З 1903 Д. М. Полазаў жыў у Смаленску, працаваў выкладчыкам малявання і чыстапісання ў мужчынскай гімназіі, браў удзел у працы Смаленскага гарадскога музея.
У лютым 1914 Д. М. Полазаў пераехаў у Мінск, атрымаў пасаду выкладчыка Мінскага рэальнага вучылішча, дзе працаваў да 1920. З верасня 1914 па чэрвень 1915 выкладаў маляванне і сацыялогію мастацтва ў настаўніцкім інстытуце. Прымаў удзел у працы Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў.
У 1919—1920 чытаў лекцыі на Мінскіх вышэйшых універсітэцкіх курсах. Са жніўня 1920 працаваў у інстытуце народнай адукацыі, мінскай чыгуначнай школе № 5, Беларускім політэхнічным інстытуце.
Член Мінскага таварыства гісторыі і старажытнасці, арганізатар літаратурна-мастацкіх вечарын, прысвечаных творчасці Джорджа Байрана, Оскара Уайльда, Шарля Бадлера. Прыхільна ставіўся да хору Міколы Равенскага і быў адным з першых папулярызатараў яго творчасці. У 1921 сумесна з мастакамі К. Елісеевым і К. Ціханавым адкрыў у Мінску (вул. Вясёлая, дом Снітко) мастацкую студыю, якую праз нейкі час улады збіраліся пераўтварыць у мастацкае вучылішча, але гэта не адбылося. У студыі Д. М. Полазаў працаваў з вучнямі, ужо маючымі першасныя веды прыёмаў малявання і жывапісу.
Уваходзіў у Акадэмічны цэнтр Наркамата асветы БССР, стварыў даследчую групу па вывучэнню беларускага народнага мастацтва. У верасні 1921 узначаліў этнаграфічную экспедыцыю, накіраваную ў Слуцкі і Мазырскі паветы для вывучэння фальклору і ўзораў традыцыйнага народнага беларускага мастацтва. У экспедыцыі бралі ўдзел Янка Купала, Міхаіл Філіповіч, Янкель Кругер, Канстанцін Елісееў, Уладзімір Тэраўскі, Фларыян Ждановіч і М. Шкляеў.
Вынікам працы экспедыціі сталі альбомы замалёвак скарбаў беларускай народнай культуры, якія былі перададзены ў Дзяржаўны Беларускі музей[1].
У сярэдзіне 1920-х Д. М. Полазаў пераехаў у Ленінград.
Сумесны ўдзел ў экспедыцыі паспрыяў блізкаму знаёмству з Янкам Купалам.
Шматлікія рэліквіі, звязаныя з народным паэтам Беларусі, якія захоўваліся ў сям’і Полазавых, карціны мастака, частка яго асабістага архіва былі перададзены музею Янкі Купалы ў Мінску.
Творчая спадчына
Працаваў у галіне кампазіцыйнага партрэта, архітэктурнага пейзажа (выканаў віды даваеннага Мінска), валодаў тэхнікай станковага малюнка і станковага алейнага жывапісу.
Выканаў каля 50 жывапісных і графічных работ. Многія творы мастака загінулі ў час блакады Ленінграда, у тым ліку партрэты Якуба Коласа і Змітрака Бядулі.
Творчая спадчына Д. М. Полазава ў асноўным захоўваецца ў фондзе Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы (Мінск).