У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам Рутэнка.
Сярге́й Рутэ́нка (нар. 29 жніўня1981, Прывольны, Мінская вобласць) — беларускі гандбаліст, у мінулым меў таксама славенскае і іспанскае грамадзянства. Улетку 2009 года стаў найдаражэйшым гандбалістам свету праз заключэнне з іспанскай «Барселонай» кантракта сумай 1,2 млн еўра з гадавым заробкам каля 240 тыс. еўра[1].
Кар’ера
Выхаванец мінскай школы гандбола. Прафесійную кар’еру пачаў у «Аркатроне», дзе правёў два сезоны (1998—2000).
У 2000 годзе ў складзе моладзевай зборнай стаў срэбраным прызёрам чэмпіянату свету. Пасля гэтага поспеху ў 19-гадовым узросце перайшоў у славенскі «Гарэнье», а праз год — у наймацнейшы клуб краіны — «Цэле».
Першы матч за зборную Беларусі згуляў 4 студзеня 2001 года супраць зборнай Эстоніі. З клубам выйграў свой першы Кубак Еўропы (2004) і стаў найлепшым бамбардзірам спаборніцтва (86 мячоў)[2].
У наступным сезоне «Цэле» саступіў у паўфінале Лігі чэмпіёнаў «Барселоне», аднак Сяргей Рутэнка зноў стаў найлепшым бамбардзірам спаборніцтва з 95 мячамі[3]. Дадаткова ён стаў пераможцам, найлепшым бамбардзірам і найлепшым іграком Суперкубка 2004/05.
У 2005 годзе Рутэнка перайшоў у адзін з наймацнейшых клубаў Еўропы — іспанскі «Сьюдад-Рэаль», з якім цягам чатырох сезонаў здабыў тры перамогі ў Лізе чэмпіёнаў, Лізе ASOBAL і Кубку Іспаніі. У снежні 2008 з ініцыятывы кіраўніцтва клуба праз квоту на легіянераў прыняў грамадзянства Іспаніі. У той жа час Рутэнка выказаў жаданне вярнуцца ў беларускую зборную адразу па завяршэнні неабходнага трохгадовага тэрміна з часу яго апошняй гульні за Славенію.
Улетку 2009 года гандбаліст перайшоў у «Барселону», падпісаўшы з клубам кантракт на 5 гадоў. Сума трансферу склала €1,2 млн, што зрабіла Сяргея Рутэнку найдаражэйшым гандбалістам свету[4].
У студзені 2010 года Рутэнка быў уключаны ў пашыраную заяўку зборнай Беларусі на адборачны турнір чэмпіянату свету 2011, аднак праз юрыдычныя перашкоды вяртанне іграка было адкладзенае. У верасні таго ж года Рутэнка ўсё ж атрымаў права выступаць за Беларусь.
Улетку 2015 года перайшоў у катарскі клуб «Лехвія». У красавіку—маі 2016 года выступаў за мінскі СКА. У снежні 2016 года зноў апынуўся ў Катары, аднак не здолеў дамовіцца з клубам «Аль-Кіяда» аб умовах кантракта і абвясціў аб завяршэнні кар’еры.
17 лістапада 2021 года абраны старшынёй Беларускай тэніснай федэрацыі[5].