Арабская вясна (таксама ўжываюцца тэрміны Хваляванні ў краінах арабскага свету, Панарабская рэвалюцыя — масавыя народныя рухі ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе ў 2010—2011 гадах.
17 снежня 2010 года вулічны гандляр гароднінай Махамед Буазізі здзейсніў акт самаспалення на цэнтральнай плошчы горада Сідзі-Бузід у знак пратэсту супраць самавольства мясцовай паліцыі, карупцыі і бяздзейнасці чыноўнікаў.
Праз тыдзень пасля інцыдэнту ў родным горадзе Буазізі Мензель-Бурзаяне (каля 16 км ад Сідзі-Бузіда) успыхнулі масавыя дэманстрацыі. Пратэстанты грамілі дзяржустановы, паліцэйскія ўчасткі і аўтамабілі. У горад былі сцягнуты дадатковыя сілы правапарадку. У выніку разгону дэманстрантаў, супраць якіх была прыменена агнястрэльная зброя, адзін чалавек загінуў, яшчэ дзесяцёх з раненнямі рознай цяжкасці даставілі ў бальніцу. У горадзе была ўведзена каменданцкая гадзіна.
4 студзеня народная незадаволенасць успыхнула з новай сілай. Дэманстрацыі ахапілі ўсю краіну. Колькасць загінуўшых падчас сутыкненняў з паліцыяй дасягнула дзясяткаў. Прэзідэнт Туніса Зін эль-Абідзін Бен Алі некалькі разоў звяртаўся да народа і ўрэшце пайшоў на саступкі — пагадзіўся не балатавацца на прэзідэнцкую пасаду ў шосты раз запар. Але пратэсты разрасталіся і позна вечарам 14 студзеня прэзідэнт раптоўна пакінуў Туніс, уцёкшы з сям’ёй у Саудаўскую Аравію[2].
Пачатак «арабскай вясны»
Эйфарыя з Туніса перакінулася на іншыя арабскія краіны. У многіх з іх пратэсты і галодныя бунты не былі рэдкасцю, але мала хто верыў у магчымасць звяржэння правіцелей, якія знаходзіліся ва ўладзе дзесяцігоддзямі . «Жасмінавая рэвалюцыя» (назва, пад якой сталі вядомыя туніскія пратэсты) паслужыла прыкладам для астатніх. «Арабская вясна» пачалася. Хваля пратэстных выступаў перакінулася на іншыя краіны[2].
18 студзеня 2010 года шасцёра егіпцян здзейснілі самагубства. Гэта наглядна прадэманстравала вастрыню праблем, якія стаяць перад егіпецкім грамадствам. 25 студзеня пачаліся пратэсты на плошчы Тахрыр у Каіры. Супраць прэзідэнта Мубарака аб’ядналася ўся апазіцыя, ад умераных лібералаў да радыкальных ісламістаў.
11 лютага, менш чым праз месяц пасля ўцёкаў Бэн Алі з Туніса, у адстаўку ў выніку народных пратэстаў пайшоў прэзідэнт Егіпта Хосні Мубарак[3].
Развіццё падзей
У лютым 2011года беспарадкі ахапілі большую частку арабскага Усходу. Хваляванні праходзілі ў Іарданіі, Алжыры, Марока, Ліване, Амане, Самалі, Сірыі[3].
У Лівіі апазіцыя выступіла супраць улады дыктатара Муамара Кадафі. У канфлікт неўзабаве ўмяшаўся Захад, які зрабіў стаўку на апазіцыю і падтрымаў арганізаваныя паўстанцкія атрады сіламі НАТА. У выніку прыхільнікі Кадафі былі разгромленыя, а сам дыктатар забіты паўстанцамі. Краіна пагрузілася ў хаос грамадзянскай вайны і галечу[3].
Прэзідэнт Сірыі Башар Асад змог захаваць уладу, шмат у чым таму, што, гледзячы на прыклад Лівіі, палітыкі з розных краін шукалі кампрамісы для вырашэння сірыйскай праблемы. У прыватнасці, Расія і Кітай неаднаразова накладалі вета на любыя рэзалюцыі Савета бяспекі ААН, якія маглі б прывесці да замежнай інтэрвенцыі ў Сірыю. Тым не менш трагічных наступстваў «арабскай вясны» Сірыі пазбегнуць не ўдалося. У краіне пачалася грамадзянская вайна[2].
