Узнікла Лёзна ў канцы 15 ст. на землях Мікулінскай воласці. Назва, верагодна, паходзіць ад слова «лёзны» — чужы, нетутэйшы, прышлы. У 1514 годзе заваявана Маскоўскай дзяржавай, у 1526 годзе вернута ў склад ВКЛ. У канцы 16 ст. Лёзна разам з Мікулінскай воласцю ўваходзіла ў Віцебскі павет. 3 1625 года яно стала ўласнасцю князёў Агінскіх. У 1654 годзе ўзгадваецца як мястэчка. З 1772 года ў складзе Расійскай імперыі, цэнтр воласці Аршанскага павета. У 1786 годзе Агінскімі была пабудавана мураваная праваслаўная царква (разбурана ў 1961 годзе). Падчас вайны 1812 года ў Лёзна стаяў 2 тыдні 3-і корпус маршала М. Нея (гэтая падзея захаваў на сваім малюнку маёр французскага войска Х. У. Фабер дзю Фора «На біваку ў Ліёзна ў жніўні 1812 года»). У 19 — пач. 20 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка.
3 1831 года ў Лёзне праводзіліся 4 кірмашы штогод, былі развітыя сталярнае, сукнавальнае, гарбарнае, кравецкае рамёствы. У 1866—1867 гадах быў адкрыты рух па Рыга-Арлоўскай чыгунцы, якая прайшла праз мястэчка, у Лёзне пабудавана чыгуначная станцыя. У 1865 годзе адкрыта народнае вучылішча, а ў 1875 годзе пры чыгуначнай станцыі пачала дзейнічаць царкоўна-прыходская школа, якая ў 1887 годзе была рэарганізавана ў 4-класнае народнае вучылішча. 3 1870 г. Лёзна стала ўласнасцю Храпавіцкіх, пазней — А. І. Шабекі. У 1880-я у Лёзна 216 дамоў, 26 крам, размяшчалася валасное праўленне, працавала бальніца. У пач. 20 ст. — 11 цагляных і 1103 драўляныя будынка, 2 млына, 2 вучылішча, па-ранейшаму штогод праводзіліся 4 кірмашы.
У 1919 г. Лёзна ўвайшло ў склад РСФСР. 3 1924 года ў БССР, стала цэнтрам Лёзненскага раёна. З 27.9.1938 — гарадскі пасёлак. У час Вялікай Айчыннай вайны 17.7.1941 года Лёзна акупіравана гітлераўскімі войскамі, за час вайны акупанты загубілі тут 1,2 чал., Лёзна было спалена. 8 кастрычніка 1943 г. пасёлак вызвалены войскамі Калінінскага фронту.
Мясцовасць атрымала своеасаблівую вядомасць пасля меркаванага замаху на забойства тагачаснага кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнкі, які адбыўся 16.7.1994 непадалёк.
У пасёлку 2 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў.
Архітэктура і славутасці
Забудова
Рака падзяляе пасёлак на 2 часткі. Асноўны жылы масіў знаходзіцца на левым беразе Мошны. Рэгулярная сетка вуліц захавалася з 19 ст. У 1972 г. быў распрацаваны генеральны план гарадскога пасёлка. Новы генеральны план распрацаваны ў 1983 годзе. Цэнтр Лёзна забудаваны 3—5-павярховымі цаглянымі будынкамі. Ва ўсходняй частцы створаны мікрараён з 3—5-павярховых жылых дамоў. За чыгункай, у паўднёвай частцы, сфарміравалася прамысловая частка Лёзна. Вядзецца катэджавае будаўніцтва.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
Лиозно // Путеводитель по городам и районным центрам Республики Беларусь / сост. А. В. Варивончик [и др.]. — Мн., 2004. — С. 214—215.
Дударенко М. Л., Перечнев Ю. Г., Елисеев В. Т. и др. Освобождение городов: Справочник по освобождению городов в период Великой Отечественной войны 1941-1945. — М.: Воениздат, 1985. — 598 с. — 50 000 экз.(руск.)
Лёзна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 424. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.