У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл.
Уса.
Уса — рака ў Чэрвеньскім і Бярэзінскім раёнах Беларусі, правы прыток Бярэзіны (басейн Дняпра). Даўжыня 55 км. Вадазбор 549 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,3 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,7 ‰.
Назва
Назва Уса балцкага паходжання.
Корань Us- таксама ў іншых (двух) гідронімах Уса (два прытокі Нёмана), у назвах ракі Усія (прыток Угры), возера Усая.
У больш пашыраным выглядзе аснова Us-ṷ- (> Усв-) у назвах рэк Усвятка (у верхнім цячэнні Дняпра), Усвяж (прыток бярэзінскай Гайны), возера Усвят (на Задзвінні).
Корань Us- звязваюць з індаеўрапейскім *aus- / *us- «блішчэць, ззяць», ад якога літоўскае aušra «зара», apy-ūšris «час перад світанкам», латышскае *Ūss (балцкае боства зары)[1][2].
Роднасны яму корань Uš- у назвах рэк Уша (прытокі Бярэзіны, Віліі, Нёмана), Ушача.
Назвы Уша і Уса канцэнтруюцца ў адным рэгіёне, паабапал лініі нёманска-дняпроўскага водападзелу. На ўсходзе — Уса і Уша выцякаюць і працякаюць адна побач з адной паміж Мінскам і Беразіном. На захадзе — дзве Усы і дзве Ушы сканцэнтраваныя паміж Маладзечнам і Нясвіжам.
Водныя назвы з коранем Us- / Uš- матываваныя блішчастасцю воднай паверхні.
Назва Уса значыць «Блішчастая (рака)».
Асноўныя прытокі
Справа: Ганутка, Дабрыца. Злева: Лешчынка, Карпілаўка, Бусль.
Агульнае
Выцякае з Дзікае ў Чэрвеньскім раёне, вусце за 1,5 км на ўсход ад вёскі Якшыцы Бярэзінскага раёна. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.
Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэдняй і ніжняй частцы — трапецападобная, шырынёй 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, яе шырыня да 0,2 км, на асобных участках да 1 км. Рэчышча на працягу 9,2 км ад вытоку і 2 км перад вусцем каналізаванае, на астатнім працягу звілістае (шырыня каля 8 м). Берагі ўмерана стромкія, іх вышыня 0,3—1,2 м.
Крыніцы
- ↑ Топоров В. Н. Балтийский элемент в гидронимии Поочья III // Балто-славянские исследования 1988—1996. Москва, 1997. С. 282—283.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 86—87.
Літаратура
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
|
---|
Левыя прытокі | |
---|
Правыя прытокі | |
---|