Белару́сы Сібі́ры — беларуская дыяспара ў Сібіры.
Вышлыя з Беларусі з’явіліся ва Усходняй Сібіры ў складзе першых экспедыцый казакоў і першапраходцаў. Паводле даных Усерасійскага перапісу насельніцтва 2010 года, у Іркуцкай вобласці пражывае 7929 беларусаў (гл. таксама Беларусы Іркуччыны). У Іркуцку дзейнічае рэгіянальная грамадская арганізацыя Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага[1].
Сустракаюцца таксама назвы панцырныя — уласціва для перасяленцаў першай паловы XIX ст. і іх нашчадкаў; Самаходы — перасяленцы і іх нашчадкі другой паловы XIX ст. — пачатку XX ст. (не ўключаючы спецперасяленцаў).
Гісторыя
У другой палове XVI і XVII стагоддзяў паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай неаднаразова ўзнікалі ўзброеныя канфлікты. Палонных беларусаў (ліцвінаў) нярэдка адпраўлялі ў Сібір у якасці служылых людзей, таму сярод першапраходцаў і будаўнікоў першых сібірскіх гарадоў была досыць вялікая колькасць продкаў сучасных беларусаў.
Многія ліцвіны, што трапілі ў Сібір, былі найбольш адукаванай праслойкай тамтэйшага насельніцтва. Значная іх частка на Радзіме належала да саслоўя служылай шляхты. Дзякуючы гэтаму яны прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці першых сібірскіх гарадоў і астрогаў, выконвалі адказныя дзяржаўныя даручэнні.
Масавая міграцыя
Хваля міграцыі пачалася падчас аграрных рэформ у Расіі. У 1850—1860 гг пераважна прыбывалі жыхары Невельскага і Себежскага паветаў Віцебскай губерні, гэтак званыя панцырныя баяры. Перасяленцам давалі 15 дзесяцін зямлі, 55 рублёў і вызвалялі на 8 гадоў ад усякіх абавязкаў.
Першая буйная прымусовая хваля беларускіх перасяленцаў у Сібір была пасля разгрому паўстання 1863—1864 гадоў. У Сібіры апынулася беларуская і польская шляхта, сярод іх былі і тыя, хто актыўна падтрымаў дзеянні лідара паўстання Кастуся Каліноўскага. У Іркуцк былі сасланыя паплечнікі і актыўныя ўдзельнікі паўстання, напрыклад Юзаф Каліноўскі, або Іасафат Агрызка. Сярод высланых былі і будучыя вучоныя, такія як Ян Чэрскі, Бенедыкт Дыбоўскі, Аляксандр Чаканоўскі.
Самая буйная плынь перасяленцаў прыйшлася паля рэформы Сталыпіна, перасяленцы гэтай хвалі называлі сябе «самаходы». У перыяд 1907—1909 з беларускіх губерняў выяхала 248 354 чалавек, для параўнання з 1904—1914 гэтая лічба складала 356 378 чалавек. Пераважна з’язджалі з Віцебскай і Магілёўскай губерняў.
|
[Губерню] ахапіла нейкая перасяленчая гарачка. З'язджалі старыя і малыя, паветы выкідвалі штодня ў губернскі горад сотні перасяленцаў, і мара "ў Томск!" зрабілася лозунгам усіх і ўсякага
|
|
З Віцебскай губерні пераважна пераязджалі ў Енісейскую, Томскую і Табольскую губерні, а з Мінскай акрамя таго ў Іркуцкую, Амурскую, Прыморскую і Акмалінскую губерні.
Непрадуманая лагістыка і сістэма забяспячэння для перасяленцаў прывяла да таго, што быў высокі ўзровень памерлых ад цяжкіх умоў і вяртання беларусаў на бацькаўшчыну, за перыяд 1907—1914 вярталася ў Беларусь 10,9 % перасяліўшыхся або 36 544 чалавек, 37,2 % з якіх прыйшлося на 1910—1911 год.
Беларусы, якія засталіся ў Сібіры, сяліліся асобнымі абшчынамі, ствараючы новыя вёскі і хутары.
У 1924—1926 гадах у Сібіры быў створаны 71 беларускі сельсавет, на Далёкім Усходзе — 26, на Урале — 11. Пазней было створана некалькі беларускіх раёнаў. У 1930-х праводзілася палітыка беларусізацыі ў асобных раёнах, там жа пераводзіліся школы, справаводства на беларускую мову. У сяле Таборы ў 1932 г. праводзіў набор беларускі педтэхнікум. У Сівінскім раёне ў 1928 г. налічвалася 164 хутароў і вёсак, у якіх беларусы складалі пераважную большасць, аднак с пачаткам каліктывізацыі хутара пачалі ліквідавацца, а вёскі ўзбуйняць — гэта стала прычынай паскоранай асіміляцыі, бо вёскі сталі «змешаныя» з іншымі этнасамі.
