Гаралае Балота — гістарычны раён Гомеля, на месцы якога цяпер знаходзіцца вуліца Перамогі. Тут было сапраўднае балота з густымі зараснікамі балотных раслін і хмызняку. Па балоце людзі ездзілі на лодках, выкарыстоўваючы яго як сродак зносін паміж маленькімі крывымі вулачкамі. Галоўнай сярод іх была Паштовая.
Дакладныя межы раёна акрэсліць праблематычна, бо ў краязнаўчых апісаннях пачатку ХХ ст. яны не ўказваліся[1]. Аднак з улікам іншай назвы раёна — Палескі пераезд[1] — і асаблівасцямі размяшчэння ўласна балота (планы Гомеля 1910, 1913 гг.[2][3]) можна меркаваць, што ён знаходзіўся ў акрэсе вул. Палескай, адрэзках вул. Магілёўскай, Паштовай, Генеральскай, Вакзальнай і ўчастка Лібава-Роменскай чыгункі ад вакзала да Палескага пераезда. Апроч іх да раёна адносіліся вул. Паваротная (Гусеўская), Веткаўская, Балотная, Безыменная, адрэзкі вул. Рагачоўскай, Артылерыйскай, Гімназічнай, Мінскай, Лібаўскай і завул. Слясарны[2][3].
Гісторыя
У XIX — пачатку XX стагоддзя Гарэлае Балота было сапраўдным балотам, назва якога фіксуецца не пазней за 1838 г.[4] Але ў дагістарычныя для горада часы на яго месцы было вялікае возера — верагодны пасляледніковы вадаём. Пясчаныя асадкавыя пароды, прынесеныя ў апошнюю ледавіковую эпоху, лёгка вымываліся некалькімі ручаямі або невялікімі рэчкамі, якія выцякалі з возера. 3 цягам часу рэчышчы гэтых вадатокаў ператварыліся ў значныя яры, асабліва глыбокія і крутыя на схілах высокага правага берага ракі Сож.
У 1911 г. мясцовасць вызначалася як «прыстойна распланаваная» і забудаваная добрымі дамамі, у некаторых з якіх мелася тэлефонная сувязь, але на вуліцах панавала жудасная гразь, вялікія лужыны гнілой вады не знікалі з некаторых вуліц нават улетку[1][5]. Уласна балота, як і стаўленне дя яго жыхароў раёна, каларытна апісваліся краязнаўцамі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Апісанне 1884 г.[6]
Адным бокам горад прылягае да смярдзючага балота, якое мае ці не вярсту ў перыметры, дзе, што ў сухмень, што ў дождж, заўсёдна пануюць шкодныя выпарэнні; але цэлыя статкі свіней знаходзяць там сабе цудоўную купальню.
Арыгінальны тэкст(польск.)
Z jednej strony miasto przytyka do cuchnącego błota, mającego blizko wiorstę w obwodzie, gdzie, czy to posucha, czy deszcz, wiecznie panują szkodliwe wyziewy; za to całe stado świń znajduje tam rozkoszną dla siebie kąpiel.
Тут жа, амаль у цэнтры горада, шырокае «гарэлае балота» густа парасло хмызняком, асакой, трыснягом. У ім купаюцца свінні, качкі, гусі, бабы палошчуць бялізну, дзятва ловіць чарапах! Абывацелі так ужо зрадніліся са сваім балотам, так прызвычаіліся да спеву жаб, што калі б «Гарэлае балота» высахла, яны абавязкова пашкадавалі б аб ім.
Арыгінальны тэкст(руск.)
Тут же, почти в центре города, обширное «горелое болото» густо поросло кустарником, осокой, тростником. В нем купаются свиньи, утки, гуси, бабы полощут белье, ребята ловят черепах! Обыватели так уже сроднились со своим болотом, так привыкли к пению лягушек, что если бы «Горелое болото» высохло, они непременно пожалели бы его.
Нягледзячы на тое, што на планах Гомеля 1910 і 1913 гадоў паўднёва-ўсходні канец балота ўпісваецца ў кут вул. Мінскай і Гімназічнай, яно часам перасягала гэтую адзнаку і праяўлялася нават на скрыжаванні вул. Генеральскай з Гімназічнай: у чэрвені 1911 года, без увагі на спёку звыш за +30 °C, там стаяла балота, дарма што распараджэннем гарадской управы мясціну адмыслова закладалі лазой[7].
Станам на 1913 год у меркаваным абшары раёна знаходзіліся таварная станцыя, фанеры завод Генахава і Хазанава, маслабойня Яшпана і Гурвіча, мукамольня З. Б. Пеўзнера ( з «узорнай паравой хлебапякарняй» і хлебнай крамай пры ёй[5]), будынкі 2-га рускага грамадскага сходу («общественного собрания») і яўрэйскага малітоўнага дома «Рош-Піно»[3].
У час Першай сусветнай вайны на базе фанернага завода Генахава размясціўся эвакуіраваны ў Гомель Варшаўскі гарадскі арсенал[8].
У перыяд Вялікай Айчынай вайны з’яўлялася месцам звоза падбітай тэхнікі. Пасля вайны было высушана і на яго месцы пабудаваны вуліца Перамогі (сёння — праспект Перамогі; часткова супадае з колішняй вул. Паштовай) і вакзал.
Галерэя
Гарэлае балота ў ваколіцах Гомеля, 1838 г.
Прывакзальны пляц, 1920 г. За будынкам справа ішоў завулак, які вёў да балота.