Нарадзіўся ў сям’і рабочых. Бацька — Іван Канстанцінавіч, працаваў на заводзе «Зеніт» токарам, маці — Антаніна Антонаўна, працавала на тым жа заводзе размеркавальнікам работ. Вучыўся ў музычнай школе, іграў у духавым аркестры і рыхтаваўся паступаць на ваеннага дырыжора[1]. Скончыў Вілейскую сярэднюю школу № 3 у 1987 годзе[2].
Пасля школы паступіў у Саратаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча МУС СССР, якое скончыў у 1991 годзе. Пачынаючы з другога курса наведваў «гарачыя кропкі». Павінен быў размяркоўвацца ў дывізію імя Дзяржынскага, але прыняў рашэнне працягнуць вучобу курсавым афіцэрам. Са жніўня 1991 па снежань 1992 года — камандзір узвода роты курсантаў Саратаўскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча МУС СССР[1].
Вярнуўся ў Беларусь і з прычыны адсутнасці месцаў ва ўнутраных войсках[1] у снежні 1992 года паступіў на службу ў МУС участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Мядзельскага райвыканкама. У 1994—1998 гадах працаваў старшым участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх, участковым інспектарам міліцыі, старшым участковым інспектарам міліцыі Крывіцкага ўчастка міліцыі АУС Мядзельскага райвыканкама.
У жніўні 1998 — чэрвені 2003 года — начальнік аператыўна-арганізацыйнай службы, намеснік начальніка АУС Мядзельскага райвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі.
У 2002 годзе завочна скончыў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь[1], пасля чаго ў 2003 годзе прызначаны на пасаду начальніка Валожынскага РАУС. У кастрычніку 2005 года прызначаны намеснікам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі УУС Мінскага аблвыканкама — начальнікам упраўлення аховы правапарадку. Займаў гэту пасаду да канца 2009 года[3].
У верасні 2017 года кіраваў пошукамі 10-гадовага Максіма Мархалюка — адзінага зніклага і не знойдзенага хлопчыка ў вобласці[5]. 13 жніўня 2021 года, у час пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, наведаў бастуючых рабочых прадпрыемства «Хімвалакно» і выбачыўся перад грамадзянамі, якія пацярпелі ў выніку прымянення фізічнай сілы на пратэстах, і заявіў, што ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі распачалі 12 крымінальных спраў[6]. 17 жніўня афіцыйна на сайце УУС выбачыўся перад гродзенцамі за прымяненне сілы ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэстаў[7]. Аднак пазней ён выказаў словы гордасці і падзякі супрацоўнікам АМАП, якія ў цяжкую хвіліну ўсталі на абарону дзяржавы і яе канстытуцыйнага ладу[5].
Жанаты, мае дваіх дзяцей. Сын — кандыдат у майстры спорту па стэндавай стральбе, скончыў Акадэмію МУС, праходзіць службу ў службе крымінальнага вышуку[1].