Першы пісьмовы ўпамін пра Хіславічы (Хотславичи) датуецца 1450 годам[2] сярод пацверджаных вялікім князем Казімірам выслуг князя Андрэя Порхаўскага ў мсціслаўскага князя Лугвена (Сямёна). Як сяло, цэнтр воласці, размешчанай паміж Крычавам і Мсціславам, Хаславічы ўпамінаюцца ў разгранічэннях з Маскоўскай дзяржавай 1523 года — пачатку XVII ст.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Хаславічы сталі цэнтрам нягродавага староства Мсціслаўскага ваяводства. У 1620 годзе паселішча перайшло ў валоданне Салтыковых. У XVIII ст. Салтыковы збудавалі тут царкву і сядзібу з паркам.
Пад 1710 годам Хаславічы ўпамінаюцца як мястэчка з царквой Святых Барыса і Глеба, уладанне К. Цеханавецкага. У 1719 годзе з мястэчка выплачвалася чопавае ў памеры 800 злотых (адно з найбольшых у Мсціслаўскім ваяводстве). 13 лютага 1754 года кароль і вялікі князь Аўгуст Сас прызначыў апошняга старосту хаславіцкага — Яна Цеханавецкага[3].
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Хаславічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. У 1773 годзе расійская імператрыца Кацярына II падаравала Хаславіцкае староства таемнаму дарадцу Кохміну. Паводле рэвіскай сказкі 1778 года, у мястэчку было 2 планавальныя цэнтры: стары — Замак, і новы — забудаваны з усіх бакоў Рынак, ад якога адыходзілі вуліцы Мсціслаўская, Смаленская, Лызкова, Чавуская, Козараўская і Падалянская[2]. У 1783—1785 гадах у Хаславічах было 143 будынкі; жылі ганчары, кавалі, слесары, краўцы, шаўцы, кушняры, кухары, сталары[4]. У 1784 мястэчка ўвайшло ў склад Мсціслаўскага паветаМагілёўскай губерні.
На 1880 год у Хіславічах было 617 драўляных (171 хрысціянскі і 446 іўдзейскіх) і 1 мураваны дом, дзейнічалі цэрквы Святых Барыса і Глеба (захавалася і дзейнічае) і Святой Кацярыны (згарэла ў 1949 годзе), а таксама 8 іўдзейскіх малітоўных школаў, працавалі народнае вучылішча, сельская бальніца, гарбарны завод і бровар. На 1910 год у мястэчку было 603 будынкі, з іх 3 мураваныя; працавалі валасная і мяшчанская ўправы, паштова-тэлеграфны аддзел, пазыкова-ашчаднай і пажарнай таварыствы.
XIX стагоддзе: 1861 год — 3408 чал.; 1880 год — 4361 чал. (2095 муж. і 2266 жан.), з іх 739 праваслаўных і 3642 іўдзеі
XX стагоддзе: 1910 год — 6894 чал., з іх шляхты і службоўцаў — 10, духоўнага стану — 7, купцоў — 30, мяшчан — 5947, сялян — 886, іншых — 14; 1931 год — 3158 чал.; 1959 год — 3785 чал.; 1970 год — 3682 чал.; 1979 год — 4451 чал.; 1989 год — 5013 чал.;
XXI стагоддзе: 2002 год — 4617 чал.; 2007 год — 4399 чал.; 2009 год — 4342 чал.; 2012 год — 3982 чал.; 2013 год — 3862 чал.; 2014 год — 3763 чал.; 2015 год — 3755 чал.; 2016 год — 3772 чал.
Інфраструктура
У Хіславічах працуюць сярэдняя і мастацкая школы, бальніца, 2 бібліятэкі, кінатэатр.
Забудова
Вуліцы і плошчы
У Хіславічах у розны час існавалі вуліцы Мсціслаўская, Замкавая[6], Козараўская, Лызкова, Падалянская, Смаленская і Чавуская.
Эканоміка
Ільнозавод, цагельня, прадпрыемствы харчовай прамысловасці.