Юзаф Цыранкевіч (польск.: Józef Adam Zygmunt Cyrankiewicz; 23 красавіка1911, Тарнаў — 20 студзеня1989, Варшава) — польскі палітычны дзеяч. Прэм’ер-іністр ПНР у 1947—1952 і 1954—1970. Старшыня Дзяржаўнага савета ПНР у 1970—1972.
Член Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) у 1931—1948 гадах, дзеяч Саюза незалежнай сацыялістычнай моладзі. Па прафесіі журналіст. У 1935-39 сакратар Кракаўскага акруговага камітэта Польскай сацыялістычнай партыі. Падчас Другой сусветнай вайны паручнік Юзаф Цыранкевіч прыняў удзел у адбіцці ўварвання нямецкіх войскаў, быў членам падпольнай ваеннай арганізацыі Гвардыя Людова — Незалежнасць, Свабода, Роўнасць (Gwardia Ludowa WRN) з 1940 года ў складзе СВБ, вязень Асвенцыма і Маўтхаўзена ў 1942—1945 гадах. У 1945-48 генеральны сакратар ЦВК ППС. У 1946 міністр ва ўрадзе нацыянальнага адзінства; у 1947-52 прэм’ер-міністр. У 1948-72 член Палітбюро ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі. У 1952-54 віцэ-прэм’ер, у 1954—1970 старшыня Савета Міністраў, у 1970-72 старшыня Дзяржаўнага савета ПНР. З 1973 старшыня Усепольскага камітэта прыхільнікаў міру.
З 1948 года член ПАРП. Даўжэй астатніх у гісторыі Польшчы займаў пасаду прэм’ер-міністра. Лічыўся другім чалавекам у ПАРП. Адрозніваўся кансерватызмам. Падпісаў Варшаўскі дагавор ад імя ПНР. Падчас Польскага палітычнага крызісу 1968 актыўна падтрымліваў антысеміцкую кампанію, што падарвала яго ўласныя пазіцыі; калі Уладзіслаў Гамулка страціў пасаду 1-га сакратара ЦК ПАРП, у адстаўку вымушаны быў сысці і Цыранкевіч.
У 1946—1968 гадах быў жанаты з актрысай Нінай Андрыч.