Беларусы ў Прыкам’е 1926 год[2]
Акруга |
Насельніцтва |
Беларуская мова родная |
Руская мова родная |
Іншая мова родная |
Пісьменнасць (на роднай мове)
|
Верхне-Камская |
22 |
9 |
12 |
1 |
17 (4)
|
Кунгурская |
541 |
354 |
185 |
2 |
190 (0)
|
Пермская |
3182 |
979 |
2193 |
10 |
1229 (43)
|
Сарапульская |
55 |
18 |
37 |
0 |
45 (7)
|
Комі-Пярмяцкая |
4 |
0 |
4 |
0 |
4 (0)
|
Агулам |
3804 |
1360 |
2431 |
13 |
1485 (54)
|
Падчас масавых рэпрэсій беларусы выселяліся на Далёкі Усход, у тым ліку і Сібір, і калі папярэднія перасяленцы не мелі моцнай самасвядомасці і падзяляліся больш па рэлігійнай прыкмеце, або падзялялі сябе па рэгіянальнай прыкмеце: віцебскія, магілёўскі і г.д.; то спецперасяленцы ўжо свядома лічылі сябе беларусамі. На 1 студзеня 1932 года
Падчас рэпрэсій былі дэпартаваны і забіты выбітныя беларускія дзеячы, сярод іх: Уладзімір Пракулевіч, Адам Станкевіч.
Эвакуацыя з БССР 1941—1945 гг
Савецкае кіраўніцтва было больш зацікаўлена эвакуацыяй гаспадаркі. Так, П. Панамарэнка ў першую чаргу ставіў эвакуацыю матэрыяльных рэсурсаў і сакрэтных архіваў, а Стліна больш цікавіла эвакуацыя каней, а не людзей[3].
Падчас вайны былі вывезены вядомыя культурныя ўстановы і прадпрыемствы
- Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР — тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі ў Новасібірску з кастрычніку 1941 па 1946, у тэатры аднавілі даваенныя пастаноўкі, паказалі тры новыя п’есы, у тым ліку «Цеўе-малочнік» па цыкле апавяданняў Шалом-Алейхема ў пастаноўцы заслужанага артыста БССР М. Сокала.
- Беларускі дзяржаўны тэатр — тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі ў Томску 1941—1944. У эвакуацыі БДТ-1 ажыццявіў пастаноўку 25 спектакляў, з іх 14 новых, з якіх асаблівым поспехам карыстаўся «Хлопец з нашага горада» К. Сіманава. Тут у 1944 годзе рэжысёр Леў Літвінаў упершыню паставіў «Паўлінку».
- Віцебская фабрыка акуляраў — у 1941 г. была эвакуіравана ў Суксун на базу мясцовага механічнага завода, разам з 400 сем’ямі рабочых. А механічны завод пасля вайны змяніў профіль і да гэтага часу выпускае оптыку.
- Гомсельмаш — завод быў вывезены ў Курган. На 1100 вывезлі абсталяванне і незавершанную прадукцыю, разам прыехалі 290 кадравых працоўных, 135 інжынерна-тэхнічных работнікаў і 43 служачых.
- Віцебскі медыцынскі інстытут — з 1941 па 1943 размяшчаўся ў Чалябінску
Пасляваенны стан
Колькасць беларусаў у Сівінскім раёне згодна перапісамі насельніцтва
Год перапісу |
Колькасць беларусаў
|
1959 |
898
|
1979 |
278
|
1989 |
162
|
2002 |
90
|
2010 |
49
|
Пасля вайны працягнулася поўпрымусовае перасяленне народаў. Так, Магілёўская вобласць была замацавана за Молатаўскай вобласцю, але высяленне вялося і з іншых рэгіёнаў Беларусі.
Пасля вайны беларусаў перасялялі ў сельскую мясцовасць, у асноўным для працы на лясных гаспадарках. Але ў 1960—1990 гадах назіралася дабраахватная працоўная міграцыя ў гарады.
Паслясавецкі перыяд
У 1994 годзе ствараецца культурна-асветніцкае таварыства «Беларусы Сібіры», якое ўзначаліў Уладзімір Васільевіч Галуза. Таварыства стала адным з ініцыятараў стварэння Асацыяцыі нацыянальна-культурных аўтаномій і нацыянальных арганізацый гарадоў і вобласці, а Уладзімір Васільевіч Галуза — першы кіраўнік.
