Хунта прыйшла да ўлады абапіраючыся на сваю барацьбу з «камуна-анархічнай» небяспекай, яе палітычная дактрына грунтавалася на прынцыпах карпаратывізму. Лідары хунты, як правіла, былі родам з бедных раёнаў і адчувалі непрыязнасць да «залішне ліберальных» поглядаў жыхароў буйных гарадоў, таму пад «камуністычнай небяспекай» яны разумелі ўсё, што не ўкладвалася ў рамкі іх традыцыйных уяўленняў — напрыклад, заходняя рок-музыка. Праводзіліся шырокія палітычныя рэпрэсіі з ужываннем катаванняў. У міжнародных адносінах кіраванне рэжыму прывяло да таго, што ў Грэцыі пагоршыліся адносіны з заходнімі краінамі, і асабліва і без таго напружаныя адносіны з даўнім геапалітычным супернікам — Турцыяй.
У 1967 г., пасля няўдалага манархічнага контрперавароту, хунта адхіліла ад улады караля і прызначыла рэгента — генерала Георгіяса Дзайтакіса, у 1972 г. абвясціла рэспубліку (прэзідэнтам стаў кіраўнік хунты Георгіяс Пападопулас, а пасля яго зняцця з пасады — Федан Гізікіс). У 1974 г., пасля правалу путчу на Кіпры, хунта была адхілена ад улады нарадай найстарэйшых палітыкаў Грэцыі пад фармальным старшынствам Гізікіса. Дзеячы хунты, за выключэннем Гізікіса, былі аддадзены пад суд і прысуджаны да смяротнага пакарання, якое пазней было заменена пажыццёвым зняволеннем.