Калінінград, (да 1255 — Тванкста, да 1946 — Кёнігсберг, традыцыйная беларуская назва — Каралявец) — горад на захадзе Расіі, адміністрацыйны цэнтр Калінінградскай вобласці. З Калінінграда да Берліна 500 км, да Масквы - больш за 1200 км. Насельніцтва 431,5 тыс. жыхароў (2010).
Перадгісторыя
Згодна з "Хронікай Прускай зямлі" (1326), да зруйнавання крыжакамі на месцы цяперашняга горада было прускае паселішча Тванкста (у нямецкім напісанні Tuwangste або Twangste). У 1255 годзе крыжакі зруйнавалі Тванксту, пабудавалі замак і назвалі новае паселішча ў гонар чэшскага караля Атакара ІІ "Каралеўскай гарой" (ням. könig "кароль", berg "гара").
У "Хроніцы" адзначаецца, што назва тванксцкага паселішча пайшла ад назвы лесу, які тут быў. Гэта была дэльта ракі Прэголі (Прэйгары), тут сцякаліся два з яе рукавоў, месца было выгоднае з абарончага гледзішча. Назву звязваюць з літоўскім tvankstyti "запруджваць", tvanka "запруда, сыпаны вал", і мяркуюць, што вядомыя тут пазней і пры немцах пруды былі створаныя яшчэ прусамі з абарончымі мэтамі[2]. Поўны адпаведнік прускай назвы — былы літоўскі тапонім Tvankstė (у зусім іншай частцы ЛІтвы, пад Панявежам). Літаральным перакладам прускай Тванксты было б, такім чынам, "Запруддзе".
Гісторыя
Заснаваны ў 1255 годзе крыжакамі Тэўтонскага ордэну. Горад стаў членам Ганзейскай лігі, з 1457 г. — галоўнай рэзідэнцыяй Тэўтонскага ордэну, з 1525 г. — мірской сталіцай Прускага герцагства. У розныя часы горад на непрацяглы час быў у складзе Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Кёнігсберг быў важным адукацыйным цэнтрам дзякуючы ўніверсітэту Альбертына, заснаванаму ў 1544 князем Альбертам Прускім. У 1701 князь Фрыдрых III быў каранаваны ў якасці караля Фрыдрыха I.
Пасля Першай сусветнай вайны горад разам з усёй Усходняй Прусіяй быў адрэзаны ад асноўнай тэрыторыі Германіі «Польскім калідорам».
У 1944 г. Кёнігсберг моцна пацярпеў ад брытанскага авіябамбавання і за некалькі дзён згарэў. У красавіку 1945 г. горад быў захоплены савецкімі войскамі, рэшткі нямецкага насельніцтва выгнаныя. Кёнігсберг разам з усёй Усходняй Прусіяй заселены перасяленцамі з Расіі, Украіны і Беларусі (беларусы складаюць да 8% насельніцтва) і ўведзены ў склад РСФСР. У 1946 годзе перайменаваны ў Калінінград у гонар бальшавіка Міхаіла Калініна. За савецкім часам Калінінград быў важным стратэгічным апорным пунктам савецкага флоту на Балтыйскім моры і быў закрыты для наведвання замежнікамі.
Калінінград — адзіны незамярзаючы расійскі порт на Балтыцы. У 1996 г. Калінінград быў абвешчаны асаблівай эканамічнай зонай. Цяпер тут вырабляецца кожны трэці расійскі тэлевізар, наладжаная зборка аўтамабіляў. Еўрапейская камісія мае адмысловы праект па падтрымцы рэгіёну і развіццю гандлю паміж Калінінградскай вобласцю і краінамі ЕС. Рэгіён дынамічна развіваецца, сукупны рэгіянальны прадукт расце тэмпамі, большымі, чым ува ўсіх іншых рэгіёнах Расіі і нават у суседніх краінах Еўропы.