У XV i XVI стагоддзі выкарыстоўваліся формы тыпу Gieranoyny, У Кгереноинех,Geranoyny (у Літоўскай Метрыцы, у панегірыку Альберту Гаштольду). Гэта адпавядае ўжыванай літоўскай форме Geranainys.
Балцка-літоўскі назоўны суфікс -ain- (> -ойн-) і ў літоўскай назве Смаргоні — Smurgainys, у назвах Дукойняў, Жукойняў.
Вядомае шчучынскае прозвішча Герановіч, ад балцка-літоўскага двухасноўнага імя Ge-ranas. Асновы Ge-, Ran- як у імёнах Ge-tautas, Mu-ranas, ад якіх вядомае каля Опсы прозвішча Гетаўт, латгальскі тапонім Муранішкі.
Гісторыя
Першапачаткова Геранёнамі называліся некалькі размешчаных паблізу вёсак — існавалі Манівідавы Геранёны (цяперашнія Суботнікі), Жыгімонтавы Геранёны (цяпер Зыгмунцішкі) і Гаштольдаўскія, альбо Мураваныя, Геранёны, за якімі ўрэшце і засталася назва. Згадку аб тым, што ў 1411 годзе будучы вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч фундаваў у Геранёнах касцёл[2], сучасныя даследчыкі звязваюць звычайна не з Мураванымі Геранёнамі, а з Зыгмунцішкамі.
Пасля смерці Станіслава Гаштольда Геранёны — уласнасць вялікіх князёў літоўскіх. У 1575 годзе, у час «бескаралеўя», тут адбылося некалькі з’ездаў шляхты. У XVII—XVIII стагоддзях цэнтр староства, у 1625 годзе заснаваны шпіталь. У 1670 годзе гетман вялікі літоўскі Міхал Пац запісаў Геранёны на ўтрыманне літоўскай артылерыі і віленскага арсенала. У XVIII стагоддзі старостамі геранёнскімі былі Мнішкі, Салагубы, Браніцкія. У першай палове XVIII стагоддзя ў Геранёнах некаторы час знаходзілася рэзідэнцыя віленскіх піяраў, пры якой у 1730—1738 гадах дзейнічала школа. Пры каралю Аўгусце III (1733—1763) Геранёны атрымалі магдэбургскае права (паводле іншых крыніц, у 1630-я гады), мелі герб «Няўдзячнае сэрца» (з 1792 года, у зялёным полі пранізанае мячом сэрца).
З 1795 года ў Расійскай імперыі, у Ашмянскім павеце. Уласнасць Корвін-Мілеўскіх. У 1880-я гады 243 жыхары, 27 двароў, касцёл, багадзельня, бровар, карчма. У пачатку XX стагоддзя 316 жыхароў. У маёнтку багатая калекцыя твораў мастацтва. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915—1918 гадах акупіраваны германскім войскам, у 1919—1920 гадах займаліся Чырвонай арміяй, польскім войскам. У 1920—1922 гадах у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 года — у Польскай Рэспубліцы, у Ашмянскім павеце.
З 1939 года ў БССР, у Іўеўскім раёне, з 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета. У 1941—1944 гадах акупіраваны нацысцкім войскам. З 15 мая 1963 года па 6 жніўня 1979 года ў Жылеўскім сельсавеце[3][4]. У 1993 годзе 1201 жыхар, 403 двары.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
↑Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wilenskiej / Codex diplomaticus ecclesiae cathedralis necnon Dioeceseos Vilnensis. T. 1, Kraków, 1948. Дакумент № 56
↑Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога (сельскага) Савета дэпутатаў працоўных ад 15 мая 1963 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1963, № 23 (1023).
↑Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 6 жніўня 1979 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1979, № 27 (1617).