Як настаўнік у лютым 1918 дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. У 1920—1923 — камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 зноў настаўнічаў на Уздзеншчыне ў пасёлку Астравок.
Яго першы друкаваны твор, фельетон у вершах «Жылі-былі», быў апублікаваны ў газеце «Красноармейская правда» у 1922 годзе. Першы твор Крапівы на беларускай мове — сатырычны верш «Сваты» — з’явіўся ў газеце «Савецкая Беларусь» 23 мая 1922 года[4]. З гэтага часу Кандрат Атраховіч стаў Кандратам Крапівой. Псеўданім Крапівы тлумачыцца ў аднайменным вершы «Крапіва», які быў надрукаваны 28 снежня 1922 года ў газеце «Савецкая Беларусь». Да гэтага часу ён паспеў пабыць і сельскім настаўнікам, і прапаршчыкам на франтах Першай сусветнай вайны, і камандзірам РСЧА. І вось цяпер ён шукаў сваё месца ў новым жыцці, уладкоўваючы яе дзейсным словам сатыры. Сатырычная накіраванасць, востры гумар, актуальнасць, выразная класавая пазіцыя выявіліся ў кнігах малых сатырычных формаў.
Кандрат Атраховіч становіцца Кандратам Крапівой. Вершаваныя фельетоны, сатырычныя куплеты, байкі ўсё часцей з’яўляюцца на старонках беларускіх газет і часопісаў пад гэтым псеўданімам. Неўзабаве ён робіцца майстрам камедыйнага жанру, яго п’есы «Хто смяецца апошнім» і «Пяюць жаваранкі» ідуць па ўсёй краіне, па іх здымаюцца кінафільмы. На працягу ўсяго свайго творчага жыцця Кандрат Крапіва, шчодра адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, званнямі і прэміямі, будзе яшчэ не раз, адрываючыся ад «высокіх» акадэмічных спраў і грамадскіх заняткаў, вяртацца да жанру сваёй маладосці — байкі[5].
У ранні перыяд сваёй літаратурнай творчасці Крапіва паспяхова працаваў і ў галіне літаратурнай прозы. У гэтым кірунку яго асноўным жанрам стаў сатырычны аповед[4]. Ён высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я гады антырэлігійную, а таксама міжнародную тэмы.
Байкі, як і сатырычныя вершы, з’яўляюцца пад уражаннем нейкіх фактаў, падзей, канкрэтных прычын. Часта яны і паміраюць разам з тым часам, у якім нарадзіліся. Лепшыя байкі Кандрата Крапівы перажылі свой час. Кандрат Крапіва асабліва плённа працаваў у жанры байкі з сярэдзіны 1920-х гадоў. Ён стварыў у беларускай літаратуры непераўзыдзеныя яе ўзоры:[6] «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Выразнасці маўлення Крапіва дасягае ўжываннем разгорнутых метафар, стварэннем метафарычнага кантэксту на аснове папярэдняга параўнання (байка «Жаба ў каляіне») ці на вобразнай аснове фразеалагізма[7].
У сацыяльна-бытавым рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) аўтар паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэтычныя і празаічныя творы К. Крапівы насычаны дасціпным, часам грубаватым народным гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам.
3 1933 года найбольшую ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. Крапівы ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Першым яго драматычным творам была псіхалагічная драма «Канец дружбы», у якой падымаліся складаныя маральна-этычныя праблемы[4], падзеі п’есы адбываюцца ў перыяд калектывізацыі. Драма «Партызаны» (паст. 1937) пра грамадзянскую вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «3 народам» (паст. 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. 1958) паказваецца гераізм, самаахвярнасць людзей у Вялікую Айчынную вайну, даецца глыбокі аналіз сацыяльных і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваеннае жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. 1950), праблемы жыхароў горада ўзнімаюцца ў п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. 1983; тэлевізійны спектакль Рэспубліканскай студыі тэлебачання (1984, рэжысёр У. Станкевіч[8])). Вяршыні драматургічнай творчасці Кандрата Крапівы — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. 1939), «Мілы чалавек» (паст. 1945), «Брама неўміручасці» (паст. 1974), скіраваныя супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм[9].
Працаваў таксама ў галіне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. Кандрат Крапіва рашуча асуджае тых, хто стараецца прынізіць беларускую мову, хто не верыць у яе выяўленчыя магчымасці. Аўтар канстатуе, што культура кожнага народа можа паспяхова развівацца толькі на яго роднай мове[10].
Нават у сталым узросце не пераставаў тварыць, апошні твор — меладрама «На вастрыі» — быў напісаны ва ўзросце 86 гадоў у 1982 годзе.
