• Іншарэгіянальныя антыэфіопскія апазіцыйныя сілы (са жніўня 2021[9])
пры падтрымцы:
Эрытрэйская апазіцыя (па заяве ўрада[6]) Судан (з 12.12, па заяве ўрада[10]) ЗША (дыпламатычная[11] і санкцыйная[12] падтрымка) Егіпет (матэрыяльная падьрымка[13])
Тыграйскі канфлікт — узброенае супрацьстаянне паміж федэральным урадам Эфіопіі і мясцовымі ўладамі рэгіёну Тыграй, якое ўспыхнула 4 лістапада2020 года. Прычынамі канфлікту сталі даўнія супярэчнасці паміж федэральным урадам Абія Ахмеда Алі і кіруючай штатам партыяй Народны фронт вызвалення Тыграя. Алі з самага пачатку свайго прэм’ерскага тэрміну прыкладаў намаганні для зніжэння ўплыву НФВТ. У адказ партыя ігнаравала асобныя федэральныя акты і ўказанні на тэрыторыі рэгіёну.
У выніку лістападаўскай аперацыі ўрадавая армія Эфіопія змагла выцесніць праціўніка з галоўных гарадоў і аднавіць кантроль над большай часткай Тыграя. Нягледзячы на шэраг буйных паражэнняў НФВТ працягнуў супраціў і нават змог утрымаць некаторыя горныя раёны рэгіёну. Адначасова падчас канфлікту бакі абвінавачвалі тыя ці іншыя замежныя сілы ў прамым удзеле ў вайне, што напаліла палітычную абстаноўку ў гэтай частцы Афрыкі.
У чэрвені 2021 года антыўрадавыя сілы разгортваюць наступленне. Да канцы месяца эфіопскія войскі і іх саюзнікі былі выбіты з часткі цэнтральнага і ўсходняга Тыграя, у тым ліку рэгіянальнай сталіцы Мэкэле. У кастрычніку ўлады распачалі спробу рэваншу за летнія падзеі, але пацярпелі няўдачу. У гэты час тыграйскія паўстанцы кансалідуюцца з іншымі апазіцыйнымі групоўкамі краіны і разгортваюць дзейнасць за межамі рэгіёну. Тым не менш у канцы года ініцыятыва пераходзіць да федэральнай арміі.
У наступным годзе бакі селі за стол перамоваў і дамагліся мірнага пагаднення.
Перадгісторыя
Эфіопія — усходне-афрыканская дзяржава без выхаду да мора. Насельніцтва краіны складае больш за 100 мільёнаў чалавек. Адрозніваецца значнай этнакультурнай разнастайнасцю. Краіна падзелена на 10 рэгіёнаў, таксама званых штатамі. У кожным суб’екце маецца ўласны выбарны ўрад, заканадаўства, з перавагай той ці іншай этнічнай групы. Адным з такіх рэгіёнаў з’яўляецца Тыграй, населены прадстаўнікамі народнасці тыграі. Ён размешчаны на паўночным захадзе дзяржавы паміж Эфіопіяй і Эрытрэяй. Прадстаўнікі народнасць тыграі складаюць большасць насельніцтва суседняй Эрытрэі[30].
На працягу доўгага часу выхадцы з гэтай вобласці мелі важную ролю ў кіраванні Эфіопіяй, а НФВТ уваходзіў у кіруючую кааліцыю «Рэвалюцыйна-дэмакратычны фронт эфіопскіх народаў». Раней ва ўладзе стаяў народ амхара з аднайменнага штата. XX стагоддзе прайшло ва ўмовах панавання менавіта яго. Нават пераход улады ад манархіі да марксісцка-ленінскай групоўцы афіцэраў «Дэрг» у 1974 годзе нічога не змяніў: прадстаўнікі амхара захавалі сваё вяршэнства. Здзейсніўшы ваенны пераварот, «Дэрг» узяла за прыклад СССР. Прыватны гандаль забаранілі, сялян заганялі сілай на дзяржпрадпрыемствы — у калгасы, на нязгодных абрынуўся тэрор. Калектывізацыя абярнулася катастрофай: прымусовая праца і спроба татальнага дзяржаўнага планавання апынуліся неэфектыўнымі. Каля мільёна людзей загінулі ад голаду. Правалы ва ўнутранай палітыцы прывялі да таго, што ў 1991 годзе, пасля шматгадовай грамадзянскай вайны, улада перайшла да тыграйцаў[31].
У 2018 годзе, з прыходам да ўлады новага прэм’ера Абія Ахмеда, Народны фронт вызвалення Тыграя перайшоў у апазіцыю, імкнучыся дыстанцыявацца ад федэральных уладаў і паказаць сваё асаблівае месца[32]. Асноўнай мэтай новай кіруючай вярхушкі стаў сыход ад этнічнага праўлення ў Эфіопіі, дзе рэгіёны створаны на этнічнай аснове і валодаюць шырокай аўтаноміяй[33]. Тут жа тыграйцаў пачалі выцясняць з бізнесу і з ключавых інжынерных пасад[34]. Тыграйскія палітыкі абвінавачвалі прэм’ер-міністра ў прадузятасці і спробе выціснуць іх з улады, а Абій Ахмед іх — у карупцыі і сабатажы рэформаў[35].
9 верасня2020 года мясцовыя ўлады правялі ўсеагульныя рэгіянальныя выбары ў Савет прадстаўнікоў Тыграя, нягледзячы на забарону федэральнага ўрада, які адмяніў правядзенне выбараў у рэгіёнах з-за пандэміі COVID-19. Парламент Эфіопіі прызнаў выбары неканстытуцыйнымі[36]. Гэтае рашэнне справакавала ўскладненне адносін паміж цэнтральным урадам і ўладамі штата. На выбарах у Тыграі перамог НФВТ. 8 кастрычніка парламент Эфіопіі разарваў адносіны з Саветам прадстаўнікоў Тыграя і рэгіянальнымі выканаўчымі ўладамі[37].
