Бара́нь[2] — горад раённага падпарадкавання ў Аршанскім раёнеВіцебскай вобласціБеларусі, на рацэ Адроў. За 9 км ад горада Орша, да 2013 падпарадкоўваўся Аршанскаму гарсавету. На аўтамабільнай дарозе Орша—Коханава. Бліжэйшыя прыпынкі электрацягнікоў — Харобрава, Чэрвіна (~3 км). Насельніцтва 11 221 чал. (2017)[3].
Гісторыя
Вядома як сяло Барань, потым Старая Барань, з 1518 года ва ўладанні князя Канстанціна Астрожскага. Канстанцін Астрожскі заснаваў у Барані «кульны двор» — прадпрыемства па вырабу гарматных куль. У 1541 годзе ва ўласнасці яго сына князя Іллі Астрожскага[uk], належала да Копыскага замка. У 1591 годзе ў складзе Копыскага маёнтка згаданы фальварак Барань. У 1598 годзе ўладальнік Копысі вялікі гетман літоўскіКрыштаф Радзівіл заснаваў у Аршанскім павеце мястэчка Барань, куды перавёў падданых са Старой Барані. Прывілеем ад 30 кастрычніка 1598 года гетман «..залажыў на гасцінцы ад Барысава да Оршы места на Барані, а каб тыя прышлыя людзі ў ім асядалі і валокі прыняўшы распрацоўвалі, назначыў ім, людзям, якія будуць прыходзіць, асядаць у месцы, свабоду ад даты ліста, напісанага на 15 год, уласныя падданыя гэтыя абавязаны выконваць павіннасці, апісаныя ў інвентары». Тым самым днём Радзвіл пісаў: «…пацвярджаем, што Кліму Храловічу даў у м. Бараньскім валоку… на свабоднае трыманне 15 год». Ліст гетмана ад 15 лістапада 1599 года паведамляе «аб залажэнні» мястэчка Барань і што падданы са Старой Барані Сямён Кавезя прызначаны там войтам. «На каторае войтаўства далі яму на Копыскай вуліцы, дзе старая арэнда стала, пляц у канцы пляцаў рынкавых, аж па дарозе да млына і 2 валокі… вольныя ад платы пажыццёва, за што павінен свайму пану верна і чэсна служыць. І што той жа Сямён Кавезя, войт бараньскі, узяў з в. Старая Барань у дадатак яшчэ 8 маргоў. Тады гэтыя 2 валокі трымае на чыншы, плацячы з іх па коп паўтрэці з кожнай, як апісана ў інвентары галоўнай памеры». У мястэчку войту дазвалялася вызначаць гандлёвы дзень. У 1-й палове XVII ст. ў Барані было 38 дамоў.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Барань у складзе Расійскай імперыі, сяло, цэнтр воласці Аршанскага павета. Паводле «Інвентара зямель, выганаў, распрацовак, зарасніка мяшчан і валашчан староства Барысаўскага, што знаходзяцца ў павеце Аршанскім для лепшага выбару падаткаў» за верасень 1781 года ў Барані было 26 пляцаў, на якіх гаспадарылі Ян і Мацей Чорныя, Юзаф Шаблінскі, Ігнацій Шушкевіч, Лук’ян Каўтач, Іаан і Курыла Шытакі, Андрэй, Нічыпар і Міхаіл Чарнухі, Якаў, Давыд і Даніла Сушкевічы, Сапрон Локіш, Ян Яранкевіч, Карповіч, Чарэйскі, Станіслаў Рэут, Лапа, Зальковіч. Да Барані належалі засценкі Загацце (9 гаспадароў), Заўротаў, Ромбскі (па 2 сям’і), і Млын Бараньскі (3 двары). У 2-й палове XIX ст. у Барані каля 300 жыхароў, працавалі крухмальны завод, млын, было народнае вучылішча (адкрыта ў 1875 годзе, 31 вучань). У 1873 годзе адкрыты драцяна-цвіковы завод. 11 ліпеня 1905 года яго рабочыя (каля 200 чал.) правялі забастоўку, удзельнічалі ў Кастрычніцкай Усерасійскай палітычнай стачцы 1905 года.
Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года. З лютага да кастрычніка 1918 года горад акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі. У 1924—1960 гадах цэнтр сельсавета ў Аршанскім раёне. У 1935 годзе пераўтвораны ў рабочы пасёлак. З 16 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 года акупіраваны войскамі нацысцкай Германіі. З 17 мая 1972 года — горад[4].
Насельніцтва
XX стагоддзе: 1967 — 9,7 тыс. чал.[5]; 1990 — 13,5 тыс. чал.[6]; 1991 — 14,1 тыс. чал.; 1995 — 14,4 тыс.[7] чал.
Аснову эканомікі горада складаюць прадпрыемствы машынабудавання, лёгкай і харчовай прамысловасці. Горадаўтвараючае прадпрыемства — ААТ «Тэхніка сувязі»[9] (раней — фірма «Лёс»). Шмат незанятых вытворчых плошчаў. Санаторый-прафілакторый «Лес».
Генадзій Іванавіч Міхасёў (нар. 1957) — беларускі спецыяліст у галіне механікі дэфармуемага цвёрдага цела. Доктар фізіка-матэматычных навук (1998), прафесар (2005).
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
↑Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб пераўтварэнні рабочага пасёлка Барань Віцебскай вобласці ў горад раённага падпарадкавання ад 17 мая 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 15 (1353).
Бара́нь // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 57. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.