Горад размешчаны ў вярхоўях ракі Унеча (басейн Дняпра), за 140 км на паўднёвы захад ад Бранска. Чыгуначны вузел.
Гісторыя
Заснаваны як пасёлак пры аднайменнай чыгуначнай станцыі Палескай чыгункі на лініі Гомель — Бранск (рух з 1887 года) у Расійскай імперыі. У 1900 адкрыты рух па вузкакалейнай лініі Унеча — Старадуб (у 1927 перашыта на шырокую каляіну).
У лістападзе 1917 года ўсталявана савецкая ўлада. У красавіку 1918 года занята аўстра-германскімі войскамі. У раёне Унечы дыслакаваўся Ленінскі полк, які ахоўваў дэмаркацыйную лінію. У верасні 1918 года ва Унечы М. Шчорс фарміраваў 1-ы Украінскі савецкі полк імя І. Богуна. Быў адкрыты рух па чыгуначнай лініі Унеча — Камунары.
Пасля правядзення ў 1929 годзе лініі Харкаў — Орша, Унеча становіцца значным чыгуначным вузлом. Раённы цэнтр Бранскай акругі Заходняй вобласці (1929—1937), Арлоўскай вобласці (1937—1944). З 1940 года горад.
Акупіравана германскімі войскамі 17 жніўня 1941 года. Занята савецкімі войскамі 23 верасня 1943 падчас Бранскай наступальнай аперацыі. З 1944 года раённы цэнтр Бранскай вобласці.
З верасня 1943 года да сакавіка 1944 года ў горадзе знаходзілася кіраўніцтва Беларускай чыгункі. З 1936 па 1951 гады станцыя Унеча знаходзілася ў падначаленні Беларускай чыгункі, тут змяшчалася кіраўніцтва ўнецкага аддзялення руху Беларускай чыгункі.