Аўтар кніг сатыры і гумару «Асцё» (1925), «Крапіва» (1925, 4-е перапрац. і дап. выд. 1932), «Біблія» (1926), «Байкі» (1927), «Ухабы на дарозе» (1930), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» (1930), «Хвядос — Чырвоны нос» (1931, вершаваная казка), «Калючы строй» (1932), «Выбраныя байкі» (1932), «Выбраныя вершы» (1935), «Выбраная сатыра» (1938), «Выбраныя творы» (1941, 1947, 1948), «Смех і гнеў» (1946), «Сатыра і гумар» (1954), «Жаба ў каляіне» (1957), «Байкі, вершы, п’есы» (1960), «Сорак баек» (1966), «Вершы і байкі» (1967, 1990), «Байкі і вершы» (1971), «Пучок жыгучкі» (1973), а таксама кніжкі для дзяцей «Загадкі дзеда Кандрата».
П’есы
Аўтар п’ес «Канец дружбы» (апублікавана і пастаўлена ў 1934), «Партызаны» (апублікавана і пастаўлена ў 1937), «Хто смяецца апошнім» (апублікавана і пастаўлена ў 1939, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1954 г. аднайменны кінафільм), «Проба агнём» (апублікавана і пастаўлена ў 1943), «Валодзеў гальштук» (1945, пастаўлена ў 1946, аднаактоўка), «Мілы чалавек» (1945, 1956, пастаўлена ў 1946), «З народам» (апублікавана і пастаўлена ў 1948), «Пяюць жаваранкі» (апублікавана і пастаўлена ў 1950, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1953 г. аднайменны кінафільм), «Зацікаўленая асоба» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Людзі і д’яблы» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Брама неўміручасці» (1973, пастаўлена ў 1974), «На вастрыі» (1982, пастаўлена ў 1983).
Зборнікі
Выдаў зборнікі прозы «Апавяданні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), раман «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932), нарыс «Герой Савецкага Саюза Міхаіл Сільніцкі» (1943). Выдадзены Збор твораў у 3-х (1956), 4-х (1963), 5-ці (1974—1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1986).
Навуковая дзейнасць
Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я. Коласам і П. Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковы рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка» (1962, выданне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988—1989), «Русско-белорусского словаря» (выданне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977—1984) і інш. Выбітны знаўца беларускай мовы, Крапіва ўзначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, непасрэдна займаўся распрацоўкай тэрміналогіі ў розных галінах навукі.
Кандрат Крапіва аўтар лінгвістычных артыкулаў «Шкодная блытаніна ў пытаннях мовы» (1949), «Аб прынцыпах удакладнення беларускага правапісу» (1952) і інш. У іх разглядаецца шэраг актуальных пытанняў беларускага мовазнаўства: паходжанне мовы, фарміраванне і гістарычнае развіццё літаратурнай мовы і яе сучасны стан, літаратурная мова і дыялекты, правапіс і лексікаграфічная тэорыя і практыка, мова і пісьменнік, культура мовы. Мова разглядаецца як складаная грамадская з’ява, у якой агульнае і прыватнае, устойлівае і зменнае, унутранае і знешняе знаходзяцца ў строгай сістэме і ўзаемасувязі. Даследчык раскрывае ўзаемасувязі паміж мовай і грамадствам, высвятляе прычыны змяненняў у сістэме мовы. Паколькі асновай для фарміравання сучаснай беларускай літаратурнай мовы сталі сярэднебеларускія гаворкі, якія ўвабралі ў сябе істотныя рысы паўночна-ўсходняга і паўднева-заходняга дыялектаў, аўтар лічыць неабходным далейшае вывучэнне мясцовых гаворак. Крапіва заклікае пісьменнікаў вучыіша ў народа законам і хараству беларускай мовы, у народнай мове шукаць тыя скарбы, якія патрэбны для стварэння паўнакроўных вобразаў:
Той, хто не чуў народнай гаворкі з усім багаццем яе лексікі і фразеалогіі, хто абыякава ставіцца да гэтай найбагацейшай крыніцы, той не зможа ствараць яркіх, паўнакроўных твораў.[11]
Пісьменнік выказвае свае адмоўныя адносіны да няўдалых наватвораў, непатрэбных запазычанняў, архаізмаў, канцылярызмаў, не ўласцівых беларускай мове дзеепрыметных форм тыпу трэск ламаемых галінак, трымаўшаеся эа жыццё дрэва і г. д. Слушнымі былі многія заўвагі Крапівы па праблеме нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы[10]. Напрыклад:
3 граматычнымі формамі трэба абыходзіцца вельмі асцярожна. Усякае штучнае скасаванне ці уніфікацыя граматычных форм, пакуль яны існуюць у агульнанароднай мове, з'яўляецца шкодным самаўпраўствам[12].
