З пачатку канфлікту ў эфіопскім штаце Тыграй у лістападзе 2020 года Эрытрэя актыўна падтрымлівала федэральны ўрад Абія Ахмеда Алі ў барацьбе з паўстанцамі НФВТ.
Перадгісторыя
У 1991 годзе, пасля шматгадовай грамадзянскай вайны, улада ў Эфіопіі перайшла да кааліцыі «Рэвалюцыйна-дэмакратычны фронт эфіопскіх народаў» (РДФЭН), у складзе якой была партыя «Народны фронт вызвалення Тыграя» (НФВТ)[1].
Новая ўлада заключыла пагадненне з сепаратыстамі з групоўкі «Народны фронт вызвалення Эрытрэі» і дала незалежнасць Эрытрэі. Некаторы час адносіны паміж краінамі былі самымі дружалюбнымі, аднак з-за пагранічнай спрэчкі сітуацыя хутка змянілася. Крызіс выліўся ў двухгадовую вайну[2], якая скончалася замарозкай памежнага канфлікту.
У 2018 годзе НФВТ быў адхілены ад улады. Урад узначаліў Абій Ахмед Алі, які заключыў з Эрытрэяй мірнае пагадненне і перадаў спрэчныя тэрыторыі ёй[3].
Пазіцыя Эрытрэі
Афіцыйна Эрытрэя, якая мяжуе з мяцежным рэгіёнам, робіць акцэнт на тым, што «з тэрыторыі штата НФВТ падчас свайго знаходжання ва ўладзе на працягу 20 гадоў правакаваў эрытрэйскае кіраўніцтва на двухбаковы канфлікт, пастаянна ўладкоўваючы памежныя правакацыі». На думку эрытрэйцаў, у былой улады была і застаецца задачай «звяржэнне прэзідэнта Ісаяса Афеворкі і тэрытарыяльная экспансія шляхам далучэння шэрагу эрытрэйскіх рэгіёнаў для пашырэння ўласнай тэрыторыі, а ў перспектыве і атрыманне калідора да Чырвонага мора». У сувязі з «неабходнасцю забеспячэння бяспекі сваёй краіны» эрытрэйскія войскі, па ўзгадненні з урадам Эфіопіі, увайшлі на тэрыторыю штата Тыграй[4].
Ваенная інтэрвенцыя
9 лістапада 2020, каментуючы бітву за Хамеру, прэзідэнт мяцежнага рэгіёну Тыграй Дэбрэцыан Гебрэмікаэль заявіў, што ў баявых дзеяннях на баку ўрада ўдзельнічае эрытрэйская армія. Аднак урад Эрытрэі адмаўляў свой удзел у вайне[5]. Эфіопскі ўрад таксама першапачаткова абвяргаў такога кшталту інфармацыю, але 23 сакавіка 2021 прэм’ер-міністр Абій Ахмед Алі афіцыйна пацвердзіў, што замежныя войскі знаходзяцца ў зоне баявых дзеянняў[6]. 16 красавіка гэта пацвердзіла і пастаянны прадстаўнік Эрытрэі пры ААН Сафія Тэсфамарыам[7][8]. Войскі Эрытрэі занялі частку паўночных раёнаў Тыграя. Да пачатку аперацыі «Алула» яны кантралявалі такія гарады як Шырэ, Аксум і Адва[9]. Сярод падраздзяленняў у баях былі заўважаны 21-я і 32-я пяхотныя дывізіі[10].
Па падліках UCDP на восень 2022 года, УС Эрытрэі страцілі ў канфлікце як мінімум 1 555 чалавек забітымі[11].
14 лістапада 2020 года некалькі ракет, выпушчаных з Эфіопіі, уразілі горад Асмара, сталіцу Эрытрэі. Дзве ракеты трапілі ў Міжнародны аэрапорт[12].
У той жа дзень урад Эрытрэі пацвердзіў, што ракеты былі выпушчаны па сталіцы, але адмаўляў, што горад быў уражаны, заявіўшы, што яны прызямліліся ў сельскай мясцовасці. Напад быў здзейснены ўсяго праз некалькі гадзін пасля таго, як НФВТ прыгразіў нанесці ўдар па краіне, абвінаваціўшы яе ў падтрымцы цэнтральнага ўрада Эфіопіі ў канфлікце[13]. Афіцыйна пра абстрэл было абвешчана раніцай 15 лістапада[14].
Галоўны дыпламат дзярждэпартамента ЗША па Афрыцы Тыбар Надзь асудзіў напады сіл Тыграя на дзяржаву, назваўшы іх «намаганнямі ў інтэрнацыяналізацыі канфлікту»[15].
Увечары 27 лістапада сілы НФВТ выпусцілі па меншай меры 4 ракеты па горадзе Асмэра ў Эрытрэі, усе ракеты ўпалі паблізу жылых кварталаў[16]. Увечары 28 лістапада сілы НФВТ выпусцілі яшчэ па меншай меры 6 ракет па сталіцы[17].
Санкцыі
Эрытрэя стала аб’ектам дыпламатычнага і палітычнага ціску з боку Захаду, у першую чаргу ЗША і Еўрасаюза, з-за «падлівання алею ў агонь канфлікту». Пасля інфармацыі аб этнічных чыстках, генацыдзе і блакаванні харчовай дапамогі эрытрэйскімі войскамі, на працягу 2021 года амерыканская адміністрацыя ўвяла супраць краіны тры пакеты санкцый. ЕС увёў санкцыі супраць Эрытрэі яшчэ ў 2020 годзе[4].
Зноскі