Бакі
Урадавыя сілы мелі некаторую перавагу ў падрыхтоўцы і ўзбраенні. У баях былі заўважаны савецкая 152-мм самаходная гаўбіца 2С19 «Мста-С»[32], РСЗА БМ-21 «Град»[38], 12-ствольная кітайская РСЗА PHL03[32], штрумавік Су-25[32], знішчальнік МіГ-23[39] і баявыя дроны[40].
Аднак напярэдадні вайны значна знізіла патэнцыял праўрадавых сіл звальненне з арміі некалькіх тысяч тыграйскіх афіцэраў[41]. Адначасова ўзніклі праблемы з маральных духам лаялістаў. Так, у пачатку баявых дзеянняў каля трыццаці вайскоўцаў адмовіліся падпарадкавацца і беглі ў суседні Судан[42]. Разам з тым гаварылася і пра перабежчыкаў са складу Паўночнага камандавання ўзброеных сіл, якія далучыліся да праціўніка[6].
У сваю чаргу атрады НФВТ, прадстаўленыя ў асноўным апалчэннем, рэгіянальным спецназам і паліцыяй, мелі ў распараджэнні ЗРК С-125, якія зніжалі актыўнасць варожай авіяцыі[32]. Яны таксама валодалі некаторай колькасцю бранятэхнікі і артылерыйскіх сістэм[30].
Акрамя вышэйпералічаных, у канфлікце прымалі актыўны ўдзел апалчэнцы Фано. Байцы міліцыі — прадстаўнікі народа амхара. Групоўка сфармавалася ў 2010-х гадах, а павелічэнне ўплыву і ролі арганізацыі адбылося ў 2019 годзе ў сувязі з прыходам да ўлады прэм’ер-міністра Абія Ахмеда Алі[48]. Апалчэнцы прытрымліваліся ўльтранацыяналістычнай ідэалогіі, якая мае на ўвазе дэмантаж федэральнай сістэмы і аднаўленне цэнтралізаванай «імперскай» дзяржавы, дзе ў мінулым дамінавалі эліты амхара[49]. Яны мелі падтрымку з боку рэгіянальнага ўрада штата Амхара, які за кошт Тыграя планаваў стварыць дзве новыя адміністрацыйныя зоны. Амхарскія лабісты дамагаліся прадастаўлення супляменнікам найбольш ўрадлівых зямель[34].
4 лістапада эфіопскія ўлады заявілі, што Народны фронт вызвалення Тыграя здзейсніў серыю нападаў на часці ўрадавай арміі ў Мэкэле і на мяжы з рэгіёнам Амхара. У выніку загінулі некалькі салдат, пашкоджанні атрымала бранятэхніка[50]. У той жа дзень федэральны парламент прапанаваў прызнаць Народны фронт вызвалення Тыграя тэрарыстычнай арганізацыяй[51]. Пасля ў рэгіёне ўведзена надзвычайнае становішча, да яго межаў пачалі сцягвацца падраздзяленні Узброеных сіл Эфіопіі. Згодна з заявай урада, асноўнымі задачамі дзеянняў федэральных уладаў у Тыграі сталі падтрыманне законнасці і прыцягненне да адказнасці асоб, якія дэстабілізуюць сітуацыю ў краіне[52]. Адначасова з гэтым, лідар Тыграя і старшыня НФВТ Дэбрэцыан Гебрэмікаэль прывёў апалчэнне, ваенізаваныя фарміраванні і Народны фронт вызвалення ў поўную боегатоўнасць[53]. Тым часам улады Эфіопіі адключылі ў Тыграі электрычнасць, тэлефонную сувязь і інтэрнэт. У Мэкэле была чутна страляніна. Федэральныя СМІ Эфіопіі паведамілі аб першых ахвярах сутыкненняў на мяжы[51]. Таксама было заяўлена, што Дэбрэцыян Гебрэмікаэль адхілены ад улады, а замест яго адміністрацыі ствараўся Пераходны ўрад на чале з Мулу Нега.
Урад краіны разгарнуў шырокамаштабную ваенную аперацыю супраць НФВТ. Пасля серыі лакальных сутыкненняў і паветраных налётаў федэральная армія пачала штурм Хамеры, аднаго з ключавых гарадоў рэгіёну. Тут размяшчалася база тыграйскага спецназа, які мог аказаць сур’ёзны супраціў ворагу, але з-за праблем на іншых участках фронту кіраўніцтва НФВТ адклікала спецназ з горада. У выніку Хамера засталася пад абаронай толькі апалчэнцаў, што не змаглі сур’ёзна супрацьстаяць урадавым войскам. Пазней спецназ усё ж вярнуўся ў Хамеру, але яму не ўдалося пераламаць сітуацыю. Ужо 11 лістапада горад паў[54].
Паралельна НФВТ заявіў, што Эрытрэя пачала ваеннае ўварванне ў Тыграй з мэтай атакі на паўстанцаў і падтрымкі федэральных войск Эфіопіі[55]. У сваю чаргу Абій Ахмед заявіў, што Эрытрэя, а таксама Джыбуці, Самалі, Судан і Кенія цалкам падтрымліваюць пазіцыю яго ўрада ў дачыненні да крызісу ў Тыграі, але выключна на дыпламатычным узроўні. Тым не менш раніцай 14 лістапада сілы НФВТ нанеслі ракетны ўдар па Эрытрэі, як мінімум 2 ракеты трапілі ў аэрапорт горада Асмэра[56].
