Заснаваны ў 1641 годзе на Высокім рынку, дзякуючы фундацыі ўніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы. Першая ігумення манастыра Кацярына Сапега ахвяравала манастыру 9 тысяч злотых, а таксама яшчэ 10 тысяч злотых на утрыманне пры манастыры бедных асірацелых дзяўчынак[2].
Першапачаткова, у другой палове XVI — пачатку XVII стагоддзя, манастыр быў размешчаны ў мураваных жылых дамах, збудаваных на паўночна-ўсходнім баку высокага рынку. Гэтыя дамы былі выкуплены ў гараджан і разам з зямельнымі пляцамі перададзены манастыру. Будаўніцтва новага мураванага жылога манастырскага корпуса скончана каля 1650 года. У час будаўніцтва былі захаваны і выкарыстаны сцены і скляпы папярэдніх будынкаў. Двухпавярховы П-падобны ў плане манастырскі будынак меў высокі вальмавы дах і быў накрыты дахоўкай. Планіроўка інтэр’ераў калідорная. На першым паверсе, які быў перакрыты крыжовымі скляпеннямі, акрамя манастырскіх келляў размяшчаліся трапезная, пакоі для гасцей, кухня і іншыя памяшканні. На другім паверсе, з драўлянай столлю, знаходзіліся толькі жылыя памяшканні[2].
У 1650 годзе да базыльянскай царквы Святога Духа прыбудавана асобная мураваная прамавугольная ў плане капліца манастыра базыльянак. Капліца была перакрыта крыжовымі скляпеннямі. Жылы манастырскі будынак быў злучаны з гэтай капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной і мела 3-х пралётны праезд. У капліцы знаходзіўся вялікі разны залачоны драўляны алтар з абразамі Маці Божай, Святога Васіля і Іасафата. Хоры капліцы выходзілі ў інтэр’ер царквы і былі закрыты драўлянымі кратамі. Уся тэрыторыя манастыра, дзе знаходзіліся драўляныя гаспадарчыя пабудовы, была абнесена сценамі[2].
Наяўнасць побач двух манастыроў — мужчынскага і жаночага — вынікала з практыкі манаскага жыцця ўніяцкай царквы ранняга перыяду, якая прадугледжвала суіснаванне абодвух асяродкаў і іх узаемную падтрымку ў гаспадарчай і літургічнай сферах. Мужчынскі і жаночы манастыры ў Менску былі паяднаны не толькі ідэйна, але і архітэктурна: у цэнтральнай частцы горада, на галоўнай рыначный плошчы побач з ратушай, быў узведзены супольны манастырскі комплекс, дамінантай якога стала царква Святога Духа[2].
У 1795 годзе манастыр базыльянак быў зачынены адначасова з манастыром базыльян. Усе манастырскія будынкі былі перададзены Мінскаму праваслаўнаму Петрапаўлаўскаму манастыру, які знаходзіўся тут да 1799 года. У 1799 годзе праваслаўны манастыр пераводзіцца ў Пінск, а ў будынках былога мінскага манастыра базыльянак змяшчаецца праваслаўная кансісторыя, якая знаходзілася тут да 1840-х гадоў[2].
Пасля пажару 1835 года ў час перабудовы былой царквы Святога Духа пад Мінскі праваслаўны кафедральны сабор Св. Пятра і Паўла была разбурана манастырская капліца XVII стагоддзя, а таксама галерэя, якая злучала капліцу з манастыром. Кансісторыя была пераведзена ў новы будынак на Навамейскай плошчы, а манастырскі корпус перададзены прытчу Мінскага кафедральнага Петрапаўлаўскага сабора[2].
Пасля 1920 года памяшканні былога манастыра базыльянак XVII стагоддзя выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры[2].
У 1995 годзе будынкі карпусоў манастыра базыльянак былі рэстаўраваны, адноўлена іх першапачатковая планіроўка і страчаныя архітэктурныя элементы фасадаў, у т.л. барочны шчыт. Пасля рэстаўрацыі тут была размешчана дзіцячая музычная школа[2].
Калі ў 2012 годзе на старажытных мурах быў адноўлены будынак мінскай царквы Святога Духа, адначасова была адноўлена і галерэя, якая злучыла былы манастыр базыльянак з царквой[2].
Архітэктура
Аб першапачатковым выглядзе манастырскіх будынкаў вядома вельмі мала. На плане манастырскага комплексу 1799 года праглядаюцца выступы пілястр ці лапатак, якімі быў расчленены яго фасад[3].
Манастырскі корпус злучаны з царквой Святога Духа крытай галерэяй[4], што праходзіць па крапасной сцяне ў выглядзе аркады, падзеленай лапаткамі на праёмы. У месцы прымыкання сцяны да манастырскага будынка размяшчаецца трохпралётная брама з цэнтральнай шырокай праязной і дзвюма вузкімі бакавымі аркамі. Галерэя была прарэзана маленькімі вокнамі, якія ў час абароны можна было выкарыстоўваць як байніцы[3].