Класічная Грэцыя — перыяд у гісторыі Грэцыі, які ахоплівае 5—4 стагоддзі да нашай эры, эпоха найвышэйшага росквіту поліснага ладу.
У выніку перамогі грэкаў у грэка-персідскіх войнах (500—449 да н.э.) адбываецца бурнае развіццё Афін, ствараецца Дэласкі саюз (на чале з Афінамі). Час найвышэйшай магутнасці Афін, найбольшай дэмакратызацыі палітычнага жыцця і росквіту культуры прыходзіцца на час праўлення Перыкла (443—429 да н.э.). Барацьба паміж Афінамі і Спартай за гегемонію ў Грэцыі і супярэчнасці паміж Афінамі і Карынфам, звязаныя з барацьбой за гандлёвыя шляхі прывялі да Пелапанескай вайны (431—404 да н.э.), якая завяршылася паразай Афін.
Скульптарамі-класікамі былі створаны вобразы дасканалых людзей у адзінстве іх духоўнай і фізічнай прыгажосці (скульптары Мірон, Паліклет з Аргаса, Алкаменам, Фідзій, Калімах, Скопас, Праксіцель, а таксама Лісіп, творчасць якога звязана і з наступным гістарычным этапам). Значная колькасць помнікаў старажытнагрэцкага мастацтва знойдзеныя на тэрыторыі былых антычных дзяржаў Паўночнага Прычарнамор'я.
Літаратура
У класічную эпоху асноўнымі літаратурнымі жанрамі сталі трагедыя і камедыя, асноўныя сюжэты якіх, як і ў архаічны перыяд, звярталіся да міфалогіі. Знакамітымі аўтарамі трагедыі былі Эсхіл (525—456 да н.э.) і Сафокл (497—406 да н.э.), а таксама Еўрыпід (480—406 да н.э.). Трагедыі Эсхіла вызначаюцца тытанічнай сілай сваіх вобразаў і вызваленчымі ідэямі, таму што паэт жыў у складаны перыяд барацьбы ў Афінах з тыраніяй. Да нас дайшлі толькі некаторыя з твораў паэта. Вядомая трагедыя Эсхіла — «Праметэй прыкаваны», якая стала класікай не толькі старажытнагрэчаскай, але і сусветнай літаратуры. Прызнаным камедыёграфам быў Арыстафан (445—385 да н.э.). Змест яго камедый складае сапраўдную энцыклапедыю тагачаснага грэчаскага жыцця («Мір», «Жанчыны ў народным сходзе», «Жабы» і інш.).