Уса́я — возера ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Дзіва, за 28 км на ўсход ад гарадскога пасёлка Ушачы, каля вёскі Усая. Належыць да групы Ушацкіх азёр.
Назва
Назва Усая балцкага паходжання.
Корань Us- таксама ў гідронімах Уса (два прытокі Нёмана, адзін прыток Бярэзіны), Усія (прыток Угры), Усяжа.
У больш пашыраным выглядзе аснова Us-ṷ- (> Усв-) у назвах рэк Усвятка (у верхнім цячэнні Дняпра), Усвяж (прыток бярэзінскай Гайны), возера Усвят (на Задзвінні).
Корань Us- звязваюць з індаеўрапейскім *aus- / *us- «блішчэць, ззяць», ад якога літоўскае aušra «зара», apy-ūšris «час перад світанкам», латышскае *Ūss (балцкае боства зары)[1][2]. Роднасны яму корань Uš- у назвах рэк Уша (прытокі Бярэзіны, Віліі, Нёмана), Ушача.
Водныя назвы з коранем Us- / Uš- матываваныя блішчастасцю воднай паверхні.
У назве Усая корань Us- пашыраны балцкім пашыральнікам -j-, як у назвах Ілія, *Бабруя, Мярэя (-ij-, -uj-, -ej-).
Назва Усая значыць «Блішчастае (возера)».
Водаапісанне
Плошча паверхні возера складае 0,32 км². Даўжыня 0,96 км. Найбольшая шырыня 0,46 км. Даўжыня берагавой лініі 2,83 км. Найбольшая глыбіня 9 м. Аб’ём вады 1,58 млн м³. Плошча вадазбору 1,5 км².
Катлавіна возера эварзійнага тыпу. Схілы катлавіны вышынёй 8—10 м, пад лесам, на поўначы і поўдні вышынёй 5 м, разараныя. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі высокія, на захадзе зліваюцца са схіламі катлавіны. Дно выслана гліністым ілам.
У сярэдзіне возера востраў. Зарастае да глыбіні 1,7 м. Возера эўтрофнае, праточнае. На паўночным усходзе ўпадае ручай, на паўднёвым захадзе выцякае ручай у возера Крывое.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, акунь, плотка, язь, мянтуз і іншыя віды рыб.
Крыніцы
- ↑ Топоров В. Н. Балтийский элемент в гидронимии Поочья III // Балто-славянские исследования 1988—1996. Москва, 1997. С. 282—283.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 86—87.
Літаратура
Спасылкі