Беларусы Чэхіі — дыяспара беларусаўЧэшскай Рэспублікі. Паводле ацэнак МУС, у краіне знаходзіцца крыху больш за 4 тысяч беларускіх грамадзян.
Гісторыя і сучаснасць
Беларуская прысутнасць у Чэхіі вядома з часоў сярэдневякоўя. Галоўным асяродкам беларусаў здаўна з’яўляецца яе сталіца Прага.
У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў Празе літоўскай калегіі для молалзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) універсітэце вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. XVI ст. ў Празе жыў і працаваў беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар і асветнік Францыск Скарына.
3 пачатку ХХ ст. Прага стала цэнтрам беларускага эмігранцкага руху. Першы беларускі студэнцкі гурток «Табар» узнік у 1908 па ініцыятыве Я. Крагельскага і аб’яднаў беларусаў-навучэнцаў Пражскага Карлава ўніверсітэта.
Палітычная эміграцыя з Беларусі групавалася вакол консульства БНР, створанага яшчэ ў лістападзе 1918. У 1918-25 консулам БНР быў М. Вяршынін. У ліпені 1919 была створана Беларуская грамада ў Празе на чале з консулам Вяршыніным, які адначасова выконваў абавязкі ўпаўнаважанага па справах ваеннапалонных беларусаў у Чэхаславакіі. У верасні 1921 ў Празе адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя — сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацый і партый Заходняй Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. 1 лістапада1923 г. у Прагу пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (У тым ліку П. Крачэўскі і В. Захарка), якія дзейнічалі да сакавіка 1943 года (як эмігранцкі ўрад да 1925 года).
У 1920-я г. ў Чэхіі створаны шэраг беларускіх студэнцкіх аб’яднанняў у выніку прыезду сюды беларускіх абітурыентаў на вучобу ў вышэйшыя школы Чэхаславацкай Рэспублікі (ЧСР) пры матэрыяльнай дапамозе ўрада гэтай краіны. Яны падзяляліся на 2 катэгорыі: да першайЙ належалі студэнты былых расійскіх універсітэтаў — выхадцы з Беларусі (больш за 350 чал.), якія прыехалі ў Чэхаславакію ў канцы 1919 з-за наступстваў грамадзянскай вайны ў Расіі. Большасць з іх вылучалася нізкай нацыянальнай самасвядомасцю, пасіўнасцю ў грамадска-палітычнай дзейнасці; некаторыя належалі да розных палітычных плыней расійскай антыбальшавіцкай апазіцыі, уваходзілі ў Таварыства студэнтаў маларосаў і беларусаў, частка супрацоўнічала з савецкай улалай і ўвахолзіла ў Таварыства грамадзян РСФСР. Да другой катэгорыі належалі прадстаўнікі ад беларускіх нацыянальных арганізацый Заходняй Беларусі, Латвіі і Літвы (больш за 100 чал.), якія накіроўваліся на вучобу ў Чэхаславакію ўрадам БНР, Таварыствам беларускай школы, Беларускім аддзелам пры Міністэрстве асветы Латвіі з мэтай падрыхтоўкі беларускіх нацыянальных кадраў у сферы адукацыі, медыцыны, сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Яны стварылі шэраг арганізайый рознага грамадскага і палітычнага кірунку.
25 сакавіка1998 г. пры чэшскай арганізацыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Беларускі цэнтр (каардынатар У. Яндзюк), а ў сакавіку 1999 г. — інфармацыйнае прадстаўніцтва грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97». З 2 па 6 чэрвеня1998 г. у Празе адбыўся 7 Усеславянскі з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чалавек на чале з дэлегатам Нацыянальнага сходуС. І. Касцянам.
У 1999 г. зарэгістравана беларуская галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н. Валавай.
У адпаведнасці з рашэннем Міністэрства адукацыі Чэхіі ў Пражскіх ВНУ у 2000 годзе працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі[1].
Станам на 2021 год беларускай мовы як спецыяльнасці ў чэшскіх універсітэтах няма. У часы Чэхаславацкай рэспублікі беларусістаў навучалі ў Карлавым універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Вацлава Жыдліцкага (1935—2002), вядомага літаратуразнаўца і перакладчыка беларускай літаратуры.
Зноскі
↑Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 530, 531. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2.
Літаратура
Кнырэвіч С. Магілы беларусаў у Чэхіі і Славакіі — Прага: 2020. — 270 с. ISBN 978-80-908078-0-8.
Беларускія студэнцкія арганізацыі ў Чэхіі // Ляхоўскі У. Беларускія студэнцкія арганізацыі ў Чэхіі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
Kolenovská, D., Plavec, M. Běloruská emigrace v meziválečném Československu : studie a dokumenty : sociopolitický aspekt.— Praha: Univerzita Karlova, Nakladatelství Karolinum, 2017. — 287 s.