Першыя мураваныя пабудовы на вялікім пляцы, які знаходзіўся на рагу вуліц Койданаўскай і Феліцыянаўскай (пасля 1866 года Багадзельнай), з’явіліся ў самым пачатку XIX стагоддзя. Паступова ў першай палове XIX стагоддзя пачаў фарміравацца вялікі комплекс мураваных будынкаў у стылі класіцызму, якія галоўнымі фасадамі выходзілі як на Койданаўскую, так і Феліцыянаўскую вуліцы. У сярэдзіне XIX стагоддзя большасць будынкаў мела два паверхі[2].
Комплекс моцна пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года. Адразу пасля пажару большасць з іх была адноўлена, а на месцы страчаных будынкаў з боку двара з’явіліся новыя мураваныя пабудовы[2].
У канцы XIX стагоддзя гэты комплекс разам з пляцам належаў мінскаму купцуІ. Вечарэвіну. На мяжы XIX — пачатку XX стагоддзяў гэтая нерухомая маёмасць перайшла да мінскага мешчаніна Давіда Гендэля. У 1901 годзе ён падрыхтаваў праект грунтоўнай рэканструкцыі гэтай забудовы, паводле якога ў большай частцы будынкаў планавалася дабудаваць трэці паверх. У 1909 годзе гэтыя дамы набылі мінскія мяшчане Рубінштэйны[2].
Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць будынкаў ужо былі трохпавярховымі. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад будынка, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў вырашаны ў стылі класіцызму і багата аздоблены ляпным дэкорам. Падобнае архітэктурнае рашэнне меў і другі дом, які выходзіў фасадам на вуліцу Багадзельную. Трэці трохпавярховы будынак, які знаходзіўся ў паўднёва-ўсходняй частцы комплексу, быў вырашаны ў стылі мадэрн. Яго галоўны фасад быў багата аздоблены ляпнымі дэкаратыўнымі элементамі, у тым ліку маскаронамі. Усе будынкі на другім і трэцім паверхах мелі балконы, упрыгожаныя дэкаратыўнымі металічнымі кратамі[2].
У пачатку XX стагоддзя амаль усе памяшканні на першым паверсе выкарыстоўваліся пад розныя крамы і лаўкі. Тут былі крамы: галантарэйная, капелюшоў, посуду, малочная лаўка, а таксама вінная крама, дзе гандлявалі вядомымі еўрапейскімі гатункамі він. Частку памяшканняў займалі розныя канторы, а таксама прыватная друкарня. Памяшканні другога і трэцяга паверхаў выкарыстоўваліся пад жыллё[2].
У гады Другой сусветнай вайны комплекс будынкаў не пацярпеў. У выніку пасляваенных рамонтаў і рэканструкцый быў у значнай ступені страчаны дэкор фасадаў, асабліва першага паверха[2].
За савецкім часам у будынку размяшчаліся дзяржаўныя ўстановы.
Паніжаныя часткі дома больш строгія ў архітэктурным дэкоры. Акцэнтам фасада з’яўляюцца балконныя праёмы паўцыркульнага абрысу на 2-м паверсе, абрамленыя калонкамі з капітэлямі. Капітэлі злучаны накладнымі арачнымі карнізамі[1].
Чырвоны дворык
Будынкі дома Вечарэвіна ўтвараюць унутраны дворык, сцены якога пафарбаваны ў чырвоны колер, ад чаго ён атрымаў назву «Чырвоны дворык». Дворык з 2012 года, дзякуючы Studio67, ператварыўся ў арт-прастору, дзе праходзяць выстаўкі, канцэрты, кінапаказы, публічныя лекцыі, вечарынкі[3][4].