Замежныя наступствы Тыграйскага канфлікту — уплыў узброенага канфлікту ў эфіопскім рэгіёне Тыграй, які ўспыхнуў у лістападзе 2020 года, на іншыя краіны. Пераважна наступствы дадзеных падзей выпрабавалі суседнія Судан і Эрытрэя.
Бежанцы
Нестабільная палітычная сітуацыя ў суседніх дзяржавах і шматгадовыя канфлікты прывялі да таго, што Эфіопія стала адным з найбуйнейшых цэнтраў прытулку для бежанцаў у свеце. На пачатак 2020 года ў краіне пражывала 735 204 бежанцаў, у асноўным з Паўднёвага Судана. Значнай была і доля грамадзян Эрытрэі. Тыграй быў адным з рэгіёнаў, дзе ісавала значная колькасць бежанцаў[1].
Успышка канфлікту павярнулася да змены роляў: менавіта грамадзяне Эфіопіі сталі бежанцамі. Па даных УВКБ на 13 лістапада 2020 года, больш за 14,5 тыс. дзяцей, жанчын і мужчын беглі ад вайны ў Паўднёвы і Паўночны Суданы. Акрамя таго, многія эфіопы пакінулі свае дамы і праніклі ў глыб краіны, дзе не вяліся баі. У той жа час значна пагоршылася становішча 96 тысяч бежанцаў з Эрытрэі, якія пражывалі ў Тыграі[2]. Ужо на 18-га, паводле заявы кіраўніка Нацыянальнай камісіі па справах бежанцаў Судана Абдула Сулеймана, у краіне налічвалася 36 тысяч бежанцаў з суседняй дзяржавы. Як адзначылі ў Чырвоным Крыжы, у Эфіопіі і за яе межамі разгортваецца «катастрафічны гуманітарны крызіс»[3]. Шмат эфіопаў перабіраліся праз памежную раку ў суданскі цэнтр для бежанцаў «Хамдаят»[4]. Яго пабудавалі ля вёскі Вад Музаміл, у «трохвугольніку» паміж ракой Тэкэзэ, эрытрэйскай і эфіопскай межамі[5][6].
У канцы лістапада Хамдаят наведаў Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаўФіліпа Грандзі[7]. Па стане на 4 снежня таго ж года, паводле паведамленняў гэтага чыноўніка, у Судан прыбыло 47 000 эфіопскіх бежанцаў. Сярод іх 11 150 былі пераведзены з Хамдаята і іншага памежнага лагера Абдэрафі ў лагер Ум-Ракуба ў 70 км ад судана-эфіопскай мяжы[8]. Па стане на пачатак 2021 года колькасць эфіопскіх бежанцаў у Судане цалкам узрасла да 61 000 чалавек. Значная частка з іх размясцілася ў «Хамдаят». Сітуацыя ў гэтым і іншых лагерах час ад часу абвастралася з-за сутыкненняў паміж варагуючымі этнасамі тыграі і амхара[9].
У гэты час эрытрэйскі мігранты, якія апынуліся ў зоне канфлікту, былі гвалтоўна вернуты на радзіму эрытрэйскай арміяй, якая заняла частку Тыграя. У перыяд з лістапада 2020 па люты 2021 каля 20 тысяч эрытрэйцаў з лагераў бежанцаў «Хітсат» і «Шымельба» падвергліся гвалтоўнай рэпатрыяцыі. Аднак афіцыйнай статыстыкай ААН яны былі пазначаны як зніклыя без вестак, паколькі дакладна не вядома, колькі людзей жывымі дабраліся да Эрытрэі[10].
9 лістапада 2020, каментуючы бітву за Хамеру, прэзідэнт мяцежнага рэгіёну Тыграй Дэбрэцыан Гебрэмікаэль заявіў, што ў баявых дзеяннях на баку ўрада ўдзельнічае эрытрэйская армія. Аднак урад Эрытрэі адмаўляў свой удзел у вайне[11]. Эфіопскі ўрад таксама першапачаткова абвяргаў такога кшталту інфармацыю, але 23 сакавіка 2021 прэм’ер-міністр Абій Ахмед Алі афіцыйна пацвердзіў, што эрытрэйскія войскі знаходзяцца ў зоне баявых дзеянняў[12]. 16 красавіка гэта пацвердзіла і пастаянны прадстаўнік Эрытрэі пры ААН Сафія Тэсфамарыам[13][14]. Войскі Эрытрэі занялі частку паўночных раёнаў Тыграя. Да пачатку аперацыі «Алула» яны кантралявалі такія гарады як Шыр, Аксум і Адва[15]. Сярод падраздзяленняў у баях былі заўважаны 21-я і 32-я пяхотныя дывізіі[16].
14 лістапада 2020 года некалькі ракет, выпушчаных з Эфіопіі, уразілі горад Асмара, сталіцу Эрытрэі. Дзве ракеты трапілі ў Міжнародны аэрапорт[17].
У той жа дзень урад Эрытрэі пацвердзіў, што ракеты былі выпушчаны па сталіцы, але адмаўляў, што горад быў уражаны, заявіўшы, што яны прызямліліся ў сельскай мясцовасці. Напад быў здзейснены ўсяго праз некалькі гадзін пасля таго, як Народны фронт вызвалення Тыграя (НФВТ) прыгразіў нанесці ўдар па краіне, абвінаваціўшы яе ў падтрымцы цэнтральнага ўрада Эфіопіі ў канфлікце[18]. Афіцыйна, пра абстрэл было абвешчана раніцай 15 лістапада[19]. Як перадаў самалійскі навінавы партал Somali Guardian, пасля атакі на Асмэру на мяжы пачаліся баявыя дзеянні з выкарыстаннем цяжкай артылерыі. Па даных журналістаў, з-за інтэнсіўных абстрэлаў жыхары памежных раёнаў Эрытрэі пакідалі свае дамы і шукалі прытулку ў горных пячорах. У той жа час лідары Народнага фронту заявілі, што эрытрэйскія матарызаваныя часці перайшлі дзяржграніцу[20].
Галоўны дыпламат дзярждэпартамента ЗША ў Афрыцы Тыбар Надзь асудзіў напады сіл Тыграя на дзяржаву, назваўшы іх «намаганнямі ў інтэрнацыяналізацыі канфлікту»[21].
Увечары 27 лістапада сілы НФВТ выпусцілі па меншай меры 4 ракеты па горадзе Асмэра ў Эрытрэі, усе ракеты ўпалі паблізу жылых кварталаў[22]. Увечары 28 лістапада сілы НФВТ выпусцілі яшчэ па меншай меры 6 ракет па горадзе Асмэра ў Эрытрэі[23].
У снежні 2020 года на фоне вайны ў Тыграі абвастрылася даўняя памежная спрэчка паміж Эфіопіяй і Суданам вакол раёнаў Курайша і Аль-Фашака. Гэтыя землі былі засвоены эфіопамі, аднак на іх прэтэндавалі суданцы. 5 снежня Узброеныя сілы Судана занялі спрэчныя сельскагаспадарчыя тэрыторыі ў Аль-Фашака[24]. 12 снежня эфіопскі бок абвінаваціў улады суседняй краіны ў падтрымцы паўстанцаў НФВТ[25]. Неўзабаве на мяжы адбыліся першыя сутыкненні. Праз некаторы час суданская армія выбіла праціўніка з Курайшы і Фашакі, але баі працягваліся.