Стары адрас — вуліца Захар'еўская, 4; у 1896—1912 гадах — 6—8. Не пазней чым з 1895 года ўласнік участка — фабрыкант Перац Хаім Мееравіч. Двухпавярховы мураваны дом пабудаваны у 1899 годзе з прыбудовай (калідорам) і склепам[2].
Фабрыка абутку «Орел» Пераца месцілася ў 3-павярховым мураваным доме (1910) па гэтым жа адрасе, які размяшчаўся ў двары дома № 2 па сённяшняй вуліцы Савецкай і дома № 3 па вуліцы Бабруйскай. У 1-павярховай адрыне з 1897 года месцілася мазаічная фабрыка Пераца, адрына месцілася ў тым жа двары[3].
У 1902—1912 гадах ў доме месцілася аптэка, хіміка-бактэрыялагічны кабінет і лабараторыя правізара Каварскага А. В. (у 1913—1917 — Шмуйловіча Г. Б.), у 1915—1917 гадах — кабінет лекара-практыканта гарадскога радзільнага прытулку Ландау Эмануіла Ісакавіча, у 1917 годзе — 713 зводны палявы шпіталь[4].
У 1920 годзе Перацы выехалі за мяжу. У 1921 годзе маёмасць нацыяналізаваная савецкімі ўладамі[2]. У 1925—1926 гадах у доме месціцца працоўны калектыў Дрэвавугалю, у 1927—1928 гадах — Беларускае аддзяленне Дзяржаўнага выдавецтва РСФСР[4].
Двухпавярховы П-падобны ў плане будынак з 2 бакавымі рызалітамі на дваровым фасадзе. Галоўны фасад арыентаваны на лінію забудовы вуліцы. Паверхі падзеленыя шырокім прафіляваным поясам. 1-ы паверх дэкараваны глыбокім рустам, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, 2-і — пілястрамі па баках, вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі і сіметрычна размешчанымі балконамі. Уваходы з боку дваровага фасада. Унутраная планіроўка калідорнага тыпу. У архітэктуры праявіліся рысы эклектыкі.
На фотаздымках
Пачатак вуліцы Захар'еўскай, Чыгуначная капліца. Праваруч за кадрам дом Пераца
Пачатак вуліцы Захар'еўскай, Чыгуначная капліца. Праваруч за кадрам дом Пераца