Графіка (грэч.γραφικος — пісьмовы, ад грэч.γραφω — пішу, малюю) — від выяўленчага мастацтва, нанясенне выявы на плоскасць. Графічныя творы звычайна робяць на паперы; у параўнанні з жывапіснымі яны звычайна меншага, невялікага фармату. На мяжы графікі і жывапісу — акварэль, гуаш, пастэль. Асноўныя сродкі выражэння — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны або каляровы фон аркуша. У графіцы, у прыватнасці ў гравюрах, могуць ужываць вялікую колькасць колераў (пры стварэнні гравюр часам ужываюць больш за дзясятак друкарскіх форм, кожная з якіх дадае свой колер).
Сярод жанраў графікі найбольш распаўсюджаны пейзаж і партрэт. Для графікі ўласціва лаканічнае, завостранае выяўленне пачуццяў і думак аўтара, хуткасць адгуквання на падзеі грамадскага жыцця, магчымасць развіваць абраную тэму, сюжэт у цыклах, серыях твораў.
Гісторыя
Найбольш старажытны і традыцыйны від графічнага мастацтва — малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў антычнымвазапісе.
У XX ст. графіка развіваецца як дэмакратычнае мастацтва вялікага сацыяльнага гучання, звернутае да масавага гледача; разам з тым у графіцы вызначылася тэндэнцыя індывідуалістычнага эстэтызму, вузка фармальных і тэхнічных эксперыментаў[1]. У гэты час ў графіцы працавалі Пабла Пікаса, Анры Маціс, Ж. Грос, Кетэ Кольвіц, Ганна Астравумава-Лебедзева, Уладзімір Фаворскі і інш.
Класіфікацыя
Паняцце «графіка», па спосабе стварэння выявы, падзяляецца на два вялікіх аб’ёму: «друкаваная ці тыражная графіка» і «ўнікальная графіка». У залежнасці ад прызначэння графіка падраздзяляецца на некалькі відаў:
і некаторыя іншыя віды графікі. Як праявы масавай культуры спецыфічнымі відамі графікі з’яўляюцца ў станковай друкаванай графіцы — лубок, а ў газетна-часопіснай — карыкатура. Адносна маладой вобласцю графікі з’яўляецца таксама плакат, які ў сучасных формах склаўся ў XIX стагоддзі як від гандлёвай і тэатральнайрэкламы (афішы Ж. Шэрэ, А. Тулуз-Латрэка), а затым стаў выконваць і задачы палітычнай агітацыі.
У залежнасці ад спосабу выканання і магчымасцей тыражавання, графіку падзяляюць на ўнікальную і друкаваную. Унікальная графіка — стварэнне твораў у адзіным асобніку (малюнак, манатыпія, аплікацыя і да т. п.). Друкаваная графіка (гравюра) — стварэнне друкаваных формаў, з якіх можна атрымліваць па некалькі адбіткаў.
Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — ISBN 985-11-0277-6.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў. — Мінск: Беларусь, 2001. — ISBN 985-01-0124-5.
Баразна М.Графіка // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 242. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.