Мярэ́я — рака ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласці і Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі і на мяжы са Смаленскай вобласцю Расіі, левы прыток Дняпра.
Назва
Назва Мярэя балцкага паходжання[1].
Корань Mer- / Mor- мае значэнне «стаячая вада» і суадносіцца з літоўскім marios «затока»[2]. Гэты корань у літоўскіх гідронімах Mera, Meraitis (у Швянчоніскім раёне).
У назве Мярэя балцкі гідранімічны пашыральнік -ej-, як у падняпроўскіх балцкіх гідронімах *Vedēja, *Rupēja[3], літоўскіх Asveja, Roveja[4], у назве возера Асвея. Блізкія яму пашыральнікі -ij-, -uj- у водных назвах тыпу Ілія, Бабруя. Пашыральнік -ej- выкарыстоўваецца ў літоўскім слова- і назваўтварэнні (tekėti «цячы» — tekėja «цячэнне»)[5].
З назвай Мярэя перагукаецца назва маёнтка «Мярэя» (1514 г.), ад якой назва цяперашніх Мёраў. Так першапачаткова мусіла называцца Мёрскае возера або рака Мерыца, што з яго выцякае.
Водаапісанне
Даўжыня ракі 56 км, з іх 24 км у Беларусі. Плошча вадазбору 694 км². Вадазбор у межах Смаленскага ўзвышша. Расход вады ў вусці складае каля 4 м³/с.
Бярэ пачатак за 2 км у напрамку на ўсход ад вёскі Стараселле Горацкага раёна, вусце ў Дубровенскім раёне каля вёскі Александрыя. Даліна трапецападобная. Абалона двухбаковая, рэчышча звілістае, шырыня ракі ў межань 3—6 м. На рацэ каля аграгарадка Леніна знаходзіцца вадасховішча.
Сярод прытокаў — рэкі Закабыліца, Ірвяні́ца[6], Івата, Рэкта, Свіная, Лупа.
Пачынаючы ад вёскі Баева Дубровенскага раёна і да самага вусця, па рацэ Мярэя праходзіць дзяржаўная мяжа паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй.
Крыніцы
- ↑ Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 195.
- ↑ Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. P. 211, 204.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 165, 178, 195, 206.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 49, 280.
- ↑ P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 84.
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 321. — 522 с. — 10 000 экз.
Літаратура
Спасылкі
|
---|
Левыя прытокі | |
---|
Правыя прытокі | |
---|
|