17 лістапада прэм’ер-міністр Абій Ахмед Алі заявіў, што эфіопская армія пачынае ў рэгіёне «вырашальнае наступленне»[57]. Пасля гэтага ўрадавыя войскі занялі гарады Шырэ, Аксум, Адыграт і Ідага-Хамус, раёны Чэрчар і Гагуфта-Механі, тым самым разгарнуўшы рух на сталічны Мэкэле[58]. 26 лістапада эфіопскія ўрадавыя войскі пачалі штурм наваколля горада[59]. Лідар паўстанцаў Дэбрэцыан Гебрэмікаэль заявіў, што яго сілы «гатовы стаяць да смерці» для абароны Мэкэле[60]. У той жа час Мэкэле падвергнуўся інтэнсіўнай бамбардзіроўцы з боку федэральных войск[61]. 28 лістапада ён цалкам перайшоў пад кантроль урада. Прэм’ер-міністр Абій Ахмед Алі абвясціў пра завяршэнне ваеннай аперацыі ў Тыграі і перамозе ўрадавых сіл[62]. Аднак Дэбрэцыан Гебрэмікаэль заявіў, што іх узброены барацьба супраць федэральных сіл будзе працягнута[63].
Па стане на канец лістапада і пачатак снежня байцы «фронту» ўсё яшчэ кантралявалі горныя раёны Тыграя. У рэгіёне была разгорнута партызанская вайна. Паўстанцы збівалі самалёты праціўніка[39][64] і здзяйснялі напады на ваенныя калоны[65]. Крыху пазней тыграйскія сілы перайшлі ў контрнаступленне. Так, 22 снежня прэс-сакратар НФВТ Гетачу Рэда заявіў у сваім Твітэры, што сілы ўрада Эфіопіі былі адкінуты ў Медэбай-Зана, страціўшы пры гэтым сотні салдат у Надэры Адэце і Асгедэ-Цымбла[66]. 31 снежня ўрадавая армія і эрытрэйскі падраздзяленні былі выбіты сіламі НФВТ з гарадоў Агула і Май Мэкдэн[67].
Таксама ў снежні адбылося абвастрэнне на мяжы з Суданам, дзе пачаліся ўзброеныя сутыкненні за спрэчныя раёны Курайша і Аль-Фашака паміж суданскім і эфіопскім бокам. Апошні абвінаваціў Хартум у супрацоўніцтве з тыграйскімі баевікамі[10][68][69].
У пачатку студзеня 2021 года эфіопскія сілавікі правялі шэраг спецаперацый па злове і арышце высокапастаўленых членаў НФВТ. 8 студзеня была праведзена спецаперацыя ўрадавых сіл у раёне Кола Тэмбеін, у выніку якой быў арыштаваны Себхат Нега, адзін з заснавальнікаў партыі[70]. У ходзе мерапрыества былі таксама арыштаваны два палкоўнікі тыграйскіх войскаў і жонка Себхата, а некалькі яго целаахоўнікаў і жанчына-актывістка НФВТ былі забіты ў перастрэлцы з урадавай арміяй[71]. 10 студзеня арыштаваны 7 вышэйшых членаў НФВТ, сярод якіх Абай Велду, былы старшыня партыі (2012—2017) і былы прэзідэнт рэгіёну Тыграй (2010—2018), і Абрахам Тэкэзэ, былы віцэ-прэзідэнт рэгіёну Тыграй і былы міністр фінансаў Эфіопіі. У ходзе спецаперацыі былі таксама забіты 15 паўстанцаў, сярод якіх генерал-маёр Ібрагім Абдулджэліл, што раней кіраваў аддзяленнем матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння эфіопскай арміі і перайшоў на бок НФВТ падчас канфлікту[72]. 13 студзеня падчас чарговай спецаперацыі ўрадавых сіл загінулі Сеюм Месфін, а таксама былыя міністры федэральных спраў Абай Цэхае і Асмелаша Валдэсласі[73][74].
8 лютага паўстанцы пачалі новае кантрнаступленне. Яно пачалося 14 лютага, калі адбыліся жорсткія баі паміж эфіопскай арміяй і сіламі НФВТ побач з Самрэ. Паўстанцы сцвярджалі, што 32-я дывізія федэральных войск была «знішчана»[75]. На наступны дзень, 15 лютага, тыграйскія апалчэнцы адваёўваюць Самрэ, Гіет і Майкінеталь. У гэты ж час урадавая армія прыступае да пабудовы абарончых збудаванняў вакол Мэкэле[76]. 16 лютага адбыліся ўзброеныя сутыкненні ў гарадах Шырэ і Ваджырат, а Самрэ і Гіет падвяргліся паветраным бамбардзіроўкам ВПС Эфіопіі. У НФВТ заявілі, што збілі два самалёты праціўніка[77]. 18 лютага сілы НФВТ засяродзіліся на наступленні ў раёне населеных пунктаў Тэмбейн, Ады-Хіла і Джувамарэ[78].
19 лютага НФВТ нечакана выказаў сваё жаданне правесці мірныя перамовы, абвясціўшы восем папярэдніх умоў[79]. 20 лютага Нацыянальны кангрэс Вялікага Тыграя, Партыя незалежнасці Тыграя і Сальсай Веане Тыграй апублікавалі шэсць патрабаванняў да міжнароднай супольнасці, звязаных з мірным працэсам па ваеннаму канфлікту[80]. 21 лютага праваабарончая арганізацыя «Себ Хідры» падтрымла патрабаванні мірнага працэсу ад трох тыграйскіх партый, а таксама дадаткова запатрабавала размяшчэння міратворчых сіл ААН па назіранні за выкананнем правоў чалавека і падтрыманні міру і правядзення пад кіраўніцтвам ЮНЕСКА расследавання знішчэння культурнай спадчыны[81].
