Беларусы Украіны — нацыянальная меншасць Украіны. Паводле Перапісу насельніцтва 2001 года, беларусы — трэцяя[3] паводле колькасці этнічная група пасля ўласна украінцаў — 37 мільёнаў 541 тысяч чалавек (альбо 77,8 %) і рускіх — 8 мільёнаў 334 тысяч чалавек (або 17,3 %). Ва Украіне жыве 275 тысяч беларусаў, або 0,57 % ад агульнай колькасці насельніцтва. Большасць беларусаў перасялілася ў 19-20 ст., але невялікая частка аўтахтоны. Яны жывуць на поўначы Чарнігаўскай і Ровенскай абласцей. Таксама ёсць версія, што карэннае насельніцтва Пуціўльскага раёна у Сумскай вобласці (так званыя укр.: Горюни) — беларусы.[4]
Гісторыя
Станам на 1933 год ва Украінскай ССР існавала 2 нацыянальных беларускіх сельсавета.
Паводле Перапісу насельніцтва 2001 года, ва Украіне пражывае 275,8 тысяч беларусаў, пры гэтым іх колькасць у параўнанні з Перапісам 1989 года скарацілася на 37,3 %[5]. Большасць з іх пражывала на тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым. Пераважна беларусы жывуць у сельскай мясцовасці.
Беларускія добраахвотнікі ў Расійска-ўкраінскай вайне
Беларускія добраахвотнікі ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны з вясны 2014 года[6]. Група беларускіх добраахвотнікаў удзельнічала ў Баях за Піскы, паблізу Данецкага аэрапорта ў ліпені 2014 года[6]. У тым жа годзе быў створаны Атрад «Пагоня»[7]. У чэрвені 2015 года была закладзеная Тактычная група «Беларусь»[6].
Музей у с. Шырокае (Крым), у якім сабраныя ўнікальныя матэрыялы, рэліквіі, дакументы.
Крымскі этнаграфічны музей (г. Сімферопаль). Адкрыта спецыяльная беларуская экспазіцыя.
Нядзельныя школы
У беларускіх арганізацыях Украіны працуюць 6 нядзельных школ: адна — у Львоўскай вобласці, адна — у г. Адэса, чатыры — у Крыме.
Данецкая абласная арганізацыя беларусаў «Неман» штомесяц публікуе ў абласной газеце «Святліца» метадычныя рэкамендацыі і матэрыялы для «хатняй беларускай школы».
СМІ
На пастаяннай аснове выпускаецца газета Беларускай абшчыны Львоўскай вобласці «Весткі з Беларусі», выходзіць газета «Белая Русь» Саюза беларусаў Крыма, выпускаецца часопіс «Крым-Беларусь», выдадзеныя буклеты пра мерапрыемствы беларускіх арганізацый у г. Данецку, г. Запарожжа, Крыму.
Кіраўнікі і актыў беларускіх арганізацый г. Чарнігава, Севастопаля, Адэсы, Ужгарада, Данецка сістэматычна друкуюць свае матэрыялы ў гарадскіх і абласных газетах, выступаюць па мясцовым тэлебачанні і радыё.
Фестывалі
У 2007—2011 гадах у Кіеве і іншых гарадах Украіны праводзіўся фестываль «Беларуская вясна».
Вядомыя беларусы і асобы беларускага паходжання ва Украіне
Пётр Міхайлавіч Буйко — прафесар Кіеўскага медыцынскага інстытута, удзельнік партызанскага руху ва Украіне.
Якаў Якаўлевіч Зайко — украінскі грамадска-палітычны дзеяч, журналіст і пісьменнік беларускага паходжання. Народны дэпутат Украіны I склікання. Герой Украіны.
Арцём Уладзіміравіч Мілеўскі — украінскі футбаліст беларускага паходжання, нападнік расійскага клуба «Тосна» і былы ігрок нацыянальнай зборнай Украіны.
Віктар Фёдаравіч Януковіч — украінскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, які з’яўляўся чацвёртым прэзідэнтам Украіны з лютага 2010 года да незаконнага самаўхілення ад улады ў лютым 2014 года.
Міхаіл Міхайлавіч Жызнеўскі — кавалер ордэна Героя Нябеснай сотні, Герой Украіны, пазаштатны карэспандэнт украінскай газеты «Саборная Кіеўшчына» (укр.: Соборна Київщина), грамадзянін Беларусі. Стаў адной з першых ахвяр падчас Еўрамайдану ў Кіеве.
Васіль Парфянкоў — беларускі грамадскі актывіст, палітвязень Беларусі. Баец тактычнай групы «Беларусь».
Павел Рыгоравіч Шарамет — беларускі журналіст, працаваў у Расіі і Украіне, былы супрацоўнік Першага канала расійскага тэлебачання (ОРТ), адзін з заснавальнікаў вэб-сайта «Беларускі партызан».