Даўжыня 648 км, у межах Беларусі 493 км. Плошча вадазбору 42,14 тыс. км²[3], у межах Беларусі 21,5 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 219 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,17 ‰.
Назва
Узнікненне назвы Сож сягае часоў балцка-фінскага ўзаемадзеяння ў рэгіёне вярхоўяў гэтай ракі, пачатак якога датуюць 4400—4200 гг. да н.э. Тады, у пачатку сярэдняга неаліту, на тэрыторыю протабалтаў (Нарвенская і Нёманская археалагічныя культуры) з паўночнага ўсходу насунулася фіна-вугорская па паходжанні археалагічная культура ямачна-грабенчатай керамікі. Яе пашырэнне запынілася, крыху не даходзячы да Дзвіны, фрагментарна сляды яе фіксуюць і на поўдні ад Дзвіны[4].
Саму назву "Сож" асобныя навукоўцы звязваюць з ліўскімsuž[5], эстонскім suzi, фінскім susi «воўк», яна зведала эвалюцыю Suž > Съжь > Сож[6][7]. Менавіта на Пасожжы і на сумежных тэрыторыях назіраецца асаблівая канцэнтрацыя балцкіх «ваўчыных» гідронімаў: бел. Воўчаса, Аўчоса, укр. Вовчасова, Вовчасок,Вовчас / Овчес (усе да балцкага *Vilkesà, ад балцкага vilkas «воўк»)[8][9].
Найімаверней, сам Сож у верхнім цячэнні або адзін з яго прытокаў там жа першапачаткова меў балцкую «ваўчыную» (Vilk-) назву, якая была перакладзеная прышлымі фінамоўнымі прадстаўнікамі культуры ямачна-грабенчатай керамікі і пазней пашырылася ніжэй на ўсё цячэнне Сажа (падобным чынам і назва ракі Акі распаўсюдзілася з яе вытокаў на ўсё цячэнне[10]). Ідэнтычная пасожскай сітуацыя балцка-фінскага «ўзаемаперакладу» і каля літоўскага Вількаміра, дзе побач з «ваўчынай» ракой Vilkesa знаходзяцца «ваўчыныя» тапонімы Sužai і Sužionys[11].
Менавіта на Пасожжы адна з найбольш значных канцэнтрацый балцкай гідраніміі на ўсім Верхнім Падняпроўі[12].
Існуе і некалькі іншых версій паходжання назвы Сож. Ул. Тапароў, балтыст і прыхільнік «фінскай» версіі, пералічваў такія з іх, згодна з якімі назву Сож у мінулым звязвалі таксама з прускім suge «дождж» (чытаецца, аднак, як suji), з назвай сакаў (скіфаў) або з індаеўрапейскім коранем з семантыкай «чысты»[13]. Гомельскі філолаг А. Рогалеў звязвае з чарнігаўска-сумскімі дыялектызмамі «сажкі» (ямы на балоце), «сага», «сога», «саж» (возера)[14]. Географ В. Жучкевіч звязваў з старажытнарускім сожжь «выпаленыя ўчасткі лесу, падрыхтаваныя для разворвання»[15].
Гідраграфія
Пачынаецца за 12 км на поўдзень ад горада Смаленск і цячэ па Смаленскай вобласці, далей працякае па тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі, вусце каля гарадскога пасёлка Лоеў. У вярхоўях з’яўляецца дзяржаўнай мяжой Беларусі з Расіяй, у апошніх 20 км цячэння з Украінай.
Агульная даўжыня рачной сістэмы (3410 рэк) 16 220 км, густата рачной сеткі на тэрыторыі Беларусі 0,38 км/км². На вадазборы ў межах Беларусі больш за 300 рэк і ручаёў часткова або поўнасцю каналізаваных, пракладзена больш за 170 меліярацыйных каналаў даўжынёй 5 км і больш. Верхняе цячэнне на паўднёва-заходняй ускраіне Смаленскага ўзвышша, сярэдняе — на Аршанска-Магілёўскай раўніне, ніжняе — у Гомельскім Палессі. У сярэднім і ніжнім цячэнні Сож працякае праз тэрыторыі, забруджаныя радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Суднаходства ад вёскі БарысавічыКлімаўскага раёна (за 373 км ад вусця) — пры высокіх узроўнях, рэгулярнае — ад горада Слаўгарад.
57 % гадавога сцёку прыпадае на перыяд веснавога разводдзя. Пад’ём узроўняў вясной пачынаецца звычайна ў 3-й дэкадзе сакавіка (радзей — у пачатку сакавіка) або ў сярэдзіне красавіка, доўжыцца 10—15 сутак у верхнім цячэнні, 20—25 сутак у нізоўі. Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 4—5 м, найбольшая 6— 7,5 м. Зімовыя ўзроўні ў сярэднім на 10—20 см вышэй за летнія, але ў асобныя гады ў выніку адліг павышаюцца ў нізоўі да 2,5 м. Замярзае ў пачатку снежня, крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка ад вусця да вярхоўя. Веснавы крыгаход 3—5 сутак. На Беларусі найбольшая таўшчыня лёду ў рацэ 62—65 см. Сярэдняя тэмпература вады ў чэрвені — жніўні 19—21 °C, найбольшая ў ліпні — да 28 °C.