Урад не зрабіў якіх-небудзь сустрэчных крокаў па мірным урэгуляванні, і тады паўстанцы працягнулі супраціў. 27 лютага па ўсяму Тыграю, асабліва ў цэнтральных раёнах, нечакана актывізаваліся баі[82]. 9 сакавіка пад націскам баевікоў войскі ўрада адступілі з Абій-Ады. У той жа час крыніцы ў НФВТ паведамлялі, што эрытрэйскія сілы таксама пакінулі шэраг сваіх пазіцый, заняўшы новыя рубяжы ў гарах ля Адыграта, папярэдне канфіскаваўшы жывёлу і прадукты харчавання ў мясцовых жыхароў[83].
На пачатак красавіка УС Эфіопіі ўдалося прыпыніць наступленне праціўніка. Урад падзяліў сваю ваенную групоўку на восем франтоў. Тыграйскія паўстанцы замест утрымання пэўных пазіцый перыядычна сталі пераходзіць з месца на месца, што ўскладніла іх знішчэнне[84].
18 чэрвеня ў пяць гадзін раніцы 3-я і 4-я арміі Сілы абароны Тыграя ў Агбе і на ўсім шляху да Хагеры Салама перайшлі ў наступленне[85]. Пазней да іх далучыліся сілы 1-й арміі[86]. Паўстанцкія сілы абвясцілі, што дадзеныя манеўры праходзяць у рамках аперацыі пад кодавай назвай «Алула». Яна названа ў гонар тыграйца Рас Алула[87][88][89], аднаго з самых бачных ваеначальнікаў эфіопскай арміі другой паловы XIX стагоддзя і ўдзельніка некалькіх буйных бітваў, такіх як Галабата, Дагалі і Адуа.
У гэты самы момант з Мэкэле ў раёны асноўных удараў праціўніка ўрадавая армія выслала падмацаванне[90]. Аднак уладам не ўдалося стрымаць націск баевікоў, паступова здаючы праціўніку тэрыторыю. Адначасова ў Інтэрнэце распаўсюдзіліся здымкі, якія сведчаць аб масавай здачы байцоў федэральнай арміі ў палон[91]. 22 чэрвеня паўстанцы падышлі да ўскраін Мэкэле[92][93], а 28 чэрвеня яны ўвайшлі ў горад, дзе пачаліся масавыя ўрачыстасці з гэтай нагоды. У сваю чаргу ўлады Эфіопіі абвясцілі аб аднабаковым спыненні агню[94]. Падобную ініцыятыву баевікі ўспрынялі негатыўна, адмовіўшыся спыніць баявыя дзеянні. Прэс-сакратар НФВТ Гетачу Рэда назваў рашэнне ўладаў благім жартам і адзначыў, што паўстанцы будуць працягваць наступленне. На наступны дзень, 29 чэрвеня, пад націскам тыграйскіх сіл эрытрэйцы пакінулі Шырэ, Аксум і Адву[95].
6 ліпеня паўстанцы абвясцілі аб мабілізацыі з мэтай адваёвы Заходняга Тыграя ад Фано[96]. 13 ліпеня САТ узялі гарады Аламата і Карэм[97]. Пасля гэтага баевікі перасяклі раку Тэкэзэ і прасунуліся на захад, захапіўшы горад Май Цэбры[98].
У гэтых умовах Эфіопія пачала мабілізацыю. Былі сабраны апалчэнні, аб’яднаныя па рэгіянальна-этнічным прынцыпе, якія сумесна з рэгулярнай арміяй і «Фано» ўтрымлівалі далейшае прасоўванне тыграйцаў[41]. 20 ліпеня рэгіянальныя сілы з Ароміі, Сідамы, Самалі мабілізуюцца для падтрымкі федэральных войск у Тыграі[99]. Тым часам паўстанцы пачалі пачалі ўварванне ў рэгіён Афар[100][101].
Да 15 жніўня баевікі занялі такія гарады як Лалібэла, Вельдыю, Нэфас Мевча, Дэбрэ-Зебіт, Секата і Чэчаха. Усе яны знаходзіліся за межамі Тыграя, а менавіта ў рэгіёнах Афар і Амхара.
8 кастрычніка эфіопская армія разгарнула наступленне ўздоўж усёй лініі фронту ў рэгіёнах Тыграй і Амхара. Урадавыя сілы і іх саюзнікі здзейснілі серыю наземных нападаў, падтрыманых дронамі і авіяцыяй. Абій Ахмед абвясціў аб пачатку «апошняга наступлення»[102]. Спачатку баявыя дзеянні сканцэнтраваліся ў раёнах Паўночны Вола і Паўночны Гондэр у рэгіёне Амхара, у асноўным вакол гарадоў Вегельтэна, Вургеса і Аро. У 10-х чыслах сутыкненні фіксаваліся ў раёнах гарадоў Дэсэ, Мерса, Гашэна, якія ляжаць на стратэгічна важных аўтатрасах. Інтэнсіўныя баі адбываліся таксама пад горадам Чыфра ў штаце Афар. Афарскі Чыфра і амхарскі Вучалі падвергнуліся абстрэлам з цяжкіх артылерыйскіх гармат НФВТ, у ходзе якіх загінулі каля 30 мірных жыхароў[103]. Адначасова Ваенна-паветраныя сілы Эфіопіі здзейснілі бамбардзіроўкі пазіцый праціўніка[104]. Авіяцыя актыўна бамбіла Мэкэле. Паветраным нападам падвергліся цэментны завод, гатэль «Планета», прадпрыемства Mesfin Industrial Engineering, галоўны кампус універсітэта і аэрапорт[105][106]. Разам з тым авіяцыяй лаялістаў быў знішчаны навучальны цэнтр НФВТ у Май Цэбры, а таксама буйны вытворчы аб’ект у горадзе Адва. Нападам з паветра падвергліся таксама аб’екты тэлекамунікацыйнай інфраструктуры Тыграя[107].
