Пабудаваны ў першай палове ХІХ стагоддзя. Яго уладальніцай да канца ХІХ стагоддзя, як і суседняга дома № 4, была таксама мяшчанка Хана Эцінген. Ёй належалі «драўляны дом на мураваным сутарэнні разам з дзвюма афіцынамі». У 1901 годзе гэты дом таксама набыў аўстрыйскі падданы Ківа Рапапорт, а ў 1909 годзе яго выкупіў мешчанін Айзік Вігдорчык. Тады фасады жылога дома першай паловы ХІХ ст. былі аздобленыя разным драўляным дэкорам з элементамі стылю мадэрн. На першым паверсе будынка знаходзілася невялікая пякарня, а таксама лаўка, дзе прадавалі свежы хлеб[1].
Архітэктура
Аднапавярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак на высокім бутавым цокалі пакрыты двухсхільным дахам. Сцены ашаляваны гарызантальна. Пад радам прамавугольных акон праходзіць пояс вертыкальнай шалёўкі, што надае фасадам дэкаратыўнасць. Дом — прыклад драўлянай жылой забудовы[2].