Не́далька, Нідалька — рака ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Бярэзіна (басейн Дняпра).
Назва
Назва ракі засведчаная як «Нідалька» (< Нідаль)[3]. Назва балцкага паходжання, форма аднаўляецца як *Nid-al-[4].
Балцкія гідранімічныя аналагі — літоўскія водныя назвы Nieda, Niedus, Niedulė, прускія Nyda, Neide[5].
Далей да індаеўрапейскага *neid-, *nid- «цячы», якое таксама шырока прадстаўлена сярод стараеўрапейскай гідраніміі, а ў лексіцы захавалася ў стараіндыйскім nēdati «цячы»[6]. У старабалцкай лексіцы корань меў прысутнічаць (пра гэта сведчаць гідронімы), але з цягам часу знік пад ціскам іншых сінонімаў. Тое ж адбылося і, напрыклад, з *droṷus «плынь», што захавалася ў стараіндыйскім draváḥ (< dravas) «бег», а таксама ў гідронімах тыпу Адроў, Сухадроўка.
Балцкі гідранімічны фармант -l-, якім пашыраны корань у назве Нідалі, прысутны таксама ў рачных назвах тыпу Даколь, Віхолка, Скідзела і інш.
Каля Нідалі працякаюць рэкі з балцкімі назвамі Можніца (прыток Нідалі), Мрай (як і Нідаль, цячэ ў Бярэзіну), Пядынь (прыток бярэзінскай Цны). На Бярэзіне (як і на Сажы) Ул. Тапаровым адзначалася адмысловая канцэнтрацыя балцкіх гідронімаў.
Водаапісанне
Даўжыня ракі 12 км. Плошча вадазбору 28 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 4,5 м/км. Выток ракі знаходзіцца за 1,5 км у напрамку на захад ад вёскі Ніўкі, вусце за 1 км на поўнач ад вёскі Броды. Вадазбор у межах Вернебярэзінскай нізіны. Прыток — Можніца (справа).
Каля ракі вёскі Ніўкі і Нядаль (Нідаль).
Зноскі
- ↑ а б Ліст карты N-35-57. Выданне 1980 г. (руск.)
- ↑ П. Л. Маштаковъ. Списокъ рѣкъ днѣпровскаго бассейна. С.-Петербургъ, 1913. С. 95.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 199.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 230.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 761.
Літаратура
- Недалька // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — С. 5. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Минская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2009. — С. 13. — 60 с. — 20 000 экз. — ISBN 978-985-508-174-7. (руск.)
- Республика Беларусь. Минская область. Борисовский: карта. Борисов: план / Ред. В. А. Змачинская. — Минск: РУП «Белкартография», 2008. — 10 000 экз. (руск.)
- Ліст карты N-35-57. Выданне 1980 г. (руск.)
Спасылкі
|
---|
Левыя прытокі | |
---|
Правыя прытокі | |
---|