Белорусская военная газета. Во славу Родины

«Белорусская военная газета. Во славу Родины»
Тып газета
Заснавальнік Беларуская ваенная акруга
Краіна
Заснавана 22 чэрвеня 1921
Палітычная прыналежнасць Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
Галоўны офіс
Вэб-сайт vsr.mil.by

«Белору́сская вое́нная газе́та. Во сла́ву Ро́дины» — беларуская газета, орган Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь з 1992 года. Друкаваная версія выходзіць 3 разы на тыдзень[1]. Рэдакцыя размяшчаецца ў Мінску па вуліцы М. Багдановіча, 29.

Газета асвятляе пытанні развіцця і ўдасканалення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, арганізацыі вайсковай службы з улікам патрабаванняў часу, новыя падыходы ў вырашэнні праблем сучаснага ваеннага будаўніцтва, адукацыі, падбору кадраў, культурнага жыцця арміі, развіцця армейскага спорту. Публікуе матэрыялы аб сістэме ідэалагічнай работы ў часцях і падраздзяленнях, па ваенна-патрыятычным выхаванні, а таксама гістарычныя нарысы і мастацка-дакументальныя аповесці, артыкулы да юбілейных дат дзеячаў мастацтва і літаратуры. Выданне рэгулярна змяшчае тэматычныя выпускі «Равнение на подвиг», «Побратим», «Граница», «Союзники» (сумесна з рэдакцыяй расійскай газеты «Красная звезда»)[1].

Гісторыя

Газета выдаецца з 22 чэрвеня 1921 г. як чырвонаармейская франтавая і ў якасці органа ваенных акруг у гарадах Смаленск (Расія) і Менск. Да 1947 г. выходзіла пад назвай «Красноармейская правда»[2]. З 1947 г. пад назвай «Во славу Родины»[1], орган Беларускай ваеннай акругі[2].

За самаадданую працу супрацоўнікаў рэдакцыі ў час Вялікай Айчыннай вайны газета ўдастоена ордэна Чырвонай Зоркі (Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22.2.1968)[2].

На старонках выдання шмат увагі надавалася абагульненню франтавога вопыту і папулярызацыі подзвігаў чырвонаармейцаў, публікаваліся матэрыялы пра Герояў Савецкага Саюза. Супрацоўнікі рэдакцыі асвятлялі пытанні савецкай ваеннай навукі з мэтай фарміравання творчага падыходу да ваеннай справы і якаснай падрыхтоўкі кадраў[2].

З 1992 г. газета з’яўлялася цэнтральным друкаваным органам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Выдавалася штодзённа на рускай і беларускай мовах, публікавала інфармацыю пра баявую падрыхтоўку, жыццё арміі, ваенную адукацыю і ваенна-патрыятычнае выхаванне. На яе старонках уздымаліся тэмы правапарадку, дысцыпліны, сацыяльнай абароненасці ваеннаслужачых, іх сем’яў і ваенных пенсіянераў; друкаваліся матэрыялы па ваеннай гісторыі Беларусі, геральдыцы, народныя паданні пра заснаванне старажытных беларускіх гарадоў, успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама рэцэнзіі на кнігі па гісторыі Беларусі. Выданне мела наступныя рубрыкі: «Беларусь: архівы часу», «Гісторыя: вырваныя старонкі», «Паходня», «Даведнік», «Айчына і вера»[2].

У 2001 г. рэдакцыя газеты за шматгадовую дзейнасць па патрыятычным і маральным выхаванні моладзі была ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь[2].

Са снежня 2005 г. выходзіць пад назвай «Белорусская военная газета. Во славу Родины»[2].

Газета з 9 лютага 2009 г. уваходзіць у склад дзяржаўнай установы «Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь „Ваяр“». Яе рэдакцыя ў складзе агенцтва пераехала ў новы будынак па адрасе вул. М. Багдановіча, 29, дзе перад Вялікай Айчыннай вайной размяшчаліся старая рэдакцыя і друкарня газеты «Красноармейская правда»[1].

У 2010 г. газета ўвайшла ў сусветны электронны інфакіёск прэсы, маючы пастаянных падпісчыкаў у Бельгіі, Швецыі, ЗША, Канадзе, Афганістане і іншых краінах свету. З 2012 г. пачалася падпіска на выданне ў інтэрнэце праз мабільнаю праграму. На сучасны момант газета мультымедыйная: электронная версія газеты прадстаўлена на сайце рэдакцыі, артыкулы і відэаролікі публікуюцца ў буйных сацыяльных сетках, на відэасэрвісе YouTube (на інтэрнэт-канале Міністэрства абароны)[1].

Крыніцы

  1. а б в г д «Белорусская военная газета. Во славу Родины» // Беларуская энцыклапедыя
  2. а б в г д е ё «Во славу Родины» // Беларуская энцыклапедыя

Спасылкі