«Маладня́к» — Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк» — аб’яднанне беларускіх савецкіх пісьменнікаў, якое існавала з 1923 па 1928 гады. Першае літаратурнае аб’яднанне Беларусі.
25-29 лістапада 1925 года адбыўся Першы Усебеларускі з’езд «Маладняка», у ім узялі ўдзел 74 (ці 71) дэлегаты, у тым ліку Майк Ягансан і Уладзімір Гадзінскі ад Украіны. Захаваўся фотаздымак удзельнікаў[1]. Як было агалошана на з’ездзе, «Маладняк» на той час складаўся са 101 сябра, 89 кандыдатаў і 128 студыйцаў, якія ўваходзілі ў 12 філій[2].
Кіраўнічы орган: Прэзідыум, потым — Цэнтральнае Бюро (з лютага 1925 года). ЦБ у розныя гады ўзначальвалі М. Чарот, А. Вольны, У. Дубоўка, П. Галавач. Друкаваны орган — часопіс «Маладняк» (нумары з 9/1926 да 11/1928). Многія філіялы мелі ўласныя часопісы або альманахі. З мая 1925 года аб’яднанне выдавала на свае сродкі бібліятэчку («кніжніцу») — невялікія зборнікі твораў сваіх сяброў (выйшла каля 60).
З цягам часу ў аб’яднанні выспеў крызіс, вынікам якога стаў расклад арганізацыі і выхад з яе складу ў маі 1926 многіх сяброў (Чорны, Крапіва, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Пушча, Лужанін і інш.) а на мяжы 1927—1928 гадоў — і асноўнага кіравальнага ядра (Чарот, Зарэцкі, Вольны, Дудар, Сташэўскі і інш.). Аб’яднанне было рэарганізавана ў БелАПП (лістапад 1928 года).
Дзейнасць
Творчая праграма была сфармулявана ў дэкларацыі (снежань 1924 года): «…ідэі матэрыялізму, марксізму і ленінізму ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці»; мастацкі вобраз павінен аб’ектыўна адпавядаць рэальнасці. Праграма ўдакладнялася новымі дэкларацыямі (1925, 1926) у кірунку размежавання творчай і культурна-масавай працы, барацьбы за развіццё марксісцкай крытыкі і інш.
Аб’яднанне праводзіла вялікую выхаваўчую працу сярод моладзі, садзейнічала выяўленню талентаў, наладжвала сувязі з літаратурнымі арганізацыямі іншых ССР (Украінскай, Расійскай, Грузінскай), кнігаабмен з іншымі краінамі.
Савецкая крытыка адзначала, што творчасць маладнякоўцаў была прасякнутая пафасам сцвярджэння сацыялістычнага ладу, вызначалася пошукамі новых мастацкіх форм і сродкаў. Аднак многія з сяброў абвяшчалі літаратурную спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем, фармалістычным штукарствам («бурапена»). У сваёй дзейнасці аб’яднанне кіравалася ўказаннямі кампартыі, было цесна звязанае з камсамолам і стаяла на цвёрдай ідэалагічнай платформе, хоць і дапускала пралікі і памылкі.[3]
Зноскі
↑Віктар Жыбуль, Васіль Дранько-Майсюк. Бесклапотныя каралі беларускай літаратуры // ЛіМ № 46 (5001) 23 лістапада 2018
Перкін Н. С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг. — Мн., 1960.
Пшыркоў Ю. С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гадоў). — Мн., 1960.
Хромчанка К.Маладняк // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3. Карчма — Найгрыш. — С. 410—411. — 751 с. — 10 000 экз.
«Маладняк» // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 459. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.