Даліна пераважна трапецападобная, ад вытоку да вусця Проні — выразная, глыбокаўрэзаная (20—30 м). Шырыня ў вярхоўі ад 0,3 км да 1 км, на вялікім працягу 1,5—3 км, пры зліцці з далінамі рэк Асцёр і Проня — 5 км, ніжэй горада Ветка — да 7 км, пры зліцці з далінай Дняпра — да 20 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія (радзей стромкія), вышынёй 15—25 м (месцамі да 40 м), парэзаны ярамі, лагчынамі, далінамі прытокаў. Правы схіл больш адкрыты, левы зарос лесам і хмызняком. На Беларусі амаль на ўсім працягу вылучаюцца пойма з нізкім (1,5—2,5 м над урэзам вады) і высокім (3—4 м) узроўнямі і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма двухбаковая, месцамі левабярэжная або чаргуецца па берагах. Паверхня яе перасечана лагчынамі, старарэччамі і невялікімі азёрамі-старыцамі. Затапляецца на 5—10 сутак на глыбіню 0,5—2,5 м, у вусцевай частцы — да 4—5 м.
Рэчышча звілістае. У ніжнім цячэнні вялікая колькасць лукавін, рукавоў, старыц. Да Гомеля трапляюцца астравы (даўжыня 30—300 м, шырыня 10—50 м). Шырыня ракі ў верхнім цячэнні 40—80 м, у ніжнім 90—125 м, месцамі да 230 м. Дно роўнае. Берагі да вусця Проні пераважна стромкія, вышынёй 1,5—4 м, ніжэй па цячэнні спадзістыя; на лукавінах, дзе рэчышча падыходзіць да карэннага берага (напрыклад, каля вёскі Гайшын Слаўгарадскага раёна), абрывістыя, вышынёй 12—15 м, месцамі да 35 м. Ніжэй горада Ветка па берагах пясчаныя пляжы.
У легендзе «Сіні калодзеж» цераз Сож кідалі вялікія камяні «багатыры» Сцяпан і Марка, спаборнічаючы між сабой у заляцанні да «багатыркі» Кацярыны[17].
Згодна з легендай «Аб Сожу і Няпрэ» Сож меў атрымаць ад бацькі блаславенне «ици ў пуць», але быў апярэджаны хітрым братам Няпром, якога падмануты бацька блаславіў ісці «па хорошихъ мѣстахъ — лугами, городами». Сожу ж у выніку дастаўся шлях «имхами, болотами» і бацькава спадзяванне, што ён зможа дагнаць і пераняць брата пакуль той «у мора ня ўцёкъ»[18].
Сож фігуруе ў паданні, якое звязвае паходжанне назвы Гомеля з адрасаванымі плытагонам папераджальнымі выклічамі аб мелях на рацэ: «Го! Мель!»[19][20][21].
У казцы «Праз Іллюшку» «по Сожи по рацѣ» спачылы святы сплыў у склепе (труне) «у Кіявъ, у пящеры»[22].
Упамінаецца ў шэрагу замоў ад «уроку» (сурокаў), у адной з якіх мае імя Максім[23].
У 1890-х гадах у Ветцы хадзіла быліца пра чорта, які ў выглядзе карліка выйшаў з Сожа, катаўся на палачцы, а потым — на маленечкай лодцы, пасля чаго танулі людзі[24].
↑A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 102—107.
↑Tiit-Rein Viitso, Valts Ernštreits. Livokiel-estikiel-letkiel sonarontoz / Liivi-eesti-lati sonaraamat / Libiešu-igaunu-latviešu vardnica. Tartu / Riga. 2012. С. 311.
↑K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 541.
↑В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 208.
↑В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 181.
↑Гідронімія України в її міжмовних і міждіалектних зв’язках. — К., 1981. — С. 72—73.
↑В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. I // Балто-славянские исследования 1986. Москва, 1988. С. 157.
↑K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 541.
↑В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 233.
↑В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 208, 227.
↑Рогалев, А. Ф. Топонимия Беларуси : Гомельская область. Лоевский район. — Гомель , 2015. — С. 74.
↑Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. С. 355.
↑Скрыжалі памяці : з творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусвет. вайны : у 3 кн. — Мінск : Бел. кнігазбор, 2005. — ISBN 985-504-017-1 (агул.). Кніга першая
↑Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки космогонические и культурные. — Витебск : типо-лит. Г. А. Малкина, 1891. — Вып. 4. — С. 173.
↑Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки космогонические и культурные. — Витебск : типо-лит. Г. А. Малкина, 1891. — Вып. 4. — С. 176—177.
↑Пульнер, И. Из жизни города Гомеля / И. Пульнер // Еврейское местечко в революции : Очерки / Под ред. проф. В. Г. Тана-Богораза. — Москва ; Ленинград : Гос. изд-во, 1926. — С. 156.
↑Лебедев С. М. Гомель: краткий историко-экономический очерк. — Минск: Государственное издательство БССР, Редакция политической литературы, 1957 . — С. 9.
↑Легенды і паданні / Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — С. 269.
↑Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки. — Витебск : типо-лит. Г. А. Малкина, 1887. — Вып. 3. — С. 262.
↑Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Заговоры, апокрифы и духовные стихи. — Витебск : типо-лит. Г. А. Малкина, 1891. — Вып. 5. — С. 23, 149, 150.
↑Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Быт белорусса; Словарь условных языков. — Вильна : тип. А. Г. Сыркина, 1912. — Вып. 8. — С. 288.
Літаратура
Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.
Сож // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 678. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.