Аднак сітуацыя пачала складвацца не на карысць уладаў. У канцы кастрычніка САТ самі перайшлі ў наступленне. Пасля некалькіх зруйнавальных удараў, абарона Узброеных сіл Эфіопіі пачала рассыпацца. Вынікамі сталі захоп гарадоў Дэсэ[108], Камбольча[109] і пагроза акружэння двух рэгулярным дывізій, якія паспешліва адступілі да Адыс-Абебы. Разам з тым, тысячы вайскоўцаў здаліся ў палон. Сярод захопленых быў і камандзір 91-й пяхотнай дывізіі Тадэсе Андэле[110]. Урадавая армія апынулася дэмаралізаванай і страціла каля 250 адзінак ваеннай тэхнікі[111].
31 кастрычніка ў раёне гарадоў Камбольча і Камісі тыграйцы злучыліся з групоўкай «Вызваленчая армія Арома» (ВАА), якая вяла баявыя дзеянні супраць дзеючых уладаў у штаце Аромія. На той момант яна валодала некалькімі гарадамі ў заходняй, цэнтральнай і паўднёвай частках рэгіёну[112]. У гэты час паўстанцы разгарнулі актыўнае прасоўванне ў бок Адыс-Абебы[113]. Фіксавалася, што структура кіравання ўрадавых войскаў павалілася, і на фронце пачаўся хаос[114].
5 лістапада было абвешчана аб стварэнні альянсу «Аб’яднаны фронт эфіопскіх федэралісцкіх і канфедэралісцкіх сіл» (АФЭФКС), які аб’ядноўваў розныя антыўрадавыя сілы. У склад кааліцыі ўвайшлі дзевяць арганізацый, у тым ліку НФВТ і ВАА. АФЭФКС паставіў сваёй мэтай захаванне федэралісцкага кіравання, а таксама звяржэння Абія, прычым як гвалтоўным, так і мірным шляхам. Пасля гэтага перадаць меркавалася ўсталяваць пераходны ўрад, які павінен правесці выбары[115].
У канца месяца ўлады прадпрымаюць спробу контрнаступлення, якая мела некаторыя поспехі. Ужо 1 снежня федэральныя войскі зрабілі справаздачу аб вызваленні Шэва-Рабіт за 220 км ад Адыс-Абебы[116]. Яны таксама ўзялі шэраг бліжэйшых гарадоў, такія як Дэбрэ-Сіна, Веген-Тэна, Мезэзо, Малале і Лалібэла[117]. 5 снежня стала вядома аб узяцці Дэсэ і Камболчы[118]. Ужо 20 снежня Гетачу Рэда заявіў, што тыграйскіх сілы вымушаныя будуць пакінуць некаторыя занятыя тэрыторыі ў штатах Амхара і Афар і сысці назад у Тыграй[119]. Да канца года ўлады зноў уступілі ў Тыграй. У прыватнасці, яны адбілі Аламату на паўднёвай ускраіне рэгіёна[120]. У пачатку новага 2022 года ўзброеныя сілы Эфіопіі, развіваючы свае поспехі, абрынулі ўдары беспілотнікаў на падкантрольныя баевікам тыграйскія гарады Дэдэбіт[121], Май-Цэбры[122] і Хівана[122].
1 верасня 2022 года кіраўніцтва паўстанцаў абвінаваціла ўлады Эфіопіі і Эрытрэі ў пачатку наступлення на іх пазіцыі на паўночным захадзе Тыграя, а 9 верасня — у наступленні на паўночным усходзе штата. Афрыканскі саюз прапанаваў бакам пад сваёй эгідай перамовы, якія пачаліся 25 кастрычніка ў горадзе Прэторыя (ПАР). Праз дзевяць дзён перамоваў, 2 лістапада, адбылася цырымонія падпісання пагаднення аб спыненні баявых дзеянняў. Дакумент, пацвярджаючы суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Эфіопіі, прадугледжваў спарадкаванае і скаардынаванае раззбраенне бакоў, аднаўленне правапарадку на поўначы дзяржавы, бесперашкодны доступ насельніцтва да гуманітарнай дапамогі[123].
У ходзе канфлікту зафіксаваны шматлікія выпадкі пазасудовых забойстваў мірных жыхароў. Зламыснікі часта захоўвалі відэа і фотаздымкі сваіх расправаў[125]. Пераважная большасць масавых забойстваў былі здзейснены федэральнай арміяй і яе саюзнікамі. Сярод прычын такіх паводзінаў называюць помсту за паразы ад САТ, супрацоўніцтва грамадзянскіх асоб з баевікамі і міжэтнічную нянавісць[126].
Упершыню пра згвалтаванні загаварылі 4 студзеня 2021, калі Europe External Programme with Africa (EEPA) паведаміла, што вялікая колькасць жанчын падвергнулася сексуальнаму гвалту[127]. У злачынствах абвінавачваліся войскі федэральных уладаў.
