У 1886 годзе ўладальнік пляца мешчанін Гірш Мачыз звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу за дазволам на будаўніцтва новага мураванага двухпавярховага дома. Гэты праект быў зацверджаны гарадскімі ўладамі і амаль цалкам рэалізаваны[1]. Аўтар праекта архітэктар Д. В. Знабішын[2].
Галоўны фасад будынка выходзіў на Праабражэнскую вуліцу і быў завершаны фігурным атыкам. З боку вуліцы Багадзельнай дом меў вялікі мезанін з трохвугольным франтонам. Сіметрычнае рашэнне фасадаў было падкрэслена балконамі на другім паверсе, а таксама дзвярнымі і аконнымі праёмамі[1].
Пасля вайны адбылася грунтоўная рэканструкцыя гэтага будынка. У выніку якой надбудаваны трэці паверх, адначасова быў цалкам знішчаны першапачатковы архітэктурны дэкор фасадаў, а ўнутраныя памяшканні перабудаваны пад жылыя кватэры[1].
У савецкія часы на першым паверсе размяшчаўся рэстаран 1-га разраду «Світанак» (руск.: Заря). Пазней у ім размяшчалася культасветвучылішча[4].
Архітэктура
Трохпавярховы, Г-падобны ў плане будынак, накрыты вальмавым дахам. Фасады вырашаны плоскасна і строга. Аконныя праёмы на 1-м паверсе прамавугольныя, на 2-м — лучковыя. Несіметрычна на фасадах размешчаны маленькія балконы[4].