсць яшчэ два цэнтры — «Дом быту» і «Талер»[27]. Функцыянуе гандлёвы дом «Юлія»[28].
Гасцінічны бізнес
У горадзе дзейнічаюць гасцініцы «Радуга» і «Sun Hotel»[29], а таксама турыстычная сядзіба «Міні-Швейцарыя»[30].
Сацыяльная інфраструктура
Адукацыя
На 2021 год у Астраўцы працавалі тры сярэднія школы і гімназія[31]. Апошняя да 2004 года[32] з’яўлялася СШ № 2[33]. У студзені 2015 года гімназія пераехала ў новы будынак у 1-м мікрараёне[34], а ранейшы зноў стаў 2-й сярэдняй школай[33]. У 2019 годзе адкрылася яшчэ 3-я сярэдняя школа[35].
Ахова здароўя
З лютага 2020 года ў Астраўцы пачала работу новая раённая бальніца. Адкрыты тры корпусы, 13 аддзяленняў, пяць з якіх міжраённыя, на 232 ложкі. Яшчэ два корпусы былі здадзены ў чэрвені. Усяго ў складзе бальніцы 16 аддзяленняў, у тым ліку міжраённыя і нават міжабласныя, на 382 ложкі[36].
Астравецкая цэнтральная раённая клінічная бальніца (ЦРКБ) будавалася па індывідуальным праекце як шматфункцыянальны медцэнтр. Персанал прыцягвалі з іншых рэгіёнаў, у тым ліку дзякуючы магчымасці атрымаць арэнднае жыллё. ЦРБК уваходзіць у лік апорных бальніц Гродзенскай вобласці, тут сканцэнтравалі дарагое высокатэхналагічнае абсталяванне і спецыялістаў адпаведнага ўзроўню. Шэраг аддзяленняў бальніцы афіцыйна маюць статус міжраённых, гэта значыць абслугоўваюць не толькі жыхароў Астравецкага раёна. Ёсць тут і свая ПЦР-лабараторыя, яе стварэнне было адным з гуманітарных праектаў «Расатама», які вёў будаўніцтва АЭС у Астраўцы[37].
Культура
У 1967 годзе адкрыта Астравецкая дзіцячая музычная школа, якая з 2007 года ператворана ў дзіцячую школу мастацтваў. Яшчэ адна рэарганізацыя сістэмы была праведзена ў канцы 2011 года, калі ўсе пяць школ мастацтваў і музычных школ раёна былі аб’яднаны ў адну ўстанову. З 1 студзеня 2012 года была створана дзяржаўная ўстанова адукацыі «Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў», у якую ўвайшлі непасрэдна базавая школа і 4 філіялы[38].
Рашэннем Астравецкага раённага выканаўчага камітэта № 727 ад 29 снежня 2014 года з 3 сакавіка 2015 года Дзяржаўная ўстанова культуры «Астравецкі раённы дом культуры» шляхам зліцця з дзяржаўнай установай культуры «Астравецкі раённы цэнтр рамёстваў» была рэарганізавана ў дзяржаўную ўстанову «Астравецкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»[39].
У горадзе размешчаны раённая і дзіцячая бібліятэкі[40].
5 сакавіка 2021 года ў Астраўцы адкрыўся новы будынак шматфункцыянальнага комплексу сацыяльна-культурнага прызначэння і творчасці моладзі. Плошча новага будынка склала амаль 10 тыс. м². Тут размясціліся адразу некалькі ўстаноў культуры. У новым комплексе свае плошчы атрымаў раённы гісторыка-этнаграфічны музей, які раней меў толькі фондасховішча. На першым паверсе цэнтра размясцілі экспазіцыю, прысвечаную Астравецкаму краю. На другі паверх цэнтра пераехала раённая бібліятэка. Напярэдадні пераезду было поўнасцю абноўлена тэхнічнае аснашчэнне бібліятэкі з 40-тысячным фондам. Трэці паверх будынка заняў раённы цэнтр культуры. Тут з’явілася шматфункцыянальная зала, якая можа трансфармавацца пад розныя мерапрыемствы. Таксама ў будынку адкрыўся кафетэрый. Працуе 3D-кіназала на 30 месцаў. На цокальным паверсе адкрылася трэнажорная зала. Тут жа размясцілася Астравецкае бюро Ашмянскага філіяла РУП «Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры»[41].
Спорт
Для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы ў Астраўцы ёсць 65 спартыўных аб’ектаў[42]. У раённы фізкультурна-спартыўны клуб (ФСК) уваходзяць: спартыўна-аздараўленчы комплекс «Імпульс», адміністрацыйна-спартыўны комплекс «Стадыён», хакейная каробка і вяровачны гарадок. Астравецкі раён удзельнічае ў міжнародным праекце «Планета баскетбола-аранжавы атам». У 2019 годзе пры пры падтрымцы «Расатама» ў двары гімназіі № 1 пабудавана сучасная пляцоўка для гульні ў баскетбол 3×3 з унікальным пакрыццём[43]. У гэты ж час быў заснаваны футбольны клуб «Астравец».
З красавіка 1964 года дзейнічае дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Заснавальнікам яе стаў Аддзел адукацыі райвыканкама. У розныя гады ў Астравецкай ДЮСШ культываваліся лыжны спорт, хакей, вольная барацьба, лёгкая атлетыка і бокс. Вучэбна-выхаваўчы працэс арганізуецца на спартыўнай базе ўстаноў адукацыі і аграгарадкоў раёна, спартыўнай залы «Старт», САК «Імпульс». На 2021 год культываваліся чатыры віды спорту: бокс, грэка-рымская барацьба, гандбол і лёгкая атлетыка. Да гэтага перыяду ў школе падрыхтавана з ліку выпускнікоў і навучэнцаў: 5 мастроў спорту міжнароднага класа, 4 майстры спорту Беларусі і 18 кандыдатаў у майстры спорту[44]
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
↑Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej // Codex diplomaticus ecclesiae cathedralis necnon Dioeceseos Vilnensis. T. 1, Krakow, 1948. Дакумент № 260.
↑Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб пераўтварэнні вёскі Астравец, Астравецкага раёна, Маладзечанскай вобласці, у гарадскі пасёлак ад 25 красавіка 1958 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1958, № 4.
↑Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9