Емен
Негвалтоўныя пратэсты ў Емене пачаліся ў лютым 2011 года — жаданне перамен вывела на вуліцы гарадоў мільёны людзей. Дэманстранты патрабавалі дэмантажу існуючага рэжыму і пераходу да дзяржавы, заснаванай на сучасных грамадзянскіх формах праўлення і прынцыпе падзелу ўладаў. Галоўнымі цэнтрамі падзей сталі найбуйнейшыя гарады Поўначы (Сана і Таіз) і Поўдня (Адэн і Мукала).
Праз два месяцы патрабаванні дэманстрантаў падвергліся карэкціроўцы. На Поўдні сталі дамінаваць сепаратысцкія настроі. На Поўначы частка лідэраў зрабіла стаўку на ісламісцкую рыторыку. У лістападзе пры пасярэдніцтве манархій Персідскага заліва прэзідэнт Салех падпісаў з апазіцыяй дамову пра перадачу ўлады. У лютым 2012 года прэзідэнтам краіны на пераходны перыяд быў абраны Абд Рабу Мансур аль-Хадзі. Новымі ўладамі быў зацверджаны праект стварэння федэратыўнай дзяржавы ў складзе шасці правінцый.
Супраць гэтай ініцыятывы выступілі хусіты — мусульмане-шыіты, якія пражываюць на поўначы Емена. Незадаволенасць хусітаў справакавала новы віток узброенага канфлікту — у студзені 2015 года яны захапілі сталіцу краіны Сану. Прэзідэнт Емена быў змушаны звярнуцца да манархій Персідскага заліва з заклікам умяшацца ў сітуацыю. 26 сакавіка 2015 года кааліцыя арабскіх дзяржаў на чале з Саудаўскай Аравіяй пачала ваенна-паветраную аперацыю супраць мяцежнікаў[2].
Бахрэйн
У Бахрэйне падзеі «арабскай вясны» насілі рэлігійна-палітычны характар. У масавых пратэстах, якія пачаліся ў лютым 2011 года, бралі ўдзел у асноўным шыіты, якія складаюць каля 70% насельніцтва каралеўства. Яны патрабавалі прадастаўлення ім больш шырокіх магчымасцей для ўдзелу ў палітычным жыцці краіны і адстаўкі дзеючага ўрада.
Кіруючая суніцкая сям’я Аль-Халіфа вырашыла не ісці на саступкі пратэстоўцам, праваахоўныя органы прымянялі сілу для падаўлення маніфестацый. Для спынення беспарадкаў і ўнутрыпалітычнай стабілізацыі Бахрэйн быў змушаны звярнуцца за дапамогай да Савета супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва. У сакавіку 2011 года на тэрыторыю краіны быў уведзены воінскі кантынгент гэтай арганізацыі[2].
Іншыя краіны
Акрамя Бахрэйна, рэжым выстаяў у Саудаўскай Аравіі, Кувейце, Амане, Іарданіі, Алжыры, Марока, Судане. У кожнай са згаданых краін быў свой досвед пераадолення крызісу. У чымсьці ўладам прыйшлося пайсці на рэальныя саступкі, дзесьці зрабіць выгляд, што яны гатовыя да кампрамісаў, у багатых нафтаздабываючых арабскіх краінах незадаволенасць «залілі» грашыма, адразу збіўшы любыя рэвалюцыйныя настроі.
Асабліва характэрны прыклад Алжыра, дзе дэманстрацыі не дасягнулі значных поспехаў, як у суседніх краінах, не толькі праз прынятыя уладамі меры, але і дзякуючы перажытаму ў 1990-я гады горкаму досведу грамадзянскай вайны і ісламісцкага тэрору. Расхістваць сітуацыю ў краіне, якая толькі пачала выбірацца з хаосу, ахвочых практычна не было. Асцярогі, што ісламісцкі тэрор можа паўтарыцца, і раз’яднанасць апазіцыі не далі алжырцам паўтарыць шлях сваіх суседзяў.
Аднак адна з асноўных прычын, чаму ўлады ў вышэйзгаданых краінах выстаялі, — адсутнасць знешніх сіл, якія актыўна расхіствалі сітуацыю, як гэта было ў Лівіі і Сірыі[2].
Іншыя наступствы
Па выніках 2011 года страты рэгіёна ў сярэднім склалі 6% ВУП, а рост коштаў на сыравіну, наадварот, павялічыўся, паколькі сярод удзельнікаў «арабскай вясны» было шмат імпарцёраў нафты. Найбольшы скачок цэн на чорнае золата быў зафіксаваны падчас рэвалюцыі ў Лівіі.
↑Flood sparks rare action(англ.)(недаступная спасылка). Montreal Gazette (29 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 1 лютага 2011. Праверана 29 студзеня 2011.