Назва паходзіць, паводле аднаго з меркаванняў, ад балцкага этноніма відзы — жыхары гістарычнай вобласці Латвіі Відземе, якія маглі перасяліцца ў гэтыя мясціны. Не выключна, што назва паходзіць ад балцкай асновы vidinis — сярэдзіна. Паданне тлумачыць паходжанне назвы ад слова «відзець». Падобныя назвы даволі распаўсюджаны на Беларусі і ў Літве: Відзеўшчына (Маладзечанскі раён), Відзейкі (Свіслацкі раён), Відзенічы (Талачынскі раён), Відзюны (Астравецкі раён), Відзяны (Браслаўскі раён), Відзёны, Буйвідзы, Відзінішкі, Відзішкі (Літва).
Гісторыя
Вядомыя з сярэдзіны XV ст., калі вялікі князь (1432—1440) Жыгімонт Кейстутавіч аддаў землі паміж рэкамі Дзісна і Дрысвята, якія зваліся Ловішчам, братам Доўгірду, Даўкшу і Нарушу. Нашчадкі Наруша — Нарушэвічы заснавалі мястэчка Відзы. У гістарычных крыніцах сустракаюцца варыянты назваў — Віды, Відзе. Пад 1481 г. згадваецца Відзскі фальварак — адна з першых на Беларусі панскіх гаспадарак[6]. Пад 1507 г. згадваецца «волость Виды» ў складзе Браслаўскага павета. У 1492 г. тагачасны ўладальнік Відзаў Ян Ганусовіч, маршалак земскі літоўскі перадаў «двор Відзы» віленскаму біскупу (1491—1507) В. Табару, гэта наданне пацвердзіў у 1494 г. Аляксандр Ягелончык. У 1481 быў пабудаваны першы касцёл, пры ім існаваў шпіталь. У наваколлі Відзаў стала фарміравацца латыфундыя — буйная зямельная гаспадарка Віленскага біскупства. У 1731 г. латыфундыя займала плошчу каля 120 км², налічвала 140 сялянскіх, 28 шляхецкіх, 54 мяшчанскіх дымоў. Да латыфундыі адносілася 21 вёска: Балікі, Біцюны, Бубі, Бучаны, Пакульня, Пушкі, Эйцмяны, Мешкелі і інш. Самім мястэчкам валодала некалькі гаспадароў, якія неаднойчы мяняліся.
У 1524 г. частку Відзаў за 400 коп літоўскіх грошаў набыў віленскі ваявода А. Гаштольд. У XVI ст. Відзы лічыліся мястэчкам. У 1539 г. тут было 15 корчмаў. У канцы XVI ст. у біскупскай частцы налічвалася 5 дамоў рынкавых і 20 дамоў вулічных. У розныя часы ў Відзах мелі ўладанні і пабудовы бернардзінцы, канонікі-рэгулярныя, канонікі-латэранскія, дамініканцы, езуіты. Дзейнічалі таксама праваслаўная, стараверская, іудзейская, магаметанская, пратэстанцкая суполкі.
У 1629 г. частка Відзаў стала ўладаннем роду Пацаў. Польны гетман літоўскі, ваявода віленскі М. К. Пац адпісаў свае відзскія ўладанні канонікам-рэгулярным з мэтай завяршэння будаўніцтва касцёла св. Пятра і Паўла ў Вільні, вядомага багатым скульптурным аздабленнем інтэр’ера. Паводле рэестра падымнага падатку 1690 біскупскія ўладанні ў Відзах налічвалі 129 дымоў, уладанні канонікаў-рэгулярных — 53 дымы, плябаніі — 8 дымаў, Ваўжэцкіх (разам з некалькімі вёскамі) — 15 дымаў. У пачатку XVIII ст. езуіты адкрылі ў Відзах рэзідэнцыю, мелі тут невялікі касцёл, школу. У інвентары 1731 апісана частка Відзаў, якая належала біскупу Я. Зяновічу, названы вуліцы Рыначная, Дворная, Казіная, Віленская, адзначаны рамеснікі краўцы, цесляры, шаўцы, каваль, кушнер, шынкары.
Паводле люстрацыі 1794 у Відзах 182 дамы, 1270 жыхароў. 50 дамоў у мястэчку належала Ваўжэцкім, якія таксама мелі значныя ўладанні ў наваколлі. У 1793 сойм ухваліў перанос з Браслава ў Відзы месца правядзення павятовых сеймікаў, судовых устаноў, архіва. Пасля пажару 1794 у Браславе Відзы сталі цэнтрам Браслаўскага павета. 3 1795 у складзе Расійскай імперыі.
