Карысныя выкапні: торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Працякаюць рэкі Ашмянка, Гальшанка, Клява, Загорнікі. Лясы пераважна хваёвыя, трапляюцца драбналістыя (бяроза, асіна, вольха). Лясы займаюць 34,5 % тэрыторыі раёна.
Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня складае −6,6 °C, ліпеня — 17,1 °C. Сярэдняя колькасць ападкаў — 605 мм. Працягласць вегетацыйнага перыяду — 190 дзён.
Насельніцтва раёна налічвае 32,3 тыс. чалавек (2009), гарадское насельніцтва складае 41,3 %. Раён мае 364 сельскіх населеных пунктаў (2011).
Гаспадарка
Агульная плошча сельгасугоддзяў складае 65,7 тыс. га, з іх асушаных 8,4 тыс. га. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, рапс, агародніну.
Прадпрыемствы: харчовая (сыраробная, крухмальная, мясная, малочная — вытворчасць сухога абястлушчанага малака) прамысловасць, металаапрацоўка (дакладнае ліццё, інструментальная вытворчасць), прыборабудаванне (радыётэхніка), лёгкая (ільновалакно, абутковая), камбікормавая і дражджавая, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, торфапрадпрыемствы.
З поўдня на поўнач праз тэрыторыю раёна праходзіць рэспубліканская аўтадарога Іўе — Юрацішкі — Ашмяны — Варняны / пад’езд да граніцы Літоўскай Рэспублікі (Лоша) Р48. З усхода да Ашмян вядзе рэспубліканская аўтадарога Барысаў — Вілейка — Ашмяны Р63.
Праз паўднёва-усходнюю частку раёна праходзіць рэспубліканская аўтадарога Лынтупы — Свір — Смаргонь — Крэва — Гальшаны Р95.
Адукацыя і культура
У раёне 14 сярэдніх, 13 базавых, 11 пачатковых, 19 дашкольных устаноў, 6 бальнічных устаноў, 1 спецшкола, дзіцячая спартыўная школа, сельгастэхнікум, ПТВ. На тэрыторыі знаходзяцца санаторый «Ашмяны», дзіцячы аздараўленчы лагер «Дружба», Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча і філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў вёсцы Гальшаны.
У 2001 і 2010 гадах раён (Ашмяны) быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля» [4],[5].
Архітэктурныя помнікі: манастыр базыльянаў (XVIII ст.) у вёсцы Баруны, кляштар францысканцаў (XVII ст.) і руіны замка (канец XVI — пачатак XVII ст.) у вёсцы Гальшаны, царква (XIX ст.) у вёсцы Гароднікі, Георгіеўскі касцёл (канец XVIII — пачатак XIX ст.) у в. Граўжышкі, касцёл Св. Пятра і Паўла (XIX ст.) у вёсцы Жупраны, сядзіба (XIX ст.) у вёсцы Мікалаеўшчына, будынак друкарні (канец XVIII — пачатак XIX ст.) і касцёл Дзевы Марыі (канец XVI ст.) у вёсцы Мураваная Ашмянка.
Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.