Свісток — гістарычны раён Гомеля, былая ўскраіна ва ўсходняй частцы горада, на правым беразе ракі Сож. Умоўныя межы: вуліца Парыжскай Камуны, Сожская вуліца, якая пераходзіць у круты яр-спуск да ракі (на поўначы); гэты яр з'яўляўся мяжой з іншай гарадской ускраінай — Каўказам; вул. Набярэжная ўздоўж ракі Сож (на усходзе); вул. Пушкіна і Піянерскі парк (на паўднёвым захадзе). Асноўныя вуліцы (акрамя пералічаных): Арцёма (з Крушэўскім спускам), Валатаўская, Садовая, Сожская, Карла Маркса, завулак Пушкіна[1]. Краязнавец А. Рогалеў да Свістка яшчэ адносіць колішнія вуліцы Баярскую, Мільённую і барона Нолькена[2] (сучасныя — Білецкага, Баўмана і Ланге). Паказальна, што ў краязнаўчай літаратуры пачатку ХХ ст. межы Свістка выразна не акрэсліваліся[3].
Гісторыя
У аснове назвы ўскраіны метафарычнае пераасэнсаванне хадзячай мянушкі «свісток» (асноўным насельніцтвам гэтых кварталаў было гомельскае чыноўніцтва і афіцэрства). Па звестках 1909 г. вуліца Валатаўская мела паралельную назву «Свістоўская»[4].
У пачатку 20-га стагоддзя Свісток быў добра распланаваны і забудаваны. Згодна з апісаннямі таго часу прырода і прыгажосць гэтага раёна старога Гомеля не саступалі княжацкаму парку. Да 1911 года частка крутога берага Сожа ў раёне Свістка была добраўпарадкавана: разбіты сквер, пабудаваны летні тэатр, клуб, буфет. Маляўнічая панарама на засожскія прасторы прыцягвала жыхароў у гэтую частку горада. Берагавая круча ў раёне Свістка была месцам летніх гулянняў. У 1910-я гады планавалася правесці спуск па глыбокаму яру да рачнога заліва і абсталяваць прыстань для зімовай стаянкі параходаў і барак.
Цяпер былая гарадская ўскраіна ўваходзіць у склад Цэнтральнага раёна горада. Яна па-ранейшаму з'яўляецца адным з самых спакойных, зялёных і маляўнічых куткоў Гомеля. Алея на высокім рачным беразе ўздоўж вул. Набярэжнай — адно з месцаў адпачынка і масавых гулянняў гамяльчан. Забудова былога Свістка неаднародная. Пераважаюць 3—5-павярховыя будынкі 1950—70-х гадоў. Асобныя кварталы забудаваны сучаснымі 9-павярховымі дамамі. У паўночнай частцызахавалася індывідуальная забудова сядзібнага тыпу.
Цікавыя факты
13 (26) мая 1911 года на вуліцы Мільённай каля склада правіянту гімназіст VIII-га класа Міша Івіцкі, стрэліўшы сабе ў грудзі з рэвальвера, здзейсніў самагубства, якое стала рэзанансным не толькі ў Гомелі, але і ў іншых частках тагачаснай Расійскай імперыі[5][6]. Мяркуючы з перадсмяротных лістоў, «зрэзаны» на экзамене вучань спачатку збіраўся ўчыніць масакру, жадаючы «адпомсіціць за сябе і за іншых, але перадумаў і пастанавіў забіць толькі сябе»[5].
Галерэя
Вул. Мільённая ў раёне Гарадской думы, станам на 1916 г.
Жаночая гімназія на вул. Мільённай, пачатак ХХ ст.
Вул. Мільённая з краявідам «Паляўнічага дамка», станам на 1904 г.
Дом Грошыкава на рагу вул. Мільённай і вул. Баярскай, пачатак ХХ ст.
Будынак гарадскога духоўнага вучылішча, станам на 1912 г.
Т.зв. «Паляўнічы дамок» — сядзіба на былой вуліцы Ліпавай (сёння — вул. Пушкіна), выява пач. ХХ ст.
Узор заможнай сядзібы вуліцы Валатаўской (1897 г.).
Узор заможнай сядзібы вуліцы Валатаўской (1900 г.).
Зноскі
↑Аднясенне да Свістка часткі вуліцы Партовай, якое сустракаецца ў краязнаўчай літаратуры, варта лічыць памылковым: Партовая (колішняя Гоначная) адносілася да гомельскага раёна Каўказ.
↑Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2014. — С. 111.