Размешчаны на рацэ Судынка, за 130 км ад Бранска. Масласыраробчы завод, крухмальны завод, асфальтавы завод, лясгас.
Гісторыя
Згодна з археалагічнымі даследаваннямі, на месцы сучаснага Мгліна ў канцы I тысячагоддзя існавала славянскае паселішча. Па ўсёй бачнасці, не пазней за XI стагоддзе ўзнік горад. Гарадзішча размешчана ў цэнтры сучаснага горада на абрывістым мысе правага берага р. Судынка, пляцоўка яго складаецца з дзвюх частак. Гэтыя часткі ў старажытнасці былі падзелены ровам. Сляды рова захаваліся таксама з поўначы і поўдня, вал не захаваўся. Магчыма, горад пацярпеў падчас мангола-татарскага нашэсця.
У канцы 1380-х — 1503 гады Мглін уваходзіў у склад уладанняў князёў Мсціслаўскіх у Вялікім Княстве Літоўскім. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1500—1503) заняты рускімі войскамі і па Маскоўскім перамір’і (1503) увайшоў у склад Рускай дзяржавы. У XVI — сярэдзіне XVII стагоддзяў з’яўляўся памежным горадам, тут адноўлены земляныя ўмацаванні. У Смутны час захоплены польска-літоўскімі войскамі падчас інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай пачатку XVII стагоддзя і па Дэулінскім перамір’і 1618 года адышоў да Рэчы Паспалітай, дзе быў падараваны ва ўладанне буйному магнату М. Абрамовічу. У 1626 годзе атрымаў магдэбургскае права. У 1652 годзе заняты прыхільнікамі гетмана Б. Хмяльніцкага, у 1654 годзе стаў соценным горадам Старадубскага палка. У 1661 годзе спустошаны крымскімі татарамі, але неўзабаве адноўлены. Паводле Андрусаўскага перамір’я (1667) застаўся ў складзе Рускай дзяржавы. У 1708 годзе, падчас Паўночнай вайны (1700—1721), пацярпеў ад нападу шведскіх войскаў.
У 1708—1764 гадах у складзе Кіеўскай губерні, у 1764—1781 гадах — Маларасійскай губерні. У 1760 годзе падараваны ва ўладанне графу К. Разумоўскаму. Павятовы горад Ноўгарад-Северскага намесніцтва (1781—1796), Маларасійскай (1796—1802) і Чарнігаўскай (1802—1919) губерняў. У 1785 годзе гарнізон Мгліна пераведзены ў Чарнігаў, і горад страціў значэнне крэпасці. З 1884 года ў Мгліне праводзіліся 4 штогадовыя кірмашы. Эканамічнае развіццё горада рэзка замарудзілася пасля таго, як у 1887 годзе быў адкрыты рух па чыгуначнай лініі Бранск — Гомель, якая прайшла ў баку ад Мгліна.
Павятовы горад Гомельскай губерніРСФСР (1919—1922). Затым знаходзіўся ў складзе Клінцаўскага павета Гомельскай губерні (1922—1926), Бранскай губерні (1926—1929). Раённы цэнтр Заходняй (1929—1937), Арлоўскай (1937—1944) і Бранскай (1944—1963, з 1966) абласцей. 16 чэрвеня 1941 года акупаваны германскімі войскамі, вызвалены 22 верасня 1943 года падчас Бранскай наступальнай аперацыі.
Мглин // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 308. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.