У 1720—1721 гадах навучаўся ў Караляўцы. Абіраўся паслом на соймы 1732 і 1746 гадоў (ад Слонімскага павета[5]), таксама быў дэпутатам Галоўнага Трыбунала ў 1731 і 1742 гадах. У 1739 годзе атрымаў урад лоўчага вялікага літоўскага.
У 1737—1739 гадах браў актыўны ўдзел у працы камісіі па павелічэнні войска, беспаспяхова імкнуўся абкласці падаткам на войска радзівілаўскія «Нойбургскія маёнткі»[6]. Праз удалыя шлюбы значна павялічыў свае маёнткі, наблізіўся да магнацкай партыі Чартарыйскіх («Фаміліі») і стаў адным з найбольш заможных магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1746 годзе стаў ваяводам падляшскім, у 1752 годзе — падканцлерам вялікім літоўскім.
У 1756 годзе быў адным з ініцыятараў аднаўлення павятовых попісаў і Генеральнага з’езду Вялікага Княства Літоўскага. У 1757 годзе працаваў над перамір’ем Чартарыйскіх з Радзівіламі, у выніку чаго зблізіўся з апошнімі. Імкнуўся балансаваць паміж гэтымі дзвюма групоўкамі.
29 чэрвеня 1733 года ажаніўся з Кацярынай Людвікай (1718—1779), дачкой гетмана вялікага літоўскага Яна Казіміра Сапегі (пам. 1730) і Людвікі Апалінскай. У 1745 годзе развёўся з першай жонкай і ў другі раз ажаніўся з княгіняй Тэкляй Ружай (1703—1747), дачкой канцлера вялікага літоўскага Караля Станіслава Радзівіла (1669—1719) і Ганны Кацярыны Сангушкі (1676—1746). У 1748 годзе ў трэці раз ажаніўся з княгіняй Аляксандрай (1730—1798), дачкой кашталяна віленскага і канцлера вялікага літоўскага князя Міхала Фрыдэрыка Чартарыйскага (1696—1775) і Элеаноры Монікі Вальдштайн (1710—1792). Усе шлюбы былі бяздзетнымі.
↑Dyaryusze sejmowe z wieku XVIII. T.II. Dyaryusz sejmu z r.1746. Diaria comitiorum Poloniae saeculi XVIII i Diarium comitiorum anni 1748. Warszawa: wydał Władysław Konopczyński, 1912. S. 239.