Пасля прыняцця Закона «Аб нацыянальна-культурнай аўтаноміі» ў 1997 годзе ствараецца Навасібірская мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў, якая праз два гады пераўтворыцца ў Навасібірскую рэгіянальную нацыянальна-культурную аўтаномію беларусаў. У 1999 адкрываецца «Беларускі культурны цэнтр». У 2001 годзе ствараецца грамадская арганізацыя «Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр у імя святой Еўфрасінні Полацкай», якая праіснавала 20 год і ў 2021 спыніла сваю дзейнасць.
На базе «Беларускага культурнага цэнтра» працуюць ансамблі і дзіцячыя гурты «Чабаток», «Белыя росы». Адзначаюцца як агульнабеларускія святы: калядкі, троіца, купалле, дзяды, радуніца; так і лакальныя, прынесеныя з розных рэгіёнаў Беларусі: свяча, грамніцы, жаніцьба Цярэшкі, гуканне вясны, сёмуха і г.д.
Згодна перапісу насельніцтва 2002 года ў Пермскай вобласці, 35 % беларускага насельніцтва валодаюць беларускай мовай, або 3 905 з 10 989 чалавек.
Вёска Тургенеўка Іркуцкай вобласці сёння самая вядомая этнічныя беларуская вёска Сібіры, была заснавана беларусамі ў 1911 годзе. Шыльда на ўездзе ў вёску двухмоўная (па-беларуску і па-руску), у вёсцы працуе гісторыка-этнаграфічны музей; у вясковай школе праводзіліся факультатывы беларускай мовы; існуе 2 творчых фальклорных калектыва — «Рушнічок» (дзіцячы) і «Варэнічкі» (дарослы). Пераважнае насельніцтва вёскі — гэта нашчадкі выхадцаў Пружанскага павета, якія прыбылі на гэтыя мясціны ў 1909 годзе. У вёсцы захавалася і беларускае дойліцтва — мноства дамоў збудавана па ўзорам беларускага вясковага дойліцтва.
У 2013—2020 гадах у бібліятэцы № 9 г. Екацярынбурга праводзіліся заняткі беларускай мовы.
Нацыянальныя аб’яднанні
Вядомыя беларусы
- Ян Чэрскі (15.05.1845, в. Свольна — 07.07.1892) — склаў першую геалагічную карту ўзбярэжжа Байкала і прапанаваў адну з першых тэктоніка-палеаграфічных схем унутраных раёнаў Сібіры.
- Бенедыкт Дыбоўскі (12.05.1833, ф. Адамарын — 31.01.1930) — унёс прыкметны ўклад у вывучэнне прыродных умоў Прыбайкалля
- Андрэй Вількіцкі (13.06.1858, Барысаўскі павет — 11.03.1913) — даследчык мораў Паўночнага лядавітага акіяна, зрабіў спробу ажыццяўлення скразнога плавання па паўночным марскім шляху і яго выкарыстанні ў гаспадарчых мэтах.
- Барыс Вількіцкі (03.04.1885, г. Пулкава — 06.03.1961) — кіраваў гідраграфічнай экспедыцыяй, якая даследавала ўзбярэжжа Паўночнага лядавітага акіяна, падчас якой было ажыццёўлена плаванне па Паўночным марскім шляху з Уладзівастока ў Архангельск.
- Ота Шміт (18.09.1891, г. Магілёў — 07.09.1956) — унёс каласальны ўклад у развіццё арктычных даследаванняў і асваенне Крайняй Поўначы Сібіры. Упершыню ў свеце прайшоў за адну навігацыю Паўночным марскім шляхам.
- Эдвард Пякарскі (25.10.1858, в. Пятровічы — 29.06.1934) — аўтар першага слоўніка якуцкай мовы.
- Паўлік Марозаў (14.11.1918, в. Герасімаўка — 03.09.1932) — хлопчык, які ў савецкай прапагандзе сімвалізаваў сумленнасць і прынцыповасць маладога змагара з «кулаками». Паходзіць з беларускай сям’і.
- Андрэй Трафімук (16.08.1911, в. Федзькавічы — 24.03.1999) — вучоны ў галіне геалогіі і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў.
- Іван Салярцінскі (03.01.1902, г. Віцебск — 11.02.1944) — музыказнаўца, тэатральны і музычны крытык.
- Ізраіль Бескін (25.10.1895, г. Віцебск — 15.01.1964) — камандуючы артылерыяй 70-й арміі 2-га Беларускага фронту падчас Другой сусветнай вайны.
- Валянцін Капцюг (09.06.1931, г. Юхнаў — 10.01.1997) — узначальваў Сібірскае аддзяленне РАН, нарадзіўся ў беларускай сям’і і ўсведамляў сябе беларусам.
Гл. таксама
Крыніцы
Літаратура