Напярэдадні вайны 1812 тут размяшчаліся часці 30-тысячнага гвардзейскага корпуса пад камандаваннем вялікага князя Канстанціна Паўлавіча. 4—5 ліпеня ў Відзах месцілася галоўная кватэра Аляксандра I і стаўка камандуючага 1-й арміі Барклая дэ Толі. 7—11 ліпеня была галоўная кватэра I. Мюрата. Пры адступленні французаў 28 лістапада ў Відзах адбыўся бой паміж французамі і атрадам рускай кавалерыі. Мястэчка значна пацярпела. У 1825 у Відзах 822 жыхары, 498 дамоў, павятовая школа, 2 шынкі, лазня. Будучы студэнтам Віленскага універсітэта, у Відзы да свайго дзядзькі Маеўскага прыязджаў А. Міцкевіч. У пачатку 1820 тут жыў нейкі час дзекабрыст А. Поджыа. Пасля пажару 24.8.1835 цэнтр павета з Відзаў пераносіцца ў мястэчка Езяросы (пазней Новааляксандраўск).
3 1843 Відзы — заштатны горад Ковенскай губ., цэнтр воласці. Размяшчэнне на паштовым тракце Дзвінск — Вільня спрыяла хуткай адбудове паселішча. У 1860 у Відзах 3498 жыхароў, 248 двароў, касцёл, капліца, сінагога, 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, мячэць, гарадская дума, мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы, паштовая станцыя, аптэка. Тры разы на год праводзіліся кірмашы, найбольш вядомыя продажам коней і гусей (у год прадавалася да 100 тыс. гусей). У горадзе меліся Рынкавая вуліца, плошчы, Салявы і Конскі рынкі. У 1892 — 5,6 тыс. жыхароў, з іх іудзеяў 4,263, католікаў 678, старавераў 394, магаметан 148, праваслаўных 59, пратэстантаў 11. У 1908 — 5,9 тыс. жыхароў.
У 1-ю сусветную вайну з восені 1915 акупіраваны нямецкімі войскамі. У час баявых дзеянняў горад амаль поўнасцю быў разбураны. Савецкая ўлада ўстаноўлена ў снежні 1918. Дзейнічаў валасны Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў. У жніўні 1919 акупіраваны польскімі войскамі, у ліпені 1920 заняты часцямі Чырвонай Арміі. З 1921 у Польшчы, Відзы — мястэчка, цэнтр гміны Браслаўскага павета, 431 дом, 2326 жыхароў (1931). Дзейнічала найбольш актыўная ў павеце арганізацыя КПЗБ. 3 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 гарадскі пасёлак, цэнтр раёна Вілейскай вобласці.
У чэрвені 1941 акупіраваны немцамі. У Відзах і раёне акупантамі было знішчана 4154 чалавекі. Утворана гета, насельніцтва якога было адпраўлена ў канцлагеры Заходняй Еўропы і ў большасці загінула. 2.7.1944 партызаны брыгады «Спартак» разам з літоўскімі партызанамі атрада «Жальгірыс» з боем занялі Відзы і 2 дні іх утрымлівалі. Вызвалены 8.7.1944 часцямі 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту.
3 1944 раённы цэнтр Полацкай, з 1954 Маладзечанскай абласцей. 3 1960 гарадскі пасёлак Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. У 1969 — 2,6 тыс. жыхароў. Побач з Відзамі існавала некалькі прадмесцяў, гісторыя якіх цесна звязана з гісторыяй мястэчка: Відзы-Лоўчынскія, Відзы-Альбрэхтоўскія (пазней в. Рэгуляры, зараз не існуе) — дзяржаўны двор, пазней уладанне канонікаў-рэгулярных. Відзскі двор (сучасная в. Падварынка) — уладанне біскупаў, пазней належалі выхадцам з Грэцыі Пізані.
У 1995 у Відзах 840 двароў, 1949 жыхароў. Маюцца Дом культуры, 2 бібліятэкі, бальніца, мытны пераход на мяжы з Літвой.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
↑Лойка, П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVІ—ХVIII ст. / П. А. Лойка; АН БССР, Інстытут гісторыі; Пад рэд. В. І. Мялешкі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 111 с. — С. 24. — ISBN 5-343-00563-2. Са спасылкай на:ЦГДА БССР. — Ф. 1747. — Воп. 1. — Спр. 36. — Арк. 44—46.
Видзы // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол. Г. П. Пашков и др. -Мн., 2006. — Т. 2. — С. 654—655.
Відзы // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / рэд. Л. К. Калошына. — Мн., 1981. — С. 47-48.
Відзы // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К. В. Велічковіч і інш. — Мн., 1998. — С. 671—672.
Татаринов Ю. А. Видзы / Ю. А. Татаринов // Города Беларуси. Витебщина. — Мн., 2006. — С. 155.
Відзы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 161. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.