У канцы сакавіка лічба згвалтаванняў, зарэгістраваных у пяці медыцынскіх установах Мэкэле, Адыграта, Вукро, Шырэ і Аксума, склала 512—516[128][129]. Толькі ў Адыграцкай бальніцы было зарэгістравана 170 згвалтаваных жанчын, прычым назіралася тэндэнцыя да павелічэння колькасці інцыдэнтаў[130]. Вафа Саід, каардынатар дапамогі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, чакаў, што праўдзівая колькасць згвалтаванняў будзе нашмат вышэй, таму што большасць медыцынскіх устаноў не функцыянавала[128]. Таксама кожная ахвяра згвалтавання, як правіла, паведамляла аб 20 іншых жанчын, якія былі згвалтаваны разам з ёй, што не паведамілі аб згвалтаванні ні ў адну бальніцу[129]. 25 сакавіка брытанскі парламентарый Хэлен Хэйс заявіла, што былі згвалтаваны 10 тысяч жанчын[131]. Да сярэдзіны красавіка Фасіка Амдэселасіе, высокапастаўлены чыноўнік грамадскага аховы здароўя ў пераходным урадзе Тыграя, заявіла, што па меншай меры 829 выпадкаў сексуальнага гвалту былі зарэгістраваны ў пяці дзеючых бальніцах з пачатку канфлікту[132].
31 студзеня Філсан Абдулахі, федэральны міністр Эфіопіі па справах жанчын, дзяцей і моладзі, заявіў у адказ на згадванне Дэбрэцыана Гебрэмікаэля аб сексуальным гвалце падчас вайны ў Тыграі, што федэральны ўрад «праводзіць палітыку нулявой цярпімасці да любой формы сексуальнага гвалту», гэта значыць карае злачынцаў[133]. Для расследвання злачынстваў была створана спецыяльная група на чале з былым генеральным пракурорам Аданах Абібі. Мэтавая група, пачынаючы з 1 лютага, апытвала пацярпелых і збірала медыцынскія доказы[134]. Ужо 11 лютага яна ўстанавіла, што згвалтаванні сапраўды мелі месца[134]. Аданах заявіла, што паліцыя апрацоўвала «даныя ў выглядзе лічбаў», не робячы ніякіх заяваў аб усталяванні вінаватых[135].
19 лістапада 2020-га, па даных The New York Times, пасля таго, як эрытрэйскі ўзброеныя сілы прыбылі ў лагер бежанцаў «Хітсат», у дадатак да збіцця і пазасудовых пакаранняў смерцю, яны гвалтоўна забралі 40 бежанцаў-суайчыннікаў назад у Эрытрэю[136].
10 студзеня 2021 года Europe External Programme with Africa (EEPA) заявіла, што бежанцы з Хітсата былі вымушаны вярнуцца ў Эрытрэю. EEPA таксама распавяла пра лагер «Шымельба», які быў цалкам знішчаны, а людзі адтуль вярнуліся ў Эрытрэю[137].
1 лютага «Аль-Джазіра» паведаміла, што сотні бежанцаў з Хітсата прыбылі ў Май-Айні, яшчэ адзін лагер для эрытрэйцаў. Сведка паведаміў AFP, што 26 або 27 бежанцаў былі вывезены ваеннымі ў невядомым кірунку. 2 лютага Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаўФіліпа Грандзі заявіў пасля візіту ў Эфіопію, што эрытрэйскія бежанцы «патрапілі пад крыжаваны агонь, былі выкрадзены і вымушаны вярнуцца ў Эрытрэю пад ціскам эрытрэйскіх войск». Паводле афіцыйнай ацэнцы ААН, лік зніклых без вестак бежанцаў складаў 20 000 чалавек. Па стане на 1 лютага ні КПЧ ААН, ні Эфіопскае агенцтва па справах бежанцаўі вяртанцаў не мелі доступу ў лагеры Хітсат і Шымельба[138].
Гуманітарная сітуацыя
Нестабільная палітычная сітуацыя ў суседніх дзяржавах і шматгадовыя канфлікты прывялі да таго, што Эфіопія стала адным з найбуйнейшых цэнтраў прытулку для бежанцаў у свеце. На пачатак 2020 года ў краіне пражывала 735 204 бежанцаў, у асноўным з Паўднёвага Судана. Тыграй быў адным з рэгіёнаў, дзе ісавала значная колькасць бежанцаў[139]. Успышка канфлікту павярнулася дыяметральна супрацьлеглым роляй: менавіта грамадзяне Эфіопіі сталі бежанцамі. Па даных УВКБ на 13 лістапада, больш за 14,5 тыс. дзяцей, жанчын і мужчын беглі ад вайны ў Паўднёвы і Паўночны Суданы. Акрамя таго, многія эфіопы пакінулі свае дамы і накіраваліся ў іншыя штаты краіны. Значна пагоршылася становішча 96 тысяч бежанцаў з Эрытрэі, якія пражывалі ў Тыграі[140]. Ужо на 18-га, паводле заявы кіраўніка Нацыянальнай камісіі па справах бежанцаў Судана Абдула Сулеймана, у краіне налічвалася 36 тысяч бежанцаў з суседняй дзяржавы. Як адзначылі ў Чырвоным Крыжы, у Эфіопіі і за яе межамі разгортваецца «катастрафічны гуманітарны крызіс»[141]. Шмат эфіопаў перабіраліся праз памежную раку ў суданскі цэнтр для бежанцаў «Хамдаят». Непасрэдны ўдзельнік падзей Менгастаб Абракай, уцякач з зоны баявых дзеянняў, якога цытавала NTD, распавёў наступнае[142]:
У нас там цяжарныя жанчыны засталіся на вуліцах. Вайскоўцы пераследвалі нас да мяжы. Там адбываюцца рабаванні, пагромы і забойствы, такія ж, як былі ў Руандзе. Людзі на вуліцах не елі па тры-чатыры дні. Я не ведаю, дзе мае дзеці.