У часы культу асобы І. Сталіна К. Крапіва напісаў шэраг апалагетычных артыкулаў. У 1950-я гады, калі разгарнулася дыскусія па пытаннях беларускага правапісу, Крапіва ўзначаліў Арфаграфічную камісію АН БССР. На падставе яго прапаноў, выказаных у артыкуле «Пытанні беларускага правапісу» і ў працэсе абмеркавання «Праекта змен і ўдакладненняў беларускага правапісу», было ўнармавана напісанне складаных слоў, ужыванне канчаткаў у родным склоне адзіночнага ліку розных груп назоўнікаў мужчынскага роду, адноўлена народная традыцыя адрозніваць дзеяслоўныя формы абвеснага і загаднага ладаў (бераце — бярэце), вернуты лічэбнікам два, дзве, абодва, абедзве іх родавыя формы і адпаведныя склонавыя канчаткі, праведзена шмат удакладненняў і змен[10].
Пры непасрэдным удзеле і пад навуковай рэдакцыяй К. Крапівы выдадзены «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963). Разам з Р. І. Аванесавым і Ю. Ф. Мацкевіч выпусціў працу «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968, карты — 1969).
У артыкулах «Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства» (1976) і «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» (1979) Кандрат Крапіва ахоўвае арыентацыю на «збліжэнне і ўзаемнае ўзбагачэнне» беларускай і рускай моў, перасцерагае некаторых аўтараў рабіць у мове змены і ўдакладненні «без санкцыі тых устаноў, на якія ўскладзены абавязак наглядаць за станам літаратурнай мовы».
Сям’я
У 1919 годзе ажаніўся з Аленай Канстанцінаўнай Махнач, медсястрой па адукацыі. Кандрат Крапіва перажыў сваю жонку на 27 гадоў і больш не жаніўся. Першы сын (нар. 1920) загінуў у маленстве, другі сын Барыс (нар. 1922), які быў ваенным, загінуў у канцы 1942 года пры абароне Сталінграда, малодшая дачка Людміла (нар. 1935) рана пайшла з жыцця. Малодшы сын Ігар (нар. 1929) стаў архітэктарам і прадоўжыў род у шлюбе з Зояй Мікалаеўнай. Яго сын Мікалай Атраховіч працуе журналістам у «Мінскім кур’еры», дачка Алена — вучоны сакратар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы[13].
Узнагароды і прэміі
Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Тройчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР: у 1941 за п’есу «Хто смяецца апошнім», у 1951 за п’есу «Пяюць жаваранкі», у 1971 — за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п’есу «Брама неўміручасці».
Ацэнкі
У прадмове да апошняй прыжыццёвай кнігі Кандрата Крапівы (1989) пісьменнік і літаратуразнаўца Іван Навуменка заўважыў: «Калі б Кандрат Крапіва нават не напісаў сваіх драм і сатырычных камедый, рамана „Мядзведзічы“, то аднымі толькі сваімі байкамі, сатырычнымі вершамі ён заняў бы адно з першых месцаў у беларускай літаратуры». І крыху ніжэй растлумачыў: «Гэта такі згустак вострага народнага розуму, варожага смеху, абсмейвання зла і зацвярджэння дабра, якіх да Крапівы не ведала беларуская літаратура»[5].
Палітык і навуковец Зянон Пазняк сцвярджае, што па поглядах Кандрат Кандратавіч быў «вырабленым сталіністам», але згадвае, што менавіта Крапіва перашкодзіў сакратару парткама Акадэміі навук Петрыкаву дамагчыся «взяць на учот всех, разгаварываюшчых в Акадземіі на беларускам языке». Па ўражанні Пазняка, аўтар п’есы «Хто смяецца апошнім», «відаць, быў зьбянтэжаны», калі зразумеў, што гэтым творам «паслужыў і сталіністам, і антысталіністам». Таксама З. Пазняк згадвае, што да віцэ-прэзідэнта АН БССР акадэміка К. Атраховіча (Крапівы) мала хто аб нечым звяртаўся, бо ведалі, што той «нікому ні ў чым не дапамог, і марнавацца не мела сэнсу»[14].
Пісьменнік Васіль Быкаў выказаў свой погляд на Руска-беларускі слоўнік Кандрата Крапівы: «Акадэмія навук Беларусі выдала расейска-беларускі слоўнік пад рэдакцыяй акадэміка Крапівы, дзе беларуская лексыка амаль упадабнялася да расейскай, што, паводле задумы, павінна было працаваць на зьліцьцё народаў у адну братнюю сям’ю. Народы не зьліліся, але моўнай шкоды той слоўнік нарабіў нямала»[15].
Памяць
Створаны дакументальны фільм «Кандрат Крапіва» (1983, рэж. М. Купеева)[4]
У гонар Кандрата Крапівы названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Уздзенская сярэдняя школа № 2[4]
У Мінску на доме № 76 па праспекце Незалежнасці, у якім жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка[4]
У 1996 годзе ў гонар Кандрата Крапівы ў Беларусі выпушчана паштовая марка
Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9. — С. 268.