Амерыка — гістарычны раён горада Гомеля, былая яго ўскраіна. Меў асаблівую канфігурацыю, якую складалі вуліца Кавальная (цяпер Інтэрнацыянальная) (паўночны усход, усход і паўднёвы усход), Конная плошча (цяпер тэрыторыя Цэнтральнага рынку) (поўнач) і палатно Лібава-Роменскай чыгункі да адпаведнага вакзала (паўночны захад, захад, паўднёвы захад, поўдзень). Як праходзіў адзін з адрэзкаў мяжы на паўночным усходзе (вуліца Замкавая), у краязнаўчай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя не згадваецца[1]. Адзін з пачынальнікаў гомельскага краязнаўства Л. Вінаградаў прыводзіў у сваёй працы (1900 г.) варыянт назвы раёна — Новая Амерыка[2], варыяцыя якой — Нова-Амерыка — сустракаецца ў гомельскай прэсе пачатку ХХ ст.[3]
Спецыфіка крыніц, складзеных на рускай мове, не дазваляе меркаваць аб асаблівасцях вымаўлення гомельцамі асноўнай назвы ў часы яе бытавання, г.зн. невядома, існавала яна выключна ў форме «Америка» ці мела іншыя маўленчыя формы. Указанне на месцазнаходжанне ў азначаным раёне перадавалася па-руску канструкцыяй «на Америкѣ»[4].
Раён «Амерыка» сфарміраваўся ў 2-й пал. XIX — пач. XX стагоддзяў як своеасаблівая «рэспубліка», густа заселеная гарадской беднатой, рамеснікамі, рабочымі. У пачатку ХХ стагоддзя раён лічыўся цэнтрам гомельскіх меламедаў[1]. Тагачасныя публіцысты называлі «Амерыку» ў шэрагу мясцін Гомеля, дзе жылі катрыншчыкі[5].
З’яўленне найменняў тыпу «Амерыка», «Канада», «Новы свет», да ліку якіх адносіцца і гомельская Амерыка, на тэрыторыі Беларусі (сустракаецца таксама ў Польшчы і Прыбалтыцы) звязана з міграцыйным рухам за акіян[6]. Узнікненне метафарычнай унутрыгарадской назвы ў Гомелі, верагодна, абумоўлена спецыфічным складам насельніцтва, а таксама наяўнасцю шматлікіх прамысловых майстэрняў, невялікіх заводаў, кузняў і лясных двароў.
Разам з тым, знаходзіліся тут і ўстановы, дзейнасць якіх не была звязана з прамысловасцю: напр., кантора перыядычных выданняў Г. Л. Каганскага (вул. Кавальная, д. 12), дзе прымалася падпіска «на ўсе газеты і часопісы свету па рэдакцыйных цэнах» (1911 г.)[7]. Станам на 1913 г. у межах гомельскай Амерыкі знаходзіліся: чыгуналіцейны і машынабудаўнічы завод М. Фруміна і сыноў, прыказчыцкі малітоўны дом, танная сталоўка і прытулак для састарэлых яўрэйскіх мужчын і жанчын, дом яўрэйскага таварыства дапамогі бедным «Талмуд-Тора», павятовая рада земскай управы і Мікалаеўскі банк, «Ілюзіён» (кінатэатр) «Чыгуначны», чыгуначнае тэхнічнае вучылішча, жаночае царкоўна-прыходскае вучылішча «на память Мельниковых», старыя скасаваныя рымска-каталіцкія могілкі[8].
У лістападзе 1918 г. у адной з сінагог па вуліцы Кавальскай былі выяўлены тыфозныя хворыя з ліку бежанцаў, што знайшлі там прытулак. Гарадская ўправа неадкладна закрыла культавую ўстанову і зладзіла яе дэзынфекцыю, каб недапусціць пашырэння хваробы[9].
Цяпер тэрыторыя гэтай гарадской ускраіны размешчана ў Цэнтральным раёне горада. Яе забудова мяшаная: сучасныя жылыя кварталы перамяжоўваюцца з кварталамі індывідуальнай сядзібнай забудовы, але каларыт колішняй гарадской ускраіны у параўнанні з пачаткам 1990-х гадоў паступова страчваецца.
Галерэя
Дом Лейкіна і Бірбраера па вул. Кавальскай, да 1918 г.
Будынак на вул. Кавальскай, 1918 г.
Вул. Інтэрнацыянальная (былая вул. Кавальская), 1925 г.
Вакзал Лібава-Роменскай чыгункі, пачатак ХХ ст. Складаў паўночна-ўсходнюю частку мяжы гомельскай "Амерыкі".
Від на скрыжаванне вуліц Замкавай і Кавальскай, пачатак ХХ ст. Асноўная частка вул. Кавальскай знаходзілася налева ад рагавога будынка з вежачкай.
Будынак пачатку ХХ ст. на сённяшняй вул. Інтэрнацыянальнай, 2012 г.
Будынак пачатку ХХ ст. на сённяшняй вул. Інтэрнацыянальнай, 2012 г.
Будынак пачатку ХХ ст. на сённяшняй вул. Інтэрнацыянальнай, 2012 г.