23 снежня дзяржсакратар Майк Пампеа абвясціў, што Злучаныя Штаты прадаставяць 18 мільёнаў долараў на дапамогу ўцекачам і вымушаным перасяленцам тыграйскага канфлікту[143]. Прэс-сакратар ААН Стэфан Дзюжарык заявіў, што Сусветная харчовая праграма накіравала тэрміновыя медыцынскія матэрыялы, якія дазваляюць лячыць 10 000 чалавек на працягу трох месяцаў, у той час як ежа, адпраўленая ім для 35 000 бежанцаў, дабралася да лагераў Ады Харуш і Май Айні. Ён абвясціў таксама аб пастаўках хімічных рэчываў для ачысткі вады. Акрамя таго, ААН і ўрад Эфіопіі дамовіліся стварыць механізмы абмену гуманітарнай інфармацыяй па Тыграі[144].
Пазней у рэгіёне паўстала вострая праблема з забеспячэннем харчавання. Па стане на студзень 2021 года, сеткай сістэм ранняга папярэджання аб голадзе ў адпаведнасці з комплекснай класіфікацыяй фазы харчовай бяспекі (IPC) становішча ацэнена як крызісны (фаза 3)/надзвычайны (фаза 4) узровень вострай харчовай бяспекі ў значнай частцы рэгіёну[145]. У канцы месяца выданне The Economist сцвярджала, што «верагодна» федэральны ўрад Эфіопіі «наўмысна стрымлівае харчаванне ў спробе змарыць голадам» баевікоў НФВТ[146]. Аднак асобныя прадстаўнікі ўладаў адмаўлялі не толькі штучнае паходжанне крызісу, але і адмаўлялі голад наогул. 10 лютага Абера Тола, кіраўнік эфіопскага таварыства Чырвонага Крыжа (ERCS) заявіў, што асобныя бежанцы з зоны канфлікту «знясілены», а «іх скура трымалася на касцях»[147]. Паводле яго даных, у 80 % рэгіёну недаступна гуманітарная дапамога. У пачатку лютага Муферыат Каміль, міністр міру Эфіопіі, дамовіўся з прадстаўнікамі Сусветнай харчовай праграмы дазволіць пашырэнне размеркавання прадуктаў харчавання ў рэгіёне Тыграй[147].
Рэакцыя
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый перасцерагла ад узнікнення буйнога гуманітарнага крызісу ў выпадку ўзнікнення поўнамаштабнага канфлікту[148]. Афрыканскі Саюз заклікаў да неадкладнага спынення баявых дзеянняў, паважанне правоў чалавека і забяспечвання абарону грамадзянскага насельніцтва[149]. У сакавіку 2021 года на пасяджэнні Савета Бяспекі ААНІндыя, Кітай і Расія выступілі супраць замежнага ўмяшання ў канфлікт[150].
Прэзідэнт ДжыбуціІсмаіл Амар Геле выказаў рашучую падтрымку Абію, заявіўшы, што ён вырашыў «аднавіць закон і парадак на федэральным узроўні і пакараць тых, хто спрабуе раскалоць краіну»[151]. Прэзідэнт СамаліМахамед Абдулахі Махамед таксама палітычна падтрымаў аперацыю супраць Народнага фронту вызвалення Тыграя[7]. Прэзідэнт Эрытрэі Ісаяс Афеворкі таксама выказаўся за гэтае рашэнне.
У лістападзе 2020-га дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа выказаў «смутак у сувязі з трагічнай гібеллю людзей» і заклікаў да дээскалацыі канфлікту і неадкладных дзеянняў па аднаўленні міру[152]. 27 лютага 2021 года новы дзяржсакратар Энтані Блінкен заклікаў да неадкладнага вывада эрытрэйскіх войск і рэгіянальных сіл Амхара з Тыграя. Ён таксама папрасіў Афрыканскі саюз і рэгіянальных партнёраў супрацоўнічаць з ЗША ў ліквідацыі крызісу ў Тыграі[153]. 17 верасня прэзідэнт Джо Байдэн падпісаў новае распараджэнне, якое дазваляе Вашынгтону прымяняць карныя санкцыі супраць урадаў Эфіопіі і Эрытрэі, Народнага фронту вызвалення Тыграя і рэгіянальнага ўрада Амхара, калі яны згуляюць ролю ў зацягванні канфлікту, перашкаджаюць доступу гуманітарнай дапамогі або здзяйсняюць сур’ёзныя парушэнні правоў чалавек[154].
Міністр замежных спраў Канады Франсуа-Філіп Шампань выказаў занепакоенасць сітуацыяй і заклікаў усе бакі праявіць стрыманасць. Шампань таксама заклікаў да мірнага ўрэгулявання і абароны грамадзянскага насельніцтва[155]. Яго калега з Вялікабрытаніі Дамінік Рааб заявіў, што ён размаўляў з Абіем і заклікаў да дээскалацыі канфлікту ў Тыграі, а таксама заявіў, што грамадзянскае насельніцтва і гуманітарны доступ павінны быць абаронены[156]. Міністр замежных спраў Турцыі Меўлют Чавушаглу сказаў, што Турцыя разумее рашэнне федэральнага ўрада Эфіопіі прыняць меры для падтрымання законнасці і парадку ў рэгіёне. Ён выказаў упэўненасць, што аперацыя хутка скончыцца і не паставіць пад пагрозу бяспеку мірных жыхароў[157][158][159][160].
Заўвагі
↑9 лістапада 2020 года паўстанцы НФВТ абвінавацілі Эрытрэю ў ваенным умяшанні ў Тыграйскі канфлікт. Аднак эрытрэйскі бок адмаўляў свой удзел у баявых дзеяннях. Эфіопскі ўрад таксама першапачаткова абвяргаў такога кшталту інфармацыю, але 23 сакавіка 2021 прэм’ер-міністр Абій Ахмед Алі афіцыйна пацвердзіў, што эрытрэйскія войскі знаходзяцца ў зоне канфлікту. 16 красавіка гэта пацвердзіла і пастаянны прадстаўнік Эрытрэі пры ААН Сафія Тэсфамарыям.
↑Tigray: UAE drones support Ethiopia(нявызн.)(недаступная спасылка). African Military Blog News (16 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2020. Праверана 29 November 2020.
↑Ethiopia: 'We are in our homeland, the invaders are attacking us,' says Tigray's Gebremichael(нявызн.). France 24 (15 снежня 2020). — «As fighting continues "in many parts" of Ethiopia's Tigray, according to the United Nations, Tigray's regional president Debretsion Gebremichael told France 24 that the northern region would continue fighting as long as federal "invaders" are on Tigrayan soil. Prime Minister Abiy Ahmed announced military operations in the northern region of Tigray a month ago, saying they targeted the leaders of its ruling party, the Tigray People's Liberation Front (TPLF). Gebremichael believes neighbouring Eritrea is playing a key role in the conflict. "They already have 16 divisions in Tigray. They are fighting on the side of the federal army... They have a united front against us. Wherever you go, they are there."» Архівавана з першакрыніцы 16 December 2020. Праверана 16 December 2020.
↑ абFick, Maggie (10 November 2020). "Battle-hardy Tigray back in spotlight as Ethiopia conflict flares". Reuters. Праверана 3 May 2021. Tigrayan forces and militia are battle-hardened, have large stocks of military hardware and number up to 250,000 men, experts say. Federal authorities have restricted access to the region, making it hard to verify details of the fighting. However, there are indications that Tigrayans in the powerful Northern Command, which accounts for about half of the federal army's manpower and its best divisions, are defecting. Local forces are already in control of its headquarters in Mekelle and other army facilities in Tigray, according to a United Nations internal security report seen by Reuters. Ethiopia expert Alex de Waal said Abiy may have underestimated the Tigray leaders' skills at both politics and war. The Tufts University academic recalled the words of Tsadkan Gebretensae, a Tigrayan who once commanded Ethiopia's army against Eritrea, in a conversation with him: "War is primarily an intellectual activity"
↑Hot Issue – Is the War in Ethiopia's Tigray Region Ending or Only Just Beginning?(англ.)(нявызн.) ?. Jamestown. — «Estimates of TPLF troop strength range as high as 250,000. It is difficult to assess actual troop strength due to the presence of a large number of informal militias loyal to the TPLF. A more accurate and conservative estimate of the number of men and women in formal and informal fighting forces loyal to the TPLF is 100,000 to 125,000.» Праверана 5 September 2021.
↑Updated assessment of civilian starvation deaths during the Tigray war(нявызн.) (24 мая 2023). — «As our estimate of the civilian deaths in the Tigray war is regularly mentioned in the media, it seems important to share our evolving understanding and updated (lower) number of civilian deaths as a result of the Tigray war and blockade. We concluded that the IPC/FEWS categorization, on which our Tigray statistics are mainly based, overestimates hunger mortality. Along with developing information on the ground, this would point to a total number of civilian deaths ranging from 162,000 to 378,000.» Архівавана з першакрыніцы 4 July 2023. Праверана 4 July 2023.
↑Walsh, Declan (7 April 2021). "Why Is Ethiopia at War With Itself?". The New York Times. Праверана 3 May 2021. As fighting erupted, Tigray officials declared that soldiers from the Northern Command of the Ethiopian military had defected and sided with them.... But although federal forces quickly seized control of Tigray's main towns, the T.P.L.F. and its armed supporters fled to rural and mountainous areas, where sporadic fighting continued through February.
↑የፋኖ አማራ በጎንደር የመጨረሻ ማስጠንቀቂያ («Última advertència dels fano Amhara de Gondar»). Vídeo penjat a facebook el 24 d’agost de 2020 on un grup d’uns 40 fano es presenta i exigeix l’alliberament de companys fano empresonats a la regió.; ፋኖ አማራ ጎንደር («Fano Amhara Gondar»). Vídeo penjat a facebook el 25 de novembre de 2020. Probablement fou fet durant la campanya del Wolkayt contra el Tigré. S’observa uns 100 fano cridant l’eslògan: «Fano, cap endavant, woyane cap enrere; victoria al poble Amhara, victòria als Fano, victòria al poble d’Etiòpia; Fano guanyarà, fano cap endavant!».; ፋኖዎቻችን ከአንገረብ ማረሚያ ቤት ሲወጡ የህዝብ አቀባበል ፋኖ አማራ («Els nostres Fano mentre surten del correccionari d’Anghereb i són rebuts pels fano Amhara»). Vídeo penjat el 7 de febrer de 2021 a facebook on es mostra el moment en què diversos fano surten alliberats de la presó central de la ciutat de Gondar.; #አስቻለው #ደሴ ከዓመት በፊት የተናገረው («Astxalew Desie durant una xerrada de fa un any»). Vídeo del 8 d’octubre del 2019 mostrant un tros d’una xerrada del líder fano Astxalew Desie caigut